Як зрабіць з першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага турыстычную цукерку? Чаго дагэтуль не хапае гораду для паломніцтва турыстаў? Свае парады і прапановы выказалі эксперты і неабыякавыя жыхары падчас афлайнавага ток-шоў «Турызм у Наваградку: як развіваць эфектыўна?», якое зладзілі грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» разам з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання SYMPA ў межах акцыі «Разам да справы!»

Толькі за апошнія 11 месяцаў Наваградак наведалі 66,5 тысяч турыстаў, з якіх амаль 23 тысячы — замежнікі, паведаміла загадчыца ддзела турызму Наваградскага райвыканкама, Кацярына Ківач. Турыстычны патэнцыял горада аспрэчыць цяжка, але як развіць тут турызм, для многіх дагэтуль балючае пытанне. У межах афлайнавага ток-шоў «Турызм у Наваградку: як развіваць эфектыўна?» у гасціннай карціннай галерэі Кастуся Качана сабраліся ініцыятыўныя жыхары, прадпрымальнікі, работнікі ўстановаў культуры і турызму, каб разам з экспертамі знайсці спосабы паспяховага развіцця рэгіёна.

Крок 1. Затрымаць турыстаў у горадзе

На жаль, Наваградчына дагэтуль застаецца рэгіёнам выключна экскурсійнага турызму, зазначыў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, які першым са спікераў выступіў на сустрэчы. Антон Астаповіч адначасова кіруе фірмай «Куфэрак падарожжаў», таму з уласнага досведу падзяліўся думкамі пра недахопы турызму ў рэгіёне.

«Прыязджаюць экскурсіі, паглядзелі аб’екты і з’ехалі. А трэба ствараць стратэгію, каб экскурсія прыехала і засталася тут на 2−3 дні. Прынцып турызму — гэта не паглядзець аб’екты, а ў першую чаргу эканоміка. Турысты прыехалі, і яны павінныя пакінуць грошы ў гэтым рэгіёне. Я важу аўтобусы і дагэтуль праблемай застаецца, дзе пасяліць экскурсію, куды звадзіць людзей у прыбіральню. Таксама адсутнічаюць уладкаваныя стаянкі для пікнікоў», — кажа эксперт.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

На пытанне размяшчэння турыстаў з залы адразу адказала адна з удзельніц мерапрыемства, архітэктар Таццяна Капытка, якая распавяла, што ў 2019 годзе ў Наваградку будзе ўводзіцца ў эксплуатацыю новы гатэль на 56 месцаў. Гэта прыватны бізнес, у якім будзе канферэнц-зала, трэнажорная зала і ўся неабходная інфраструктура, каб турыст мог прыехаць і спыніцца ў горадзе. Кацярына Ківач пры гэтым дадала, што на вуліцы Паштовай у наступным годзе адкрыецца хостэл. Апроч таго, было прынятае рашэнне аб выстаўленні на аўкцыён будынка былога гатэля «Навагрудак». «Гэты аб’ект прадаецца, і мы спадзяемся, што інвестар знойдзецца і што ў горадзе з’явіцца яшчэ адзін сродак размяшчэння турыстаў», — зазначыла Кацярына Ківач.

Крок 2. Падзейны турызм і інфармацыйная падтрымка

Юлія Каляда
Юлія Каляда

Сваімі парадамі на сустрэчы падзялілася таксама дырэктарка ГА «Велагродна», сябра грамадскай рады па развіцці турызму Гарадзенскага гарвыканкама Юлія Каляда.

«Я сама з Горадні, аднак у мяне асаблівыя стасункі з Наваградкам. Тут жывуць мае бацькі, бабулі і дзядулі. Таму я буду казаць пра горад, які ведаю не толькі праз інтэрнэт і не толькі па кніжках. Патэнцыял, які я магу прапанаваць, — гэта падзейны і спартыўны турызм. Калі я згадваю, што мяне асабіста ў дзяцінстве чапляла ў Наваградку, то ў галаву адразу прыходзіць: біятлон у спартыўным комплексе „Сялец“, конныя спаборніцтвы, аздараўленчы лагер у Адамполі, куды мае знаёмыя ўлетку адсылаюць дзяцей. Я ведаю, што набірае папулярнасць скандынаўская хадзьба. На мой вялікі жаль, архітэктура ў Наваградку — слабае месца, і яна хутчэй павінная быць прыдаткам да новых трэндаў горада. Гэта магчыма зрабіць, бо Наваградак — моладзевы горад. Тут ёсць тры навучальныя ўстановы. Ёсць моладзь, якая заўсёды прыўносіць свежыя ідэі. На жаль, у нашых навучальных установах моладзь жыве ўнутры, не выходзячы далей за актавую залу і кабінеты. Але сярод іх можна заўсёды праводзіць конкурсы, у тым ліку на турыстычную тэматыку, каб яны таксама прапанавалі нейкія ідэі», — кажа Юлія Каляда.

Апроч таго спікер заўважыла, што ўсе віды турызму павінныя быць лепш інфармацыйна прапрацаваныя.

«Сёння, калі загугліць „Наваградак“, то пашукавік нам выдасць у асноўным сцены Замкавай гары або Міцкевіча. І калі глядзець фота, то збольшага там проста будынкі. Аднак вельмі хочацца бачыць на здымках людзей, падзеі. Калі нават у сацсетцы „Укантакце“ ў пашукавіку тое самае ўбіць, мы атрымліваем цалкам іншы вынік. І мотапрабегі, і велапрабегі. Ёсць шмат мерапрыемстваў, якія нябачныя. Таму павінен рабіцца большы акцэнт на анансаванні падзеяў. Бо турыст — гэта не толькі замежнік. Нават сярод маіх знаёмых ёсць людзі, якія ніколі не былі ў Наваградку, і яны пытаюцца, што глядзець. Сцены? Я іх у інтэрнэце паглядзеў. Патрэбныя цікавыя падзеі і іх анонсы усюль, дзе толькі магчыма», — кажа Юлія Каляда.

У сваю чаргу інфармацыйную падтрымку прапанавала арганізатарка мерапрыемства, каардынатарка грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» Святлана Чакушка.

Святлана Чакушка
Святлана Чакушка

Крок 3. Пошук рэгіянальных брэндаў

Як выказаўся трэці спікер на сустрэчы, старшыня Беларускага саюза дызайнераў Зміцер Сурскі, вельмі важна таксама развіваць маленькія ініцыятывы, адметныя ў рэгіёне.

Зміцер Сурскі
Зміцер Сурскі

«Трэба не толькі ствараць манументы і помнікі, можна быць цікавым і чалавечымі адметнасцямі. Прасоўваць прыватныя музеі і калекцыі, асобных майстроў і рамеснікаў, проста людзей, якія могуць цікава распавядаць гісторыю горада, людзей, якія памятаюць даўніну. Патрэбныя рэгіянальныя фестывалі, рыцарскія турніры. Чаго не хапае Наваградку? Не хапае старадаўнасці, бо ўсё пафарбаванае, і будынкі выглядаюць лялечнымі. Горад мае цудоўную гісторыю, а ўсё выглядае як тэатральная дэкарацыя. Па-другое, усё акружанае гэтымі платамі жудаснымі, аграгламурнымі. Давайце зробім конкурс для дызайнераў, для студэнтаў на найлепшы плот», — кажа дызайнер.

У якасці рэгіянальнай адметнасці і мінібрэнду Антон Астаповіч прапанаваў больш рэкламаваць наваградскія медавуху і сідр, якія разліваюць у краме мясцовага піўзавода. Адзін з прысутных краязнаўцаў прапанаваў аднавіць даўнюю чыгунку, якая ішла паміж Наваградкам і Любчай. Апроч таго, падалі прапановы зрабіць большы акцэнт на яўрэйскай гісторыі горада, каб прыцягваць турыстаў з Ізраіля. Кацярына Ківач дадала, што іх аддзел адкрыты да новых прапановаў і ў выпадку ідэй і пытанняў, хоць не заўсёды, можа прадставіць фінансавую падтрымку, дапамагчы парадамі ды кансультацыяй.

Зміцер Бартосік
Зміцер Бартосік

P. S. Вядомы наваградскі гісторык Мікола Мікалаеў, які не змог прысутнічаць на ток-шоў, напісаў: «Пасля 40 гадоў пражывання ў Расіі Мікола Нікалаеў прыйшоў да высновы: рускаму турысту на Беларусі цікавае не тое, „што як у нас“, а тое, чаго ў Расіі няма. Цікавіць беларуская культура. Калі замест беларускай культуры ён сустракае русіфікаваны „савок“ — гэта нецікава, больш не паедзе, іншым не парадзіць. Таму каб быць турыстычна прывабнымі — будуйце сваё простае беларускае жыццё і гэтым будзеце цікавымі для іншых!»