Вапы старога Гродна. Да 70-годдзя Наталлі Канюк

30 снежня 2018 года магло споўніцца 70 гадоў гісторыку, краязнаўцу Наталлі Рыгораўне Канюк, якая любіла Гродна шчыра і аддана, фанатычна, да самазабыцця. Апошнія гады жыцця Наталля Канюк прысвяціла працы ў гродзенскіх архівах і стварэнню публікацый пра мінулае нашага горада. Блізкі сябар Наталлі Алена Мішанёва падрыхтавала адзін з апошніх матэрыялаў краязнаўцы, які так і не быў апублікаваны.

Работы Наталлі Канюк на тэмы гісторыі, горадабудаўніцтва і архітэктуры публікавалі гарадскія газеты і інтэрнэт-выданні. Сабраны матэрыял заўсёды быў пазнавальным і займальным, здзіўляў чытача разнастайнасцю гістарычных фактаў, а карціны з жыцця горада літаральна паўставалі перад вачыма. Наталля Рыгораўна валодала літаратурным талентам.

Большая частка яе артыкулаў увайшла ў зборнік «Хранитель Жилибертии» (выдавецтва «ЮрСаПрынт», 2017). Таксама нельга не ўспомніць яе актыўны ўдзел у стварэнні Музея Гродзенскай турмы №1, музейнага пакоя інфекцыйнай бальніцы, Музея Сяброўства народаў у СШ №8, у складзе журы гульні «Я этим городом храним» і, вядома, у адраджэнні батанічнага саду Жылібера, ініцыятарам якога яна з’яўлялася.

На жаль, праект батанічнага саду не быў рэалізаваны, як і іншыя прапановы Наталлі Канюк па аднаўленні гістарычных традыцый Гродна, а менавіта – пашырэнне калекцыі раслін і тэрыторыі пасадак, стварэнне ў былой Медыцынскай Акадэміі аранжарэі для экзатычных раслін, «зялярні», Музея памяці прафесара Жылібера, аптэкарскага агарода. Здавалася б, прыцягненне турыстаў – адна з найважнейшых задач для горада і на паверхні ляжыць ідэя ўзнаўлення гістарычнай славутасці.

[irp posts=”93506" name=”Кітайцы адмовіліся купляць будынак медыцынскай акадэміі? Чарговы аўкцыён па продажы не адбыўся”]

Вапы старога Гродна. Да 70-годдзя Наталлі Канюк

У памяць аб Наталлі Канюк публікуецца яе артыкул.


Вапы старога Гродна

Мы шмат разоў чулі пра туманна-шэры Лондан, белакаменную Маскву, зіхатлівыя вясёлкавым і залатым бляскам фантастычныя гарады А.Грына.

Якога колеру наш горад?

Да нядаўняга часу ўсе аднадушна называлі яго зялёным. Як вядома, зялёны колер – колер жыцця. Варта толькі паглядзець на яшчэ некаляровыя фатаграфіі даваенных і пасляваенных дзесяцігоддзяў, як стане ясна: дрэвы, якія стаялі паабапал вуліц, стваралі суцэльны калідор.

[i[irp posts=”94756" name=”Смотри и плачь! Какой зеленый был Гродно когда-то (а теперь совсем лысый)”]p>Зеляніна спрэс хавала ад цікаўнага погляду прыгажосць архітэктурных формаў будынкаў розных стыляў, пачынаючы з 18 стагоддзя, затое дарыла прахалоду ў летнюю спёку і абараняла мінакоў ад непагадзі. Прыватныя домікі за межамі цэнтра, амаль непрыкметныя з боку вуліцы, патаналі ў раскошы садоў. Увесну там панавала бела-ружовая пена квітнеючых яблынь, сліў і груш, а месцамі лілова-фіялетавыя водбліскі бэзу. Але царства флоры з цягам часу саступіла месца архітэктуры – самаму блізкаму да чалавека мастацтву.

Вапы старога Гродна. Да 70-годдзя Наталлі Канюк
Дрэвы на вуліцы Ажэшкі. 1966 г.

Гродна 16-17 стагоддзяў на даўніх гравюрах

На жаль, мы не маем выявы горада ў 12-15 стагоддзях, каб судзіць аб яго каларыце. Вядома, што зялёны масіў лісцяных і іглічных лясоў абступаў нешматлікія пабудовы на берагах Нёмана і Гараднічанкі. Чырвона-карычневымі плямамі вылучаліся на высокіх плато Каложа, фара Вітаўта і Стары замак, жаўцелі цэглай адзінкавыя пабудовы, шарэлі пад стрэхамі з драніц драўляныя домікі.

Дзякуючы карціне Іагана Адельгаўзера і зробленай з яе гравюры Цюндта (1567-1568 г.), а затым гравюры Тамаша Макоўскага (1600) – абедзве размалёваныя ад рукі, мы бачым Гродна перыяду 16-17 стагоддзяў. Макоўскі прадставіў правабярэжжа горада з каскадам дамоў, што спускаліся да Нёмана настолькі шчыльнай забудовай, што, да здзіўлення аўтара, атрымалася налічыць толькі 11 дрэў, якія растуць непадалёку на схілах узгоркаў. У той перыяд, як відаць, дамінавала архітэктура.

Вапы старога Гродна. Да 70-годдзя Наталлі Канюк
Гравюра Макоўскага

Каралеўскі горад часоў Панятоўскага і Тызенгаўза

Цэнтральныя вуліцы і плошчы Гродна ў 18 стагоддзі нагадвалі заходнееўрапейскія. Спакойны тон фахверкавых дамоў з белымі плоскасцямі фасадаў, раскрапаваных геаметрычным узорам карычнева-чорных бэлек, перамяжоўваўся з пасрэдным шэрым колерам драўляных пабудоў. Аж да 19 стагоддзя звонку хаты не фарбавалі. У кнізе Ю.Гардзеева “Магдэбургская Гародня» няма ніводнага імя рамесніка-маляра ў 16-18 стагоддзях, хаця ўнутраная афарбоўка памяшканняў рабілася, несумненна, як у палацавых пакоях, так і ў дамах шляхты. Размалёўка сцен і столяў была справай мастакоў.

Каларыт губернскага Гродна 19 – пачатку 20 стагоддзя

Пасля ўтварэння у 1802 годзе Гродзенскай губерні наш горад атрымаў у ёй цэнтральнае месца. Архітэктары сталі прытрымлівацца правілаў, устаноўленых ва ўсёй Расійскай імперыі. Фасады дамоў паводле спецыяльнага ўказу губернатара афарбоўвалі ў выключна светлыя адценні ружовага, блакітнага, шэрага, зялёнага, белага і охравага колеру. З’явіліся цёмна-бардовыя і цёмна-зялёныя дахі.

Каларыт горада выдатна перадаў Напалеон Орда ў акварэлі 1867, дзе жоўтая цэгла і чырвоная чарапіца дахаў замкаў і дамоў, зялёны дах і белыя вежы касцёлаў гарманічна спалучаюцца з зелянінай пірамідальных таполяў і шырокіх крон пладовых дрэў.

Вапы старога Гродна. Да 70-годдзя Наталлі Канюк
Акварэль Напалеона Орды

Сакрэты Гродзенскіх маляроў

Якасці прыгатаваных фарбаў у нас надавалі асаблівае значэнне. Па-першае, яны рабіліся майстрамі непасрэдна перад ужываннем, па-другое, з найлепшай сыравіны, таму і не гублялі колер, не цямнелі, не пашкоджваліся ад непагадзі гадамі. У тыя часы выдатна ведалі: дурны плаціць двойчы. Дрэнная фарба і нядбайная праца прыводзяць да неабходнасці частага абнаўлення фасадаў, а таму рабілі ўсё як мае быць. Мастацтва складання колераў свята захоўвалася ў таямніцы і перадавалася ад бацькі да сына.

Пяцьдзясят інгрэдыентаў і незвычайныя колеры

У сярэдзіне 19-га стагоддзя пры рамонце будынкаў Гродзенскай мужчынскай гімназіі па вуліцы Саборнай (цяпер вул. Савецкая, 8) выкарыстоўвалася для ўнутранага і знешняга аздаблення больш за пяцьдзясят кампанентаў. Самымі звычайнымі, даступнымі, таннымі і… ядомымі былі: малако, мука, соль, сала, крухмал, спірт. У ход ішлі нашатыр, шкіпінар, смолка і галын. Для варэння пакосту ўжывалі розныя алеі: ільняны, драўляны, канапляны.

З нязвыклых для нас матэрыялаў ужывалі: зільбергліт, мядзянку, бакан, браншвейг, шыфервейс, круцік, лаўру, малахіт, прозелень, травянку, умбру, сурык, чэрлядзь, галубец, шышгельб. Рыбін, сталярны і шубій клей давалі патрэбную трываласць афарбоўцы,
а бляск надавалі лакі: белы бурштынавы, капалавы і спіртавы. Не паскупіліся і на кніжку сусальнага золата ў лістах, якая абышлася ў 5 рублёў (для параўнання: адзін воз гліны ў той час каштаваў 28 капеек, воз пяску – 29 кап.).

Угадай, якога колеру?

Сегодня ставят в затруднение и удивляют применявшиеся в начале 20 века устарелые названия более чем 170 красок и оттенков. Среди них встречаются необычные: «Веселая вдова» – оттенок розового, «Гусиный помет» – желто-зеленый с коричневым отливом, «Дикий» – цвет небеленого холста, «Жандарм» – оттенок голубого, «Рвота императрицы» – оттенок коричневого, «Сюрприз дофина, или Детской неожиданности».

Сёння здзіўляюць ужываныя ў пачатку 20 стагоддзя састарэлыя назвы больш чым 170 фарбаў і адценняў. Сярод іх сустракаюцца незвычайныя: “Вясёлая ўдава” – адценне ружовага, «Гусіны памёт» – жоўта-зялёны з карычневым адлівам, «Дзікі» – колер нябеленага палатна, «Жандар» – адценне блакітнага, «Ваніты імператрыцы» – адценне карычневага, «Сюрпрыз дафіна, або Дзіцячай нечаканасці».

Згодна даўнім традыцыям

Час ідзе сваёй чаргой, але і сёння мы аддаем перавагу спакойным і пяшчотным адценням, якія панавалі ў афарбоўцы фасадаў цэнтральнай часткі старога горада, згодна гістарычным канонам, якія склаліся ў 19 стагоддзі. Зялёная складовая частка горада ў пасляваенны перыяд пастаянна змянялася. Масавыя пасадкі эндэмікаў саступілі месца ў 60-я гады вельмі пладавітым амерыканскім клёнам і жаночым асобінам таполяў, якія выклікаюць алергію. Густыя бяспланавыя і хаатычныя пасадкі бяроз 70-х гадоў можна і сёння ўбачыць перад СШ №2 па вуліцы 17 Верасня.

Пачатак 21 стагоддзя адзначыўся выкараненнем старых асобнікаў, пашкоджаных часам і заменай іх маладымі. Пачалася акцыя па ратаванні каштанаў і іглічных. З’явіліся дрэвы з мудрагеліста сфармаванымі кронамі і мора кветак, а ў адроджаным у 2011 годзе Батанічным садзе гарадскога парку імя Жылібера – дзясяткі экзатычных і рэдкіх раслін. Наш горад будзе такім, якім яго зробім мы: чыстым, зялёным, утульным і прывабным для турыстаў.


[irp[irp posts=”90923" name=”Улады Гродна: Батанічнага саду ў парку Жылібера не будзе”]v class="mistape_caption">

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: