Аўкцыён па продажы былога будынка медыцынскай акадэміі на вуліцы Ажэшкі і шэрагу іншых старых пабудоў у цэнтры Гродна, запланаваны на 15 лістапада, чарговы раз не адбыўся — не знайшлося пакупнікоў.

Ужо год цікавасць да будынка былой медыцынскай акадэміі праяўляюць кітайскія інвестары. Яшчэ 10 жніўня паміж кіраўніцтвам Гродна і прадстаўнікамі кітайскай правінцыі Ганьсу быў падпісаны мемарандум аб рэалізацыі сумеснага праекта па рэканструкцыі гістарычнага будынка ў цэнтры Гродна пад турыстычны комплекс. Паміж бакамі ўжо нават абмяркоўваўся праект магчымых работ.

Будынак планавалі перапрафіляваць пад гасцінічна-турыстычны комплекс з рэстаранамі і офісамі. У адным з офісаў павінны былі займацца кітайскім медыцынскім масажам, а на тэрыторыі комплексу планавалася пабудаваць некалькі будынкаў у кітайскім архітэктурным стылі, што павінна было дазволіць убачыць гэтую далёкую краіну ў мініяцюры.

Як паведамілі ў камітэце дзяржаўнай маёмасці Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта на аб’екты не знайшлося пакупнікоў, таму аўкцыён 15 лістапада не адбыўся.

Стартавая цана для медакадэміі павінна была скласці 2 315 767 рублёў 18 капеек, памер задатку — 232 000 рублёў. Пакупнік павінен будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства, правесці капрамонт або рэканструкцыю будынкаў і ўвесці іх у эксплуатацыю не пазней, чым праз чатыры гады з дня заключэння дагавора куплі-продажу. Магчыма рэканструкцыя пад аб’ект адміністрацыйнага або культурна-асветніцкага прызначэння.