На працягу паўгода сваякі мужчын, якія загінулі ў вайне супраць Украіны, прыязджалі ў Беларусь – тут яны праходзілі праграмы псіхалагічнай і духоўнай рэабілітацыі. Заязджалі і ў Гродна – аднаўляліся ў санаторыі «Азёрным». Hrodna.life даведаўся, хто дапамагае сем’ям расійскіх ваенных патрапіць на адпачынак у Беларусь.

Аквапарк для дзяцей і падтрымка жанчын: як сем’і байцоў “СВА” аднаўляліся ў Гродне

Бранчанка Наталля Смалко з трыма дзецьмі правяла тыдзень у Гродне ў жніўні 2025. Для сям’і гэта быў курс псіхалагічнай рэабілітацыі пасля таго, як муж Наталлі “па-геройску загінуў, абараняючы радзіму”. Гэтымі словамі называюць ягоны ўдзел у ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Сям’я Смалко свае рэабілітацыйныя два тыдні правяла ў папулярным санаторыі “Азёрны” ў Азёрах, што ў 20 км ад Гродна. Для іх былі даступныя саляныя пакоі і лячэбныя кактэйлі ў санаторыі, а таксама аквапарк.

Без уліку скідак, суткі ў двухмесным нумары абышліся б сям’і ў 364-390 руб., але паездку для расіян арганізавалі у рамках спецпраекта па падтрымцы сем’яў, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

— У нас няма сацыяльных пуцёвак і бясплатных [праграм] увогуле нікому, — запэўнілі журналістаў Hrodna.life (супрацоўнік рэдакцыі прадставіўся асобай, зацікаўленай у пуцёўцы для члена сям’і байца “СВА”) у «Азёрным».

ТТым не менш сям’і Смалко ўсё ж удалося трапіць на адпачынак у санаторый. Для гэтага расіяне звярнуліся у рэгіянальнае аддзяленне Сусветнага рускага народнага сабора (СРНС), арганізацыі пры Рускай праваслаўнай царкве, якая сваёй задачай бачыць аб’яднанне “рускіх людзей”.

Яго кіраўнік “аператыўна звязаўся з беларускімі калегамі і арганізаваў паездку”.

Сусветны рускі народны сабор – арганізацыя, створаная ў 1993 годзе пад эгідай Рускай праваслаўнай царквы, якая прапагандуе ідэі «рускага свету». Напрыклад, на форуме “Рускі свет” у ліпені 2024 года ў Крыме арганізацыя абмяркоўвала “механізмы палітычнага, навуковага і прававога прызнання і замацавання дактрыны трыадзінства рускага народа” і “мэты СВА ў кантэксце супрацьстаяння Расіі і калектыўнага Захаду”. Таксама на гэтым форуме абмяркоўвалі «нацысцкі характар ​​кіеўскага рэжыму» і вяртанне жыхароў Украіны ў «рускую цывілізацыйную прастору».

Вярнуўшыся з рэабілітацыі Наталля адзначыла, што калектыў “Азёрнага” стварыў “цёплую атмасферу”. “Мы адчувалі, што пра нас сапраўды клапоцяцца”, – распавяла расіянка. 

“Клопат і падарункі” ад ігуменні Гаўрыілы

На здымку, зробленым у жніўні 2025 года, ігумення Гаўрыіла, настаяцельніца Гродзенскага Ражджаства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра, абдымае двух хлопчыкаў, якія ўсміхаюцца. Іх бацька загінуў на фронце.

Побач стаіць дзяўчынка-падлетак, чый бацька таксама ваяваў супраць Украіны. Сайт СРНС паведамляе, што яе 23-гадовы брат, “пасля ранення і кантузіі, нягледзячы на ​​страту бацькі, зноў вярнуўся на фронт”.

Цёплая сустрэча з ігуменняй Гаўрыілай і адпачынак у санаторыі "Азёрны". Як сем'і расійскіх ваенных трапляюць на рэабілітацыю ў Гродна?
Ігумення Гаўрыіла з сем’ямі расійскіх ваенных. Фота: vrns.ru

«З першых хвілінаў знаходжання на беларускай зямлі госці акунуліся ў душэўную атмасферу клопату, – піша аўтар. – Пасля цёплых зносін у манастыры, пачастункаў і падарункаў мамы з дзецьмі адправіліся ў санаторый «Азёрны» на адпачынак. Ім трэба прайсці курс духоўнага і фізічнага аднаўлення».

У кастрычніку 2024 ігумення Гаўрыіла наведала II Усерасійскі форум Сусветнага рускага народнага сабора ў Санкт-Пецярбургу. Там ёй уручылі грамату ад расійскага войска, а таксама падзякавалі за дапамогу вайскоўцам батальёна РЭБ (падраздзяленне радыёэлектроннай барацьбы), які ўдзельнічае ў вайне Расіі супраць Украіны.

Форум у Пецярбургу праходзіў пад слоганам “фарміраванне нацыянальнай ідэі суверэннай Расіі”. Гаўрыіла выступала там з расповедам пра поспехі супрацоўніцтва дзяржавы і царквы ў Беларусі.

Рэдакцыя Hrodna.life спрабавала звязацца з ігуменняй Гаўрыілай, каб задаць пытанні наконт яе ўдзелу ў праграмах рэабілітацыі для сем’яў расійскіх ваенных. Гаўрыіла не адказала на наш званок.

Ці будуць расіяне і далей ехаць у Гродна?

Непасрэднай адпраўкай бранскіх сем’яў у Гродна займаўся Міхаіл Іваноў – намеснік кіраўніка Сусветнага Рускага народнага сабора і член партыі “Адзіная Расія”. На яго старонцы «Вконтакте» суседнічаюць публікацыі аб заключэнні кантракту з войскам РФ і малітва святому Панцеляймону аб здароўі блізкіх.

Пазней на сваёй старонцы Іваноў апублікаваў пост аб выніках паўгадавой праграмы рэабілітацыі сем’яў расійскіх ваенных. Паводле справаздачы, арганізатарам удалося “прыдумаць унікальную форму, каб чалавек зрабіў першы крок з туману бясконцага болю”.

Цёплая сустрэча з ігуменняй Гаўрыілай і адпачынак у санаторыі "Азёрны". Як сем'і расійскіх ваенных трапляюць на рэабілітацыю ў Гродна?
Міхаіл Іваноў (злева). Фота: “Вконтакте”

Месцам рэабілітацыі выбралі Беларусь, таму што “святло брацкага народа адціскае цемру бяды”. За час праграмы рэабілітацыю прайшлі 33 жанчыны, 24 дзіцяці і трое бацькоў “загінуўшых салдат”. З іх як мінімум дзве сям’і наведалі Гродна.

Адпраўку расіян у Беларусь курыруе не толькі СРНС

Праграмы рэабілітацыі для членаў сем’яў расійскіх ваенных на тэрыторыі Беларусі спрабавалі рэалізаваць не аднойчы. Увосень 2025 года “Усеваладскія весці” пісалі аб “канструктыўных перамовах” з выканкамам Магілёўскай вобласці – абмеркавалі планы па прадастаўленні комплекснай медыцынскай і рэабілітацыйнай падтрымкі для больш чым 800 расійскіх ваенных і іх сем’яў.

У межах іншай праграмы рэабілітацыі, якой займаецца расійская некамерцыйная арганізацыя Цэнтр крызіснай псіхалогіі і сацыяльнай рэабілітацыі, планавалася прывезці як мінімум 60 сваякоў расійскіх ваенных. У прыярытэце былі жыхары прыгранічных абласцей Расіі: Бранскай, Курскай, Белгарадскай і Варонежскай.

Патрэбна дапамога: муж загінуў на вайне

Жанчыны з дзецьмі цягнуць чамаданы – колцы заселі паміж пліткамі і выдаюць рэзкі гук. У 2025 годзе сем’і прыехалі з Бранска ў Беларусь, каб прайсці тую самую праграму псіхалагічнай рэабілітацыі для жыхароў памежных абласцей Расіі.

Цёплая сустрэча з ігуменняй Гаўрыілай і адпачынак у санаторыі "Азёрны". Як сем'і расійскіх ваенных трапляюць на рэабілітацыю ў Гродна?
Сваячкі расійскіх ваенных на вакзале ў Мінску – прыехалі на праграму псіхалагічнай рэабілітацыі. Фота: center-crisis.ru

Марыя Бацюшкіна ўзяла з сабой двух дзяцей – жанчыне патрэбна дапамога, таму што яе муж загінуў на «СВА». Муж Алены Крывашэевай таксама памёр, ваюючы на ​​баку Расіі.

Цягам двух тыдняў расіянкі аднаўляліся ў храмах і на групах псіхалагічнай падтрымкі. “Псіхолагі вельмі добрыя – ім блізкая боль ад душэўнай страты”, – уздыхала Алена.

Жанчыны дадавалі, што праграму аднаўлення для сем’яў байцоў “трэба прасоўваць і далей”, бо паездка ў “іншую рэспубліку” і змена абстаноўкі вельмі ім дапамаглі.

Беларускія арганізацыі таксама ўдзельнічаюць у праграмах рэабілітацыі

Сярод галоўных задач гэтай праграмы: сфарміраваць у сем’яў новыя пазітыўныя ўражанні, прапрацаваць страту і перажыць гараванне.

Але Цэнтр крызіснай псіхалогіі і сацыяльнай рэабілітацыі не працуе паасобку. У яго ёсць партнёры, якія дапамагаюць адпраўляць сем’і ў Беларусь. 

Сярод іх — «Россотрудничество» (арганізацыя, якая, у тым ліку курыруе «Рускія дамы» ў Беларусі),Пасольства Расіі ў Беларусі, дзяржаўны фонд «Защитники отечества», а таксама грошы з расійскага Фонду прэзідэнцкіх грантаў. Ёсць і беларускія партнёры: фонд Аляксея Талая і мінскі філіял Расійскага сацыяльнага ўніверсітэта.

На сайце Цэнтра пішуць, што партнёры дазваляюць не толькі аб’ядноўваць рэсурсы, але і “дасягаць пастаўленых мэт”. Да гэтых задач падыходзяць комплексна. Напрыклад, святары дапамагаюць жанчынам эмацыйна стабілізавацца, а Аляксей Талай выступае як “спікер-матыватар – кажа не як тэарэтык, а як практык”.

Расійскія медыя перасталі хаваць, што сем’і загінулых едуць у Беларусь на “адпачынак”

Раней адшукаць дадзеныя, ці праходзяць расійскія ваенныя і іх сваякі рэабілітацыю ў Беларусі, было няпроста. Інфармацыю пра дакладнае месцазнаходжанне паведамлялі незалежныя медыя, якім пры падтрымцы хакераў удавалася атрымаць доступ да закрытых баз.

У верасні 2026 расійскія дзяржаўныя медыя пачалі адкрыта пісаць, у якіх менавіта санаторыях Беларусі аднаўляюцца расійскія вайскоўцы і іх сваякі.

«Адпачываю з мужам у санаторыі «Бярэзіна», — расказвала маці загінулага байца СВА Надзея. – Гэта ў Мінскай вобласці, у вёсцы Гута. Працэдуры, увага супрацоўнікаў – усё выдатна. Надвор’е радуе, вакол прыгожая прырода, паветра цудоўнае. Кожны дзень нешта адбываецца – фільмы, караоке, танцы, прагулкі, экскурсіі. Пакоі прасторныя, усё ёсць, усё чыста і акуратна, харчаванне сытнае і смачнае. Мы ўпершыню ў рэспубліцы – і нам вельмі падабаецца».

Чытайце таксама: Ад чаявання з баранкамі да песень пра «герояў СВА». Як Рускі дом прыносіць у Гродна рускі свет