У Threads гродзенка распавяла, што пасля двух гадоў выкарыстання абутку на ім з’явілася трэшчына. Але ў магазіне ёй адмовілі ў вяртанні сродкаў па гарантыі. Экспертызу правялі, але заключэнне не аддалі. Hrodna.life разабраўся, на чыім баку заканадаўства.

Гараджанка купляла красоўкі фірмы “Мегатоп”. Калі да заканчэння двухгадовага гарантыйнага тэрміну заставалася некалькі дзён, гродзенка вырашыла здаць абутак – на падэшве з’явілася трэшчына, «пятка крышылася кавалкамі».

«У краме на Савецкай у звароце грашовых сродкаў адмовілі, аргументавалі, што фізічны знос. Тыдзень красоўкі былі на “экспертызе”, па выніку аддалі красоўкі і ніякага заключэння экспертызы. Аднесла ў краму ў Кароне. Там узялі на экспертызу. Ёсць увогуле шанец, што грошы вернуць?» — цікавіцца аўтарка паста. 

Што кажуць у каментарах?

Большасць карыстальнікаў не падтрымалі гродзенку і адзначылі, што яна займаецца “спажывецкім экстрэмізмам” – карысталася абуткам некалькі гадоў і толькі пасля гэтага вырашыла вярнуць красоўкі. Іншыя пішуць, што атрымаць грошы назад наўрад ці атрымаецца. Ёсць і тыя, хто даюць гродзенке парады па вяртанні сродкаў.

«Калі менавіта трэснула падэшва, гэта брак і па заканадаўстве ў вас ёсць два гады, каб вярнуць красоўкі. Вы мабыць не ведаеце, што чым скандальныя сябе паводзіце, тым хутчэй вам усё вернуць. У кнігу заўваг вам трэба было пісаць, каб тлумачылі прычыну, што няма заключэння. Бо гарантыя прайшла вас могуць адправіць рабіць незалежную экспертызу (вы робіце яе за свае грошы, і калі пацвярджаецца, што гэта брак, вам вяртаюць і кошт тавара і кошт экспертызы)», — раіць адзін з карыстальнікаў. 

«Можна адразу звярнуцца ў таварыства абароны правоў спажыўцоў. Як правіла, у іх ёсць эксперт які прыходзіць. Прыйдзецца самой адразу заплаціць за экспертызу. Але ў выпадку заключэння на вашу карысць крама верне грошы не толькі за тавар, але і за экспертызу», — піша другі. 

«Вяртала восеньскія чаравікі, год і 8 месяцаў было з моманту пакупкі. Гэта было гады 2 таму, тады яшчэ на экспертызу не забіралі. Адразу вярнулі грошы. Без скандалаў», — распавядае яшчэ адна карыстальніца. 

Як аддаць тавар на экспертызу?

Правядзенне экспертызы рэгулюецца законам “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Згодна з ім, спачатку прадаўцы абавязаны прыняць тавар неналежнай якасці і ў выпадку неабходнасці правесці праверку. Гэта могуць зрабіць у самой краме.

Калі спажывец не згодны з вынікамі праверкі, тады прызначаюць экспертызу – аб часе і месцы правядзення экспертызы спажыўца павінны пісьмова праінфармаваць.

Дарэчы, да заканчэння гарантыйнага тэрміну экспертызу аплочвае прадавец, пасля – пакупнік. Адказнасць за аплату кладзецца на спажыўца і ў тым выпадку, калі вынікі экспертызы пацвердзяць, што прэтэнзіі былі неабгрунтаванымі. Таксама давядзецца аплаціць транспарціроўку тавару.

Чытайце таксама: У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома