Бадзяжныя сабакі ў раёне Каробчыц палохаюць мясцовых жыхароў і прыезджых, паведамляе раённая газета «Перспектыва». У Капцёўскім сельсавеце пацвердзілі, што праблема перыядычна ўзнікае. Там гатовыя накіраваць новую заяўку на адлоў, калі паступяць звароты ад жыхароў.
У кастрычніку злавілі пяць жывёл
Паводле слоў старшыні Капцёўскага сельсавета Таццяны Лоскі, сельвыканкам рэгулярна накіроўвае заяўкі на адлоў у «Скідзельскую ЖКГ». Апошні раз камунальнікі працавалі на тэрыторыі сельсавета 20 кастрычніка. У розных населеных пунктах тады злавілі пяць безгаспадарных жывёл.
Перад гэтым выездам паступіў зварот і з Каробчыц — там заўважылі аднаго бадзяжнага сабаку. Аднак падчас рэйду знайсці яго не ўдалося.
Лоска лічыць, што жывёлы большую частку часу праводзяць на тэрыторыі садовых таварыстваў, дзе летам іх падкормліваюць дачнікі.
«Дачнікі з’язджаюць — жывёлы застаюцца. Ужо і пасткі на іх ставілі, і паляўнічых прыцягвалі. Зона Жылічы, Славічы, Пагараны — нягледзячы на рэгулярны адлоў, яны там усё роўна восенню працягваюць збівацца ў зграі», — расказала старшыня сельсавета.
Яна падкрэсліла, што па зваротах пра сабак на тэрыторыі сельсавета выканкам гатовы сфармаваць новую заяўку ў «Скідзельскую ЖКГ».
Каля Аўгустоўскага канала нібыта таксама бачылі сабак
Аналагічныя паведамленні, паводле звестак «Перспектывы», паступаюць з раёна Аўгустоўскага канала. Аднак у Сапоцкінскім сельсавеце адказалі, што зваротаў наконт безгаспадарных жывёл не фіксавалі ні цяпер, ні раней.
«Я сама жыву ў Сонічах і ні разу не сутыкалася з такой праблемай. Таксама не чула пра тое, што яна турбуе аднавяскоўцаў альбо жыхароў суседніх вёсак», — расказала кіраўніца спраў сельвыканкама Цыліна Гарацкевіч.
Пасткі для сабак у раёне ставілі яшчэ вясной
У красавіку 2026 года ў Гродзенскім раёне ўжо скардзіліся на зграі бадзяжных сабак.
Тады, паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама Віктара Кемяжука, праблема была характэрная практычна для ўсіх сельсаветаў, асабліва для тэрыторый з вялікай колькасцю садовых таварыстваў.
Найбольш напружанай тады называлі сітуацыю ў Квасоўцы, Свіслачы і Баранаве. Паведамлялася пра напады сабак на хатнюю птушку і жывёлу, а таксама пра агрэсію ў дачыненні да дзяцей у Баранаве і Навасёлках.
Для адлову «Скідзельская ЖКГ» закупіла спецыяльныя пасткі. У Квасоўцы ўсталявалі чатыры — дзве на вуліцы Садовай і яшчэ дзве каля возера. Путрышкаўскаму сельсавету перадалі дзве пасткі, адну з іх размясцілі каля малочна-таварнага комплексу. Унутр клалі прынаду, а калі жывёла заходзіла, пастка захлопвалася. Старшыня Квасоўскага сельсавета Уладзімір Бахмач сцвярджаў, што такія прылады не прычыняюць жывёлам шкоды.
Рост колькасці бяздомных сабак мясцовыя ўлады звязвалі з цыклічнасцю дачнага сезона. У Квасоўцы, дзе налічвалася 39 садовых таварыстваў, пад яго канец, паводле іх слоў, станавілася больш кінутых жывёл.
Пры гэтым прадстаўнікі сельсаветаў скардзіліся, што сабак, якія трапілі ў пасткі, выпускаюць людзі. Бахмач прыводзіў прыклад са Свіслачы — яму паведамілі пра жывёлу ў пастцы, але за 12 хвілін, пакуль ён дабіраўся да месца, сабаку паспелі выпусціць.
«Атрымліваецца, людзі скардзяцца, што ўлада не прымае ніякіх мер. У той жа час перашкаджаюць нам дзейнічаць», — казаў старшыня сельсавета.
Як паводзіць сябе пры сустрэчы з сабакамі
Зааабарончая арганізацыя FOUR PAWS рэкамендуе трымацца на адлегласці ад зграі. Калі сабакі наблізіліся, захоўвайце спакой, пазбягайце рэзкіх рухаў, не бяжыце і не крычыце. Адыходзьце павольна, трымайце рукі бліжэй да цела і пазбягайце прамога зрокавага кантакту з жывёламі.
Калі вы едзеце на ровары, спыніцеся і сыдзіце з яго. Ровар можна трымаць паміж сабой і сабакамі як перашкоду. Пры адыходзе сачыце за жывёламі і старайцеся не дазваляць ім заходзіць вам за спіну, раіць брытанская арганізацыя абароны жывёл RSPCA.
