Горад

Крыжы на раздарожжах. Гродзенка з Пярэселкі пра традыцыю маёвых набажэнстваў, што сыходзіць разам з вёскай

Гродненка Крысціна Лабачэўская жыла ў Пярэселцы, а цяпер — на вуліцы Каліноўскага. З трэцяга паверху праз вокны відаць месца, дзе раней стаяў іх дом. Тую частку Пярэселкі знеслі 10 гадоў таму. Зараз там шматпавярховікі і паркоўка.

Крысціне Лабачэўскай 88 гадоў. Яна нарадзілася і правяла дзяцінства ў вёсцы Пушкары недалёка ад Гродна. Маёўкі і крыжы на раздарожжах былі часткай жыцця вёскі. Асабліва, калі ў ёй не было касцёла.

Маёвыя набажэнствы (маёўкі) — малітвы, што праходзяць у каталіцкіх храмах цягам траўня ў гонар Маці Божай. Падчас гэтых набажэнстваў прамаўляецца альбо спяваецца «Ларэтанская літанія» і малітва «Пад Тваю абарону».

Традыцыя ідзе ад Егіпту. Там у V стагоддзі вернікі збіраліся і спявалі песні ў гонар Марыі ў вясновы месяц кіяк (адпаведнік снежня). Скульптуры і выявы Божай Маці на гэты перыяд упрыгожвалі кветкамі.

У беларускіх вёсках, дзе не было храмаў, месцам збору вернікаў рабіліся крыжы. Да бліжэйшага касцёла трэба было ісці пешшу. Дарога магла быць у пяць ці нават дзесяць кіламетраў. Звычайна ў храм выбіраліся ў нядзелю. Будзёнымі днямі хадзілі да «свайго» крыжа. Быў такі крыж і ў Пярэселцы, куды Крысціна Лабачэўская пераехала ў 1956 годзе, калі выйшла замуж. На яго месцы зараз стаіць дом з алімпійскім мішкам.

Вёска Пярэселка, 1970-я гады. Фота: Наталля Дораш

У пасляваенныя гады вёска Пярэселка расцягвалася ад сучаснага БЛК да вуліцы Каліноўскага і Літоўскага ручая. У вёсцы было больш за 50 дамоў. У 1970-я горад паступова стаў паглынаць вёску. На канец 1980-х ад вёскі застаўся толькі адзін дом на аднайменнай вуліцы Пярэселка. Раён Гродна, які называюць Пярэселкай, складаўся з Падпярэселкі (рова ад Нёмана да вул. Каліноўскага і ўздоўж вул. Горкага) і былой вёскі Пярэселка (раён вул. Каліноўскага і праспекта Будаўнікоў).

«Колькі сябе помню, столькі і хадзіла на маёвыя»

У пачатку 80-х, пасля Алімпіяды-80, тут пачалі будаваць дамы праспекта Будаўнікоў. Ужо хадзілі гарадскія аўтобусы і дзеля бяспекі транспарту вернікі прыбралі драўляны крыж з раздарожжа. Тады адна з жанчын, што жыла на «вясковай» частцы Пярэселкі, дазволіла ўсталяваць новы металічны крыж на сваім падворку. Грошы на яго збіралі ўсёй былой вёскай.

Новы крыж замест знесенага ўсталявалі на прыватным падворку, каб не перашкаджаў руху транспарту. Грошы на яго збіралі ўсёй вёскай. Фота: Алена Міронава

«Дождж не дождж, сядзелі з парасонамі»

«Каля крыжа заўсёды было прыгожа, прыносілі свежыя кветкі - бэз, цюльпаны і півоні, — расказвае жанчына. — Стаяў стол [імправізаваны алтар], на ім фігура Маці Божай, крыж і две свечкі. Выносіліся лаўкі, каб усё маглі сесці. Збіраліся ў любое надвор’е, штовечар каля восьмай. Дождж не дождж, сядзелі з парасонамі».

Па словах Крысціны, жыхары суседскіх шматпавярховікаў «пазіралі з усіх вокнаў» — не маглі зразумець, што адбываецца пад крыжам. «Глядзелі на нас, як на дзіўных, але потым некаторыя далучыліся да нас на малітвы».

Новыя дамы на БЛК, побач са скрыжаваннем з праспектам Будаўнікоў, недалёка ад знесенай вёскі Пярэселка. Пачатак 1980-х. Фота: Наталля Дораш

На адной з лавак садзіліся пеўчыя — жанчыны, якія прыгожа спявалі. Астатнія падпявалі. Распачыналася набажэнства заўсёды з малітвы, пасля спявалі «марыйныя» песні: «Сэрдэчна Матка» ці «Па горах-далінах».

«У кожнай былі сваё спеўнікі, дзе былі ўсе малітвы і песні», — гаворыць пані Крысціна. Калі запрашалі святара, збіралася больш за паўсотні чалавек — часам нават не хапала лаваў. Ксёндз маліўся за жывых і памерлых жыхароў даўняй Пярэселкі.

Падчас адной з маёвак 2005 года. Фота з прыватнага архіва Крысціны Лабачэўскай

Апошні дзень «маёвых» быў самым урачыстым. Тады спявалі стоячы «Цябе Бога праслаўляем».

«Апошнія гады хапала адной лавачкі»

«Нават калі ўжо памерла гаспадыня дома, дзе стаіць крыж, прыходзілі яшчэ два гады, — узгадвае Крысціна. — Яе нявестка адкрывала нам браму, і мы маліліся». Наведваць маёўкі ўжо амаль не было каму. Збіраліся 5−10 чалавек — хапала адной лавачкі.

У апошнія гады на маёўкі прыходзіла зусім мала людзей. У 2020 не было нікога — праз пандэмію. Фота: Алена Міронава

Агулам маёвыя набажэнствы пад крыжам на Пярэселцы праходзілі каля 20 гадоў.

«Толькі летась ужо не хадзілі з-за пандэміі, — гаворыць жанчына — У гэтым годзе, напэўна, таксама ніхто не прыйдзе».

Што будзе на месцы Пярэселкі: Гэта частка Гродна ўвойдзе ў тэрыторыю праектавання новага мікрараёна «Вясновы». Ён размесціцца паміж вуліцамі Каліноўскага і Вясновай. Раён забудуюць дамамі рознай высотнасці з падземнымі паркоўкамі. Праспект Будаўнікоў падоўжаць на 800 метраў у бок вуліцы Вясновай. У новым раёне будзе 2284 кватэры. Пад знос пойдуць 80 прыватных дамоў. Іх ужо абследавалі і ацанілі. Гаспадарам прадаставяць кватэры і пакрыюць выдаткі за страчаныя збудаванні, высечаныя дрэвы і насаджэнні. Раён плануюць пабудаваць на працягу трох гадоў. Пачаць будаўніцтва — ужо ў 2021.

Дом, на падворку якога стаіць крыж, таксама патрапляе пад знос. Ці перанясуць некуды крыж, пакуль дакладна невядома.

Чытай больш:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025