Старшыня грамадскага аб’яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз» і кіраўнік кампаніі «Нямнова-Тур» Сяргей Іванавіч Каляда памёр 6 студзеня 2025 года. Яму было 65 гадоў. Пра гэта паведаміла ў Facebook дырэктарка «Нямнова-Тур» Данута Палубенская.
Сяргей Каляда ўнёс вялікі ўклад у развіццё ўнутранага турызму ў Беларусі, у стварэнне і развіццё інфраструктуры Гродзенскага рэгіёну, Аўгустоўскага канала, актыўнага турызму ў краіне, піша Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый.
Развітанне з Сяргеем Калядой адбудзецца 8 студзеня 2025 года ў Гродне:
- 10.00 — 12.00 — пахавальны дом на вул. Касманаўтаў, 74а, зала № 5,
- 12.30 — 13.00 — адпяванне ў саборы на вул. Ажэшкі,
- 13.20 — 14.10 — могілкі Аульс,
- 14.30 — памінальны абед, кафэ «Верас» на вул. Горкага, 72.
Сяргей Каляда ўклаў шмат намаганняў у развіццё трансгранічнага турызму
Сяргей Каляда быў адным з першых, хто ў 2010-х пачаў развіваць транспамежнае супрацоўніцтва ў сферы турызму з Польшчай і Літвой. Ён прыцягваў у Гродзенскі рэгіён праекты, якія фінансуюцца Еўрасаюзам, дзякуючы якім рэстаўраваліся будынкі, ствараліся веламаршруты, рамантаваліся дарогі. Каляда стараўся прасоўваць Аўгустоўскі канал і прыцягваць турыстаў у Гродна, калі горад стаў часткай бязвізавай зоны. Самы буйны і вядомы з праектаў Сяргея Каляды — польска-беларускі «Шляхам Тызенгаўза».
Чытайце таксама: «Шляхам Тызенгаўза». У Гродне развіваюць турызм з дапамогай Еўрасаюза
«Сергей Иванович всегда поражал своими знаниями и своими взглядами на жизнь, на людей. Ушел человек, который очень многое сделал для развития спортивного туризма, трансграничного сотрудничества, сохранения исторического наследия. Вечная память», — піша ў каментарах у Facebook былы дэкан факультэта эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Лі Чон Ку.
«Сергей Иванович очень яркая фигура в туристической индустрии, большой вклад внес в эту отрасль. Очень его будет не хватать», — напісала кіраўніца ТАА «Мядовы шлях» Вольга Гаўрылік.
«Сергей Иванович — светлый человек, много сил вложил в развитие трансграничного туризма», — напісала Наталля Гаспадарык з сектара спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама.