Два будынкі, пабудаваныя Антоніем Тызенгаўзам у Гродне і польскай Саколцы, злучыў новы веласіпедны маршрут. На яго нанізана Юбілейнае возера, сядзіба Тызенгаўза ў Караліне і найстарэйшыя татарскія могілкі. «Ведаеце, які транспарт самы шчаслівы? Можна ўбачыць пешахода, які плача, плачуць за стырном. А бачылі, каб хтосьці плакаў на ровары?» — пытаецца каардынатар праекта Сяргей Каляда. Hrodna.life паглядзеў, як выглядае новы маршрут для атрымання эндарфінаў.

Веламаршрут «Шляхам Тызангаўза» злучае Гродна з Саколкай. Таксама ён звязвае беларускія веламаршруты з польскім Green Velo і «Татарскім шляхам». Цяпер на ровары можна праехаць больш за 2000 кіламетраў па нацыянальных парках Беларусі і Польшчы і мясцінах паўстання 1831 года. «Шлях Тызенгаўза» ўладкоўвалі амаль год і адкрылі напярэдадні Дня горада, 18 верасня. Маршрут задумалі, каб прывесці ў Гродна велападарожнікаў. Праўда, пакуль мяжа зачынена, велапрабегі адкладзеныя і турызм стаіць на паўзе.

0

гадоў

Столькі прайшло ад ідэі маршруту да рэалізацыі. Быў пошук партнёраў, сустрэчы, падача заяўкі, конкурс, рэгістрацыя кантракту, праверкі. Грошы на праект атрымалі ў лютым 2019 года. Рэканструкцыю будынка архіва і ўладкаванне маршрута пачалі ў лістападзе 2019. Ратонду на Юбілейным возеры і веладарожку дабудавалі ў жніўні 2020.

0

км

Працягласць маршрута. На беларускім баку — 33 кіламетры, частка — па дарогах агульнага карыстання. На польскім баку ўвесь маршрут супадае з дарогамі.

0

гадзін

Час, за які раварыст праедзе веламаршрут ад Гродна да Саколкі. У часы Тызенгаўза такі шлях праязджалі верхам за 3 гадзіны, у карэце — за 5−7 гадзін, пешшу — за 12.

0

стэндаў

Столькі інфармацыйных стэндаў з картай маршрута ўстаноўлена на беларускім баку. На польскай частцы шляху ёсць яшчэ 3 стэнды.

Карта па эпосе Тызенгаўза

Адмыслова для праекта распрацавалі карту з веламаршрутам. На адной яе частцы — шлях ад Саколкі да Гродна з усімі славутасцямі і месцамі для адпачынку. На другой — Гродна. На карце адзначаны будынкі эпохі Тызенгаўза, месцы бітваў часоў буйных войнаў. Там жа — імёны вядомых людзей, звязаных з горадам. На стэндах выкарыстаны малюнкі Напалеона Орды.

Над картай працавалі гісторыкі і культуролагі Ігар Трусаў, Сяргей Піваварчык, Сяргей Данскіх і іншыя. Дызайн стварылі ў «Брэстрэстаўрацыі».

Веламаршрут «Шляхам Тызенгаўза» рэалізуецца за кошт сродкаў тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза ў рамках трансгранічнага праекта Польша-Беларусь-Украіна 2014−2020. Агульны бюджэт праекта — 2 139 254 еўра. Фінансаванне ЕС складае 1 925 329 еўра. У Гродне за гэтыя грошы працягваюць рэстаўраваць былы будынак архіва на плошчы Тызенгаўза. Пасля рамонту там будзе музычны салон, галерэя, кафэ і зала для афіцыйных прыёмаў.

Першы стэнд з картай на маршруце у бок Польшчы стаіць за кальцам на Суворава, амаль на краі горада. Ён размяшчаецца адразу за «Табакеркой», якой не было, калі яго ўсталёўвалі

Пачатак шляху — у цэнтры Гродна

У Гродне «Шлях Тызенгаўза» пачнецца ад будынка былога архіва. Каля яго паставяць «лаўку архітэктараў». Гэта будзе сімвалічнае месца, прысвечанае архітэктарам і будаўнікам, важным для Гродна: Джузэпэ дэ Сака, Тызенгаўзу, Іагана Мезеру і нават Станіславу Аўгусту Панятоўскаму.

«У архітэктуры ёсць паняцце „станіславоўскі перыяд“. Ён прывязаны да караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які актыўна ўмешваўся ў чарцяжы, уносіў свае заўвагі, — патлумачыў ідэю Сяргей Каляда. — Каб у Гродне паставіць Тызенгаўзу менавіта помнік, трэба прайсці шмат працэдур узгаднення, атрымаць дазвол прэзідэнта. Таму спыніліся на такім зборным вобразе».

Па лесе праклалі грунтоўку дзеля экалогіі

Ад плошчы Тызенгаўза шлях вядзе за Нёман і ўздоўж вуліцы Суворава. У рамках праекта абнавілі веласіпедную разметку ад Філармоніі ў бок Юбілейнага возера.

За горадам веладарожка да Юбілейнага возера зварочвае з агульнай дарогі і пераходзіць у грунтовую. Там жа стаіць чарговы стэнд з картай. Лясную веладарожку зрабілі жвіровай. Яе праклалі так, каб ні адно дрэва не давялося ссекчы.

Это изображение имеет пустой атрибут alt; его имя файла - tyzengauz-2020-00014-1024x683.jpg

«Калі ты ў лесе, не трэба дыхаць нафтавымі парамі ад асфальту, гэтага дастаткова і ў горадзе. Гэта — рэлакс, аздараўленне», — перакананы Сяргей Каляда. За мяжой з веламаршрутаў на прыродзе здымаюць асфальт, бо грунтавыя пакрыццё лепш для экалогіі, патлумачыў ён.

Веласіпедысты, якія ўжо апрабавалі трасу, адзначылі, што на маршруце не хапае веламаячкоў - стоек з помпамі і інструментам для дробнага рамонту ровара.

Ратонда для веласіпедыстаў і нявест

Па беразе Юбілейнага возера веладарожка выводзіць да альтанкі-ратонды. Яе стваралі як пункт для адпачынку веласіпедыстаў і як месца для вясельных фотасесій. Насупраць — крытая веластаянка, побач лавачкі. Сама ратонда даступная і для людзей з інваліднасцю.

На ратонду сапраўды прыязджаюць фатаграфавацца вяселлі. Прыйдзецца дамаўляцца, каму заняць месца для адпачынку

Ідэя ратонды належыць гродзенскаму архітэктару Аляксандру Штэну. Ён жа абіраў для яе маляўнічае месца. Пабудавалі ратонду з мясцовага пяшчаніку і белага архітэктурнага бетону.

Кунштат — дзіця Тызенгаўза

Кунштат (Künstätte) — горад майстроў, прамысловы цэнтр, заснаваны Тызенгаўзам каля 1780 года на рацэ Лососянцы. Архітэктар Кунштата — Джузэпэ дэ Сака. Гэта першы прыклад рэгулярнай урбаністычнай забудовы французскага ўзору на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

У Кундштаце былі мануфактуры па адбельванні воску, вытворчасці свечак ды паходняў, залатых і срэбных галуноў, апрацоўцы шоўку. У Кунштаце стваралі «гарадніцкія» паясы, якія шанаваліся вышэй за слуцкія. У Ласосна рабілі шалікі для афіцэрскай формы, хусткі і камізэлькі, вытканыя золатам. Тут жа працавала і зброевая фабрыка. Праўда, гэта вытворчасць было стратнай.

«Гэта фантастычны на тыя часы подзвіг — пабудаваць 120 каменных будынкаў, — кажа Сяргей Каляда. — Паспрабуйце сёння такое зрабіць».

Карту Кунштата знайшоў у Варшаве гісторык Ігар Трусаў. У праекце мануфактуры з гістарычнай карты перанеслі на сучасную карту ракі Ласясянкі. Частку пабудоў часоў Тызенгаўза яшчэ можна ўбачыць на Фолюшы, дзе размешчаны ваенныя часткі.

Калі трохі адхіліцца ад маршрута на Юбилейцы, можна заехаць на вадзяны млын XVII стагоддзя. У канцы XIX стагоддзя тут была фабрыка калготак, пасля Першай сусветнай вайны малолі муку. Да 1990-х млын быў вадзяным. Пазней працаваў ад электрычнасці. Спыніўся млын толькі ў 2003 годзе, калі пайшоў на пенсію апошні гродзенскі млынар. Цяпер яе выкупіў гродзенец Яўген Дарагуш: аднавіў плаціну, марыць зрабіць музей і разводзіць фарэль.

Караліно

За Юбілейным возерам маршрут робіць пятлю — да фальварку Тызенгаўза ў Каралін. Гэтай вёсцы не менш за 460 гадоў. Гэтыя землі падарыла татарам каралева Бона Сфорца. Рэчка, якая працякае побач, называецца Татарка. У XVIII стагоддзі каралінская сядзіба належала Тызенгаузу. Да гэтага часу адносяцца і ўязныя вароты з бутавага каменю. За імі - брукаванка, капліца, якая дзейнічае, стайня, сядзібны дом, драўляны вятрак і сажалкі. З 2003 года аднаўленнем гэтага месца заняліся Павел і Наталля Клімукі. Цяпер там — аграсядзіба «Каралінскі фальварак Тызенгаўза».

Татарскія могілкі ў Каробчыцах

У вёсцы Каробчыцы (гістарычныя назвы — Растаўляны, Хорастава) захавалася частка татарскіх могілак XV-XVI стагоддзяў. Верагодна, на другім баку трасы стаяла мячэць ласасянскіх татараў, якая ўпершыню згадваецца ў 1539 годзе.

Могілкі хаваюцца ў лесе паміж трасай і прысядзібнымі ўчасткамі. Агароджы няма, пад хвоямі - цішыня, камяні спяць, надпісы сцёртыя, алее шыпшына.

Сяргей Каляда трывожыцца, што могілкі могуць знікнуць: «Падобна, што там ляжаць тыя, хто ваяваў на Грунвальдзе, татары, якіх прывёз сюды Вітаўт. Верагодна, гэта самыя старыя татарскія могілкі на нашых тэрыторыях».

На польскай частцы маршрута, у Баганіках, таксама ёсць татарскія могілкі. Там іх аднавілі і абгарадзілі, паказваюць турыстам. Побач — драўляная мячэць і турыстычны комплекс, дзе можна пакаштаваць татарскія стравы. Аб’ект таксама зроблены на сродкі праекта «Шляхам Тызенгаўза».

Што ў планах?

Беларуская частка маршруту цалкам завершана. У рамках наступных траншаў праекта плануюць закупіць ровары для арэнды. Акрамя звычайных, будуць даступныя трохколавыя, тандемныя і электраровары.

Запланавана штогод праводзіць 4 трансгранічныя велапрабегі. Два — паміж гарадамі, два — па славутасцях вакол Саколкі і Гродна. Праўда, пакуль усе планы адкладзеныя з-за пандэміі.

У канцы верасня польскі бок плануе першы велапрабег па новым маршруце, але пакуль толькі па сваёй тэрыторыі.

Пры чым тут Тызенгаўз і Саколка

Антоній Тызенгаўз (1733−1785) — эканаміст і палітычны дзеяч, падскарбій (казначэй) надворны літоўскі. Ён быў гродзенскім старастам пры апошнім каралі Рэчы Паспалітай Станіславе Аўгусце Панятоўскім.

Пры Тызенгаўзу ў горадзе з’явіўся тэатр і тэатральная школа, медыцынская акадэмія і іншыя навучальныя ўстановы, кадэцкі корпус, бібліятэка і музей гісторыі прыроды, быў закладзены батанічны сад. Ён пабудаваў Гарадніцу — жылы і адміністрацыйны комплекс, і шмат мануфактур.

Хоць «прамысловая рэвалюцыя» Тызенгаўза не адбылася, ён застаўся ў гісторыі горада адным з самых значных дзеячаў. Многія гістарычныя будынкі ў Гродне — след яго працы для горада. Сярод іх — былы архіў, які аднаўляецца ў рамках праекта «Шляхам Тызенгаўза».

Дзякуючы яму развіваліся і іншыя населеныя пункты Падляшша. У Крынках з’явілася ўнікальная шасцікутная рынкавая плошча, у Саколцы пабудаваныя шматлікія каменныя будынкі. Адзін з іх, на Пілсудскага, 1, таксама рэканструююць у рамках праекта. Побач паставяць помнік Тызенгаўзу.

Артыкул падрыхтавана ў рамках сумеснага праекта з EU Neighbours East «СВОЙ КРАЙ: ПАРТРЭТЫ». Погляды, выказаныя ў тэксце, належаць выключна аўтару артыкула.

Журналістка Hrodna.life