У Шчарбавічах людзі пераапранаюцца ў кустах, жыхары Загорцаў ходзяць плаваць за два кіламетры ад дома, а ў Свіслачы рыбакі самі косяць траву і прыбіраюць смецце. Генплан развіцця Гродзенскага мора зацвердзілі ў аблвыканкаме ў 2018 годзе. Рыбацкая вёска, яхт-клуб, дэндрапарк, пракат катамаранаў і добраўпарадкаваныя пляжы — пакуль гэтыя ідэі застаюцца прыгожай карцінкай. Грошаў на іх рэалізацыю з бюджэту не вылучалі, мясцовыя ўлады тры гады чакаюць інвестараў.
Гродзенскае мора — гэта неафіцыйная назва вадасховішча, якое ўтварылася на Нёмане пасля ўводу ў эксплуатацыю Гродзенскай ГЭС у 2012 годзе. Яго плошча — каля 2000 гектараў, працягласць — прыкладна 40 кіламетраў ад плаціны ГЭС уверх па плыні. У прыбярэжнай зоне вадасховішча знаходзяцца 20 населеных пунктаў Гродзенскага раёна і 14 — Мастоўскага.
Нёман побач, а пляж — за два кіламетры
Вёска Шчэчынова стаіць каля самай ГЭС. Пасля будаўніцтва тут памяняўся ландшафт. «У нас быў яр, цішыня, прыгажосць такая. І дарогі гэтай не было. А зараз шум, усё чуваць», — успамінае Ядвіга Аляксандраўна.
Каля ГЭС, па словах дачнікаў, няма пляжаў, а купацца забаронена. Каб плаваць ці лавіць рыбу, трэба ісці каля кіламетра. Пра такую ж праблему кажа жыхар вёскі Загорцы Аляксандр: «Турыстычнай зоны тут няма. Бліжэйшае месца, дзе можна паплаваць, — за два кіламетры ў вёсцы Навасёлкі».
![Гродненская ГЭС начала работать в 2012 году. Фото: Ольга Селицкая](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/more-9-800x533.jpg)
Пераапранаюцца ў кустах
У Навасёлкі людзі прыязджаюць купацца, займацца воднымі лыжамі, катацца на маторных лодках. На беразе няма туалетаў і раздзявалак. Людзі пераапранаюцца ў кустах. Па словах мясцовых жыхароў, шыльды з забаронай няма, таму ўсе купаюцца.
Каля Нёмана людзі будуюць дамы. Пірсы насупраць сваіх участкаў зрабілі самастойна.
![Гродненское море, пляжи, Гродненская ГЭС](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/grodnenskoe-more-stroitelstvo-01-800x533.jpg)
«Раней ніхто не ведаў пра гэтае месца, вымірала вёска, а зараз усе прыязджаюць», — распавядае Лідзія Уладзіміраўна. Але на інфраструктуру, па яе словах, гэта ніяк не паўплывала: калісьці ў Навасёлках хадзіў аўтобус два разы на тыдзень і працаваў магазін, зараз толькі аўталаўка.
«Нам турысты не перашкаджаюць, таму што далёка да паляны [дзе яны спыняюцца]. Але калі да нас заязджаюць на пірс, то я, такая паганая, усіх выганяю. Не люблю, калі пад самым домам», — смяецца Лідзія Уладзіміраўна.
![Пирсы в деревне Новосёлки на Гродненском море местные жители построили сами. Фото: Ольга Брейдо](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/more-2-800x533.jpg)
«Былі б бакі, туды б і выкідалі»
Яхт-клуб, прыстань для воднага транспарту і пляж планавалі зрабіць у вёсцы Шчарбавічы.
«Трэба дэпутатаў сюды прывезці і паказаць, што ўсё стаіць на месцы. Тут жа для прадпрымальнікаў залатое дно», — кажа мясцовы жыхар Юрый Рыгоравіч. Мужчына лічыць, што на вадасховішчы патрэбна ўладкаваць месца адпачынку, таму што гарадскія пляжы штогод закрывае санстанцыя.
![На Гродненском море нет официальных пляжей, поэтому купаться запрещено. Фото: Ольга Селицкая](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/more-8-800x533.jpg)
За апошнія пяць гадоў уздоўж берага раскупілі ўсе дамы, распавяла адна з дачніц. Калі цёпла, прыязджае шмат людзей, пакідаюць смецце. Моладзь размяшчаецца на траве ўздоўж вады.
«Былі б бакі, туды б і выкідалі. Мы, мясцовыя, ніколі смецце не пакінулі б. А тут і пакеты, і бутэлькі», — скардзіцца жыхар Шчарбавічаў.
![Жителям Щербовичей не хватает магазина: автолавка, по их словам, приезжает раз в неделю. Фото: Ольга Селицкая](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/more-6-800x533.jpg)
На рыбалку — з касой і пакетам для смецця
Антон Антонавіч і Антаніна Яўгенаўна рыбачаць каля вёскі Свіслач. Муж і жонка расказалі, што рыбы тут шмат, але лавіць можна толькі на адну вуду. «Вось ёршыка злавілі і адпусцілі. Мы дробязь выпускаем. Адпачылі на прыродзе, пасядзелі - і дадому», — падзяліўся Антон Антонавіч.
![отдых на Гродненском море, пляжи](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/more-1-800x533.jpg)
Падчас нерасту мясцовыя заўважалі тут браканьераў, распавяла Антаніна Яўгенаўна. «Ляшча вёдрамі выбіралі, прыйшлося выклікаць інспекцыю».
Рыбак Сяргей з Гродна прыязджае ў Свіслач трэці год: «Ловім падлешчыка, шчупака, жэраха, плотку — усю рыба, якая ёсць у Нёмане. Толькі судак не пападаўся. Казалі, што і сома лавілі літаральна на днях».
![Неман в районе Свислочи - популярное место у рыбаков. Фото: Ольга Селицкая](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/more-5-800x533.jpg)
Рыбакі летам косяць траву сваёй газонакасілкай і прыбіраюць бутэлькі, якія пакідаюць людзі. «Смецце збіраем у пакет і вывозім», — распавяла Антаніна Яўгенаўна. Жанчына нават здымае на камеру тых, хто смеціць, і выклікае міліцыю. Піша запіскі іншым, каб захоўвалі чысціню.
«Рыбакам тут усяго хапае, а вось для адпачынку няма умоў. У берага мелка, дзеці маглі б купацца. Але ўваход брудны — трава», — падсумаваў Сяргей.
![отдых на пляже на Гродненском море, водохранилище ГЭС](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/more-3-800x533.jpg)
«Спадзяемся на прыватнікаў»: улады чакаюць інвестараў тры гады
Турыстычны патэнцыял вадасховішча абмяркоўвалі яшчэ да пачатку будаўніцтва ГЭС. У 2018 годзе ў Гродзенскім аблвыканкаме зацвердзілі генеральны план развіцця прыбярэжнай тэрыторыі. Прапанавалі стварыць тут паўнавартасную зону адпачынку з афіцыйнымі пляжамі, турбазамі і спартыўнымі цэнтрамі, пісала «Гродзенская праўда».
У будучай зоне адпачынку ўлады хочуць адкрыць 50 інвестыцыйных пляцовак, стварыць больш за тысячу працоўных месцаў. «Мы зацікаўленыя ў прыватным бізнэсе на вадасховішчы», — казаў у каментары для Hrodna.life начальнік Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.
![водохранилище Гродненской ГЭС отдых](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/more-7-800x533.jpg)
За тры гады сітуацыя з інвестарамі далёка не прасунулася. Прадпрымальнікі цікавяцца магчымасцю адкрыць турыстычны бізнес, але часта адмаўляюцца ад ідэі, калі даведваюцца аб патрабаваннях заканадаўства да будаўніцтва ў водаахоўнай зоне, распавёў Hrodna.life старшыня Квасоўскага сельсавета Віктар Гідравец. Паводле яго слоў, пасля затаплення вадасховішча ў раёне вёскі Свіслач утварыўся пляж, які мог прыняць каля 500 чалавек. «Але паколькі за гэтым месцам ніхто не глядзеў, то вада „злізала“ бераг — паглынула каля трох гектараў зямлі».
«Нядаўна паставілі інфармацыйныя шыльды на месцы, дзе пры будаўніцтве ГЭС знайшлі стаянкі першабытных людзей. Вось і ўся рэкрэацыя», — распавядае Віктар Гідравец аб новым турыстычным аб’екце. Каб зняць забарону на купанне, трэба добраўпарадкаваць бераг, арганізаваць выратавальную станцыю, кантраляваць якасць вады.
![Амаль 10 гадоў, а пляжаў няма. На Гродзенскім моры людзі чакаюць інфраструктуру, а ўлады спадзяюцца на прыватнікаў](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/more-11-800x533.jpg)
У 2021 годзе фінансаванне аб’ектаў інфраструктуры на Гродзенскім моры з бюджэту не прадугледжвалі, растлумачыў Hrodna.life загадчык сектара спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама Віктар Салома. «Спадзяемся на прыватнікаў. Можа, цяпер будзе нейкі штуршок, таму што людзі сталі больш адпачываць у Беларусі, а не ў іншых краінах «.
Каўнаскае мора: турыстаў пускаюць нават на ГЭС
Як можна ўладкаваць вадасховішча на ГЭС, паказвае прыклад Каўнаскага мора. Яго стварылі ў 1959 годзе на Нёмане таксама ў сувязі з будаўніцтвам электрастанцыі. Цяпер гэта самы вялікі вадаём у Літве, адзін з важных турыстычных аб’ектаў краіны.
![Водохранилище Каунасской ГЭС. Фото: aplinkmarias.lt](https://ru.hrodna.life/wp-content/uploads/2021/05/more-10.jpg)
На берагах Каўнаскага мора добраўпарадкавалі пляжы, дзе можна купацца. Ёсць дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі. Па моры ходзяць прагулачныя катэры, можна ўзяць напракат яхту.
Уздоўж вадасховішча размясціўся вялікі парк. Летам у ім праводзяць фестывалі, канцэрты і экскурсіі. З Каўнаса сюды можна дабрацца на гарадскім транспарце, каля вадаёма ёсць аўтастаянкі.
У зоне адпачынку працуюць рэстараны і кафэ. Смецце прыбіраюць не толькі на беразе, але і ў вадзе — падчас рэканструкцыі электрастанцыі для гэтага пабудавалі спецыяльны бар’ер.
У мястэчку Румшышкес стварылі Музей народнага побыту — этнаграфічны комплекс пад адкрытым небам. Пажайслісскі манастыр XVII стагоддзя стаіць на паўвостраве, ён таксама адчынены для турыстаў.
Наведвальнікаў пускаюць і на саму Каўнаскую ГЭС. На экскурсіі можна пазнаёміцца з работай станцыі і прагуляцца па тунэлі на 25 метраў ніжэй дна вадасховішча.
Аўтары: Вольга Сяліцкая, Вольга Брэйда, Алена Міронава, Аляксандра Хільмановіч, Яраслаў Дудко