У снежні 2021 года ў Гродне для наведвання адкрыюць будынак часоў Тызенгаўза. Раней там быў архіў, зараз там размесціцца кавярня, галерэя і музычны тэатр, паведамляе тэлеканал «Гродно Плюс».

У Гродне адкрыюць для наведвання будынак XVIII ст., які рэканструявалі два гады
Будынак былога архіва на плошчы Тызенгаўза. Фота: Hrodna.life.

Будынак амаль гатовы да адкрыцця. Зараз адбываецца ўнутраннае аздабленне. У сутарэнні плануюць адкрыць кафэ, якое павінна перадаваць атмасферу XVIII стагоддзя. На першым паверсе некалькі залаў. Адна з іх — сенатарская.

На другім паверсе адкрыецца галерэя. Там размесцяць працы беларускіх мастакоў, прысвечаныя эпосе Антонія Тызенгаўза. Частку сценаў галерэі распісваў гродзенскі мастак Аляксандр Сільвановіч. Па задуме, роспіс сценаў выкананы ў выглядзе арнамента. Яго ўзялі з паясоў, якія вырабляліся на гродзенскіх мануфактурах.

Таксама ў палацы будзе дзейнічаць музычны тэатр.

У будынку ўжо адбылася канферэнцыя

У будынку 18−19 лістапада адбылася міжнародная канферэнцыя ў межах праекта «Шляхам Тызенгаўза». На канферэнцыі прэзентавалі манаграфію прысвечаная Антонію Тызенгаўзу. Яе напісаў гродзенскі гісторык Юрый Гардзееў.

У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускага і польскага бакоў праекта, у межах якога рэканструявалі будынак.

Як доўга рэканструявалі будынак і колькі гэта каштавала

Рэканструкцыю распачалі ў 2019 годзе. Гэта адзін з васьмі будынкаў часоў Антонія Тызенгаўза, якія захаваліся да нашых дзён. Па тэндары на рэканструкцыю будынка сышло 1 млн 380 тысяч рублёў.

Рэканструкцыя адбывалася ў рамках трансгранічнага праекта ў межах праграмы «Польшча-Беларусь-Украіна 2014−2020». Агульны бюджэт праекта — 2 139 254 еўра. Еўрасаюз выдзяліў 90% (1 925 329 еўра).

Грошы пайшлі не толькі на рэканструкцыю былога будынка архіва на плошчы Тызенгаўза. У межах праекта стварылі веламаршрут «Шляхам Тызенгаўза».

У Саколцы, па польскім баку мяжу, аднавілі камяніцу на Рынкавай плошчы, там павінен размясціцца турыстычны цэнтр. Каля будынкаў усталявалі адмысловыя лаўкі: у Гродне — «Лаву архітэктараў», у Саколцы — «Лаву Тызенгаўза».

Чытайце таксама: «Шлях Тызенгаўза» прызналі найлепшым турыстычным прадуктам Падляшша