Турыстычны маршрут «Шлях Тызенгаўза» адзначылі спецыяльным сертыфікатам на XVIII-м конкурсе на найлепшы турыстычны прадукт Падляскага ваяводства (Польшча). Узнагароджанне адбылося 28 кастрычніка, паведаміла выданне naszemiasto.pl.

“Шлях Тызенгаўза” прызналі найлепшым турыстычным прадуктам Падляшша
Стэнд з пазначэннем веламаршрута «Шлях Тызенгаўза». Фота: Hrodna.life.

Сертыфікат Польскай турыстычнай арганізацыі, якім узнагародзілі «Шлях Тызенгаўза», прысвойваецца прадукту, які працуе менш двух гадоў і мае вялікі турыстычны патэнцыял. Такі сертыфікат — рэкамендацыя і гарантыя абслугоўвання на найвышэйшым ўзроўні. Ён павышае рэйтынг турыстычнага прадукта.

— Упершыню за 18 гадоў Саколку заўважылі ў турыстычным бізнесе, — сказала пасля ўручэння ўзнагароды бурміст горада Эва Кулікоўска. Веласіпедны маршрут «Шлях Тызенгаўза» спалучае Саколку і Гродна. Гэтыя гарады былі партнёрамі ў стварэнні новага турыстычнага прадукта.

“Шлях Тызенгаўза” прызналі найлепшым турыстычным прадуктам Падляшша
Веламаршрут «Шлях Тызенгаўза». Фота: Hrodna.life.

Калі з’явіўся «Шлях Тызенгаўза»

Веламаршрут «Шляхам Тызенгаўза» рэалізавалі ў 2020 годзе, за кошт сродкаў тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза ў рамках трансгранічнага праекта Польша-Беларусь-Украіна 2014−2020. Агульны бюджэт праекта — 2 139 254 еўра. Фінансаванне ЕС складае 1 925 329 еўра.

Грошы пайшлі не толькі на веламаршрут. У Гродне ў межах праекта адрэстаўравалі былы будынак архіва на плошчы Тызенгаўза, у Саколцы — камяніцу на Рынкавай плошчы. Абодва будынкі паходзяць з часоў Антонія Тызенгаўза. У Гродне ў адрэстаўраваным будынку мае быць музычны салон, галерэя, кавярня і зала для афіцыйных прыёмаў, у Саколцы — турыстычны цэнтр. Каля будынкаў усталявалі адмысловыя лаўкі: у Гродне — «Лаву архітэктараў», у Саколцы — «Лаву Тызенгаўза».