Лідскі гісторыка-мастацкі музей запусціў новую інтэрактыўную экскурсію «З першымі пеўнямі». Цяпер наведвальнікі змогуць трапіць у замак раніцай і ўбачыць яго з першымі промнямі сонца. Экскурсіі праводзяць па папярэднім запісе.
Праграма пачынаецца падчас світанка, калі замак толькі «прачынаецца». Арганізатары абяцаюць не проста экскурсію і агляд экспанатаў, а магчымасць адчуць атмасферу старога горада.
«Першыя промні сонца слізгаюць па старажытных сценах, туман павольна тае над магутнымі вежамі, а цішыня нібыта захоўвае шэпт стагоддзяў. Менавіта ў гэтыя ранішнія гадзіны Лідскі замак асабліва прывабны — ён нібы прыадчыняе заслону таямніцы і запрашае стаць часткай сваёй легенды», — гаворыцца ў анонсе музея.
Запісацца на экскурсию можна па тэлефонах +375 (154) 60-62-60 і +375 (29) 343-47-73.
Гэта ўжо не першы незвычайны экскурсійны праект Лідскага замка. Раней тут з’явілася «Экскурсія з ліхтарыкамі»: у вежах Гедзіміна і Вітаўта цалкам выключаюць святло, а наведвальнікі знаёмяцца з экспазіцыяй толькі пры святле ліхтароў.
Паводле задумы музея, такі фармат дазваляе па-новаму зірнуць на экспанаты і адчуць атмасферу Сярэднявечча. Экскурсія хутка стала папулярнай, асабліва сярод моладзі.



