Ліда аказалася адным з самых незвычайных гарадоў Беларусі па сваёй мемаратыўнай прасторы. Тут амаль няма камуністычнай сімволікі, затое захавалася памяць пра паўстанне 1863 года, гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, польскую спадчыну і сучасных герояў-авіятараў. Да такой высновы прыйшлі аўтары новага даследавання.
Даследчы цэнтр «Палітычная сфера» апублікаваў вынікі маштабнага даследавання мемаратыўнага ландшафту найбуйнейшых гарадоў Беларусі, якія не з’яўляюцца абласнымі цэнтрамі. Даследвалі аб’екты дзесяці гарадоў Беларусі з насельніцтвам большым за 100 тысяч чалавек.
Усяго прааналізавалі 691 мемарыяльны аб’ект у Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Лідзе, Маладзечне, Мазыры, Наваполацку, Оршы, Пінску і Салігорску. Мэтай было высветліць, якія гістарычныя падзеі і асобы прадстаўлены ў гарадской прасторы.
Паводле аўтараў даследавання, пасля 2020 і 2022 гадоў дзяржаўная палітыка памяці стала больш ідэалагізаванай. У многіх гарадах узмацніўся акцэнт на савецкай і ваеннай тэматыцы, а нацыянальная спадчына стала менш прыкметнай.
Аднак Ліда, мяркуючы па даследаванні, прыкметна вылучаецца на фоне іншых гарадоў.
Мемаратыўны ландшафт — гэта ўсе помнікі, памятныя знакі, мемарыяльныя дошкі і іншыя аб’екты, якія адлюстроўваюць, каго і якія падзеі горад лічыць важнымі для сваёй гісторыі. Аналіз мемарыятыўнага ландшафту дазваляе выявіць, якія гістарычныя падзеі, асобы і ідэі займаюць цэнтральнае месца ў публічнай прасторы, а якія, наадварот, застаюцца на перыферыі грамадскай памяці.
Мінімум камуністычнай сімволікі
У Лідзе даследчыкі налічылі 68 мемарыяльных аб’ектаў. Пры гэтым тэма Кастрычніцкай рэвалюцыі і савецкіх палітычных дзеячаў прадстаўлена мінімальна — фактычна толькі адным помнікам Леніну.
Асноўная частка савецкіх мемарыялаў прысвечана Другой сусветнай вайне, яе ўдзельнікам і ахвярам. Да гэтай групы даследчыкі адносяць і Георгіеўскую капліцу-помнік у гонар абаронцаў Айчыны, адкрытую ў 2014 годзе.
Адзіны горад з памяццю пра паўстанне 1863 года
Ліда стала адзіным буйным горадам у даследаванні, дзе на мемарыяльным узроўні ўшанавана паўстанне 1863–1864 гадоў.
У населенным пункце ёсць памятныя знакі ксяндзам Адаму Фалькоўскаму, Раймунду Зямацкаму і Станіславу Ішору, расстраляным царскімі ўладамі, а таксама мемарыяльная дошка кіраўніку паўстанцаў на Лідчыне Людвіку Нарбуту.

Польская спадчына
Ліда таксама ўвайшла ў лік нешматлікіх гарадоў разам з Пінскам і Оршай, дзе выразна прадстаўлена агульная беларуска-польская гістарычная спадчына.
Сярод такіх аб’ектаў — мемарыяльная дошка ксяндзам-паўстанцам, усталяваная Таварыствам польскай культуры, і бюст Адаму Міцкевічу, на якім імя паэта напісана па-польску. Пры гэтым на помніку няма надпісаў на беларуская мове, каб можна было б правесці сувязь літаратара з
Беларуссю.
“З аднаго боку ўшанаванне памяці пра паўстанне ў Лідзе з’ўзляецца ўнікальным выпадкам сярод астатніх гарадоў, якія мы разглядаем ў гэтым даследаванні.
З іншага боку тут сутыкаецца беларуская і польская перспектыва нацыянальнай інтэрпрэтацыі падзей 1863-1864 гг. Так, у 2003 г. Таварыствам польскай культуры на Лідчыне ўсталявалі дошку памяці ксяндзоў пакутнікаў Адама Фалькоўскага, Раймунда Зямацкага, Станіслава Ішоры, расстраляных царскімі ўладамі ў чэрвені 1863 г. за ўдзел у паўстанні. Надпіс на дошцы зроблены па-польску, што відавочна размывае беларускую памяць, таму мы аднеслі гэты аб’екта да польскага па нацыянальнай арыентацыі.
Польскі чыннік прысутны і адноўленай мемарыяльнай дошцы памяці вайсковага начальніка Лідскага павета пад час паўстання 1863 г., палкоўніка Людвіка Нарбута, якая была адкрыта і асвечана ў 2013 г. (першапачаткова дошка была ўсталявана яшчэ ў 1930-е польскімі ўладамі). Аднак у адрозненні ад шыльды прысвечанай ксяндзам, яна ўключана і ў беларускі кантэкст, да яе дадаецца яшчэ табліца на беларускай мове”, – пішуць даследчыкі.

Больш увагі старажытнай гісторыі
Яшчэ адна асаблівасць Ліды — вялікая колькасць помнікаў, прысвечаных гісторыі да ХХ стагоддзя. Паводле даследавання, па колькасці такіх мемарыяльных аб’ектаў Ліда стала адным з лідараў сярод усіх гарадоў, якія вывучалі навукоўцы.
Сярод іх — помнік вялікаму князю літоўскаму Гедыміну каля Лідскага замка, знак «Першая згадка Ліды», памятны знак на месцы старажытных яўрэйскіх могілак і помнік Францыску Скарыну, усталяваны яшчэ ў 1993 годзе па ініцыятыве Таварыства беларускай мовы.
Усяго даследчыкі налічылі ў Лідзе 18 аб’ектаў, якія адносяцца да беларускай нацыянальнай памяці. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў сярод гарадоў, што ўдзельнічалі ў даследаванні.
Памяць пра сучасных герояў
Асобнае месца ў мемарыяльнай прасторы Ліды займае найноўшая гісторыя. Большасць новых помнікаў прысвечана паветраным войскам Беларусі.
У горадзе ўшанавалі памяць Герояў Беларусі Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі, якія служылі на Лідскай штурмавой авіябазе і загінулі ў 2021 годзе, адводзячы некіравальны самалёт ад жылых дамоў у Баранавічах.
Таксама ў Лідзе заўважная памяць пра савецка-польскую і Афганскую войны. Асобнае месца займаюць аб’екты, звязаныя з сілавымі структурамі, у тым ліку мемарыяльныя дошкі супрацоўнікам органаў унутраных спраў, загінуўшым у пасляваенны перыяд (1944–1950-я гг.).



