У выпадку, калі сітуацыя ў раёне памежнага пераходу «Брузгі-Кузніца» не стабілізуецца да 21 лістапада, Польшча прыпыніць працу і чыгуначнага пункта пропуску, які там месціцца і працягвае функцыянаваць. Пра гэта сказана ў лісце, з якім міністр МУС Польшчы Марыюш Камінскі даручыў памежнай службе звярнуцца да старшыні Дзяржпамежкамітэта Беларусі Анатоля Лапо.

Абноўлена 19 лістапада. Беларускі бок атрымаў афіцыйны ліст палякаў, паведаміў Дзяржпагранкамітэт 19 лістапада. У адказ ведамства накіравала тлумачэнні па актуальнай сітуацыі каля пункта пропуску, праінфармавала аб прынятых мерах і пра адсутнасць пагрозы для супрацоўнікаў польскіх службаў. Таксама беларускі бок паведаміў, што гатовы аднавіць працу на аўтамабільным пункце пропуску «Брузгі».

У лісце былі згаданыя «многія акты агрэсіі», ззейсненыя каля памежнага пераходу. Іх ахвярамі сталі і супрацоўнікі польскіх спецслужбаў, якія ахоўвалі польска-беларускую мяжу. Раней паведамлялі пра сем такіх пацярпелых, у тым ліку пра супрацоўніка і супрацоўніцу паліцыі, шпіталізаваных з траўмамі галавы. Адзначана, што гэта адбывалася пры «поўнай пасіўнасці» беларускіх службаў.

Польскі бок будзе чакаць стабілізацыі сітуацыі да нядзелі, 21 лістапада. Калі гэтага не адбудзецца, чыгуначныя зносіны праз Кузніцу спыняць, баючыся «за бяспеку чыгуначнага руху і рызыкі звязанай з гэтым катастрофы». Таксама за сваю бяспеку асцерагаюцца супрацоўнікі чыгункі.

Аўтатранспартны памежны пераход «Брузгі-Кузніца» закрыты з 9 лістапада. Польскі бок спыніў яго працу на наступны дзень пасля масавага маршу мігрантаў да мяжы, пасля якога яны сталі лагерам уздоўж памежнай паласы.

Чытайце таксама: «Скоропорт на Бобры». Что происходит с грузовыми и пассажирскими перевозками после закрытия Кузницы

Увечары 18 лістапада беларускі Дзяржпагранкамітэт паведаміў, што ўсе ўцекачы са стыхійнага лагера на беларуска-польскай мяжы каля пункта пропуску Брузгі добраахвотна перайшлі ў транспартна-лагістычны цэнтр. Прычына таму — пагроза для жыцця, асабліва дзяцей, праз пагаршэнне надвор’я, адзначылі ў ведамстве.

Частка людзей перайшлі туды яшчэ ўвечары 16 лістапада пасля няўдалага штурму мяжы. На тэрыторыі лагістычнага цэнтра ім арганізавалі гарачае харчаванне, прывезлі аўтакраму, усталявалі пункт вакцынацыі і абменнік, абяцаюць паставіць і другі. Мігрантаў прышчапляюць кітайскай двухкампанентнай вакцынай, другую дозу якой трэба калоць не раней чым праз 21 дзень.

Яшчэ каля сотні мігрантаў 17 лістапада засялілі ў спартыўна-аздараўленчы цэнтр «Світанак» у Парэчча пад Гродна.

Чытайце таксама: