Наданне ахоўнага статусу комплексу цэментнага завода ў пасёлку Краснасельскім (Ваўкавыскі раён) разгледзяць 23 лістапада на пасяджэнні абласнога савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.

Ліст пра гэта за подпісам кіраўніцы Упраўлення культуры Гродзенскага гарвыканкама Алены Клімовіч апублікавал Telegram-канал «Спадчына». «Мусіць з 5-й спробы ўдалося прапхнуць прапанову на наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці», — адзначаюць аўтары. Зараз старыя будынкі на тэрыторыі завода зносяць, і без ахоўнага статусу комплекс можа знікнуць.

Цэментны завод у пасёлку Краснасельскім (тады — вёска Краснае Сяло) з’явіўся ў 1914 годзе. Тады ён называўся «Рось». Першы цэментны завод на тэрыторыі Беларусі збудавалі з элементамі стылю паўночнага мадэрну.

Цэмент з завода, які належыў АТ «Валынь», са станцыі Падрось (зараз — Рось) Палескіх чыгунак адпраўляўся на будоўлю Гродзенскай крэпасці, піша wikimapia.org. Сыравіну з кар’ера дастаўлялі паветрана-канатнай дарогай, якая праіснавала да 1959 года. З 1948 года для перавозкі сыравіны пачалі выкарыстоўваць аўтатранспарт. Да 1925 года цэмент адпраўлялі да спажыўцоў у драўляных бочках з ўласнай бандарнай майстэрні. Пасля Другой сусветнай вайны завод перайменавалі ў «Перамогу». З 1958 года пачалася рэканструкцыя і пашырэнне завода. Гэта дазволіла істотна нарасціць вытворчасць. Прадпрыемствы аб’ядналі ў «Ваўкавыскцэментнашыфер», з 1996 — ТАА «Краснасельскцэмент». У 1999 годзе было зарэгістравана ТАА «Краснасельскбудматэрыялы». З 2018 года прадпрыемства ўваходзіць у холдынг «Белорусская цементная компания».

Новы цэментны завод паблізу маральна і фізічна састарэлага першага вырашылі збудаваць у канцы 1980-х. Дэмантаж старога завода пачалі ў 2000-х гадах.

Чытайце таксама: