Яшчэ двое гродзенцаў патрапілі пад спецвытворчасць. Гэта Вадзім Саранчукоў і Алесь Кіркевіч. Працэс супраць іх пачалі 29 сакавіка. Абодвух абвінавачваюць па ч.1, ч.2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі “Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”. І Кіркевіч, і Саранчукоў эмігравалі з Беларусі.

Спецвытворчасцю ў Беларускім заканадаўстве называюць вытворчасць у адносінах да абвінавачаных, якія знаходзяцца за мяжой ці іншым чынам «ухіляюцца ад яўкі» ў адпаведныя органы. Гэты механізм з’явіўся ў Крымінальным Кодэксе у 2023 годзе. Ён дазваляе судзіць людзей завочна.

 Па выніках спецвытворчасці  у іх могуць канфіскаваць маёмасць і нават пазбавіць беларускага грамадзянства.

“Гэта толькі пачатак і перспектыва для вялікай колькасці беларусаў-эмігрантаў, – пракаментаваў для Hrodna.life Алесь Кіркевіч. – Логіка не ў тым, хто што зрабіў супраць дзяржавы і наколькі гэта “страшна”. Логіка матэрыяльная. Забраць у якасці кампенсацыі ўяўнага ўрону кватэры, дамы, аўто… Гэта тысячы адзінак нерухомасці. Гэта толькі пачатак”.

Чытайце таксама:

Алесь Кіркевіч з кнігай "Самурай". Фрагмент афішы з прэзентацыі твора
Алесь Кіркевіч з кнігай “Самурай”. Фрагмент афішы з прэзентацыі твора

“На самой справе выглядае як імітацыя бурнай дзейнасці, што не мае дачынення да права ні па духу, ні па сутнасці,- распавёў для Hrodna.life Вадзім Саранчукоў. – Я абсалютна адкрыты. Выйсці са мной на кантакт, каб правесці нейкія дзеянні дыстанцыйна, – абсалютна элементарна і проста.

Таму я  стаўлюся спакойна – як да працэсаў, што адбываюцца зараз ва ўсёй Беларусі, а не толькі са мной. Ну – працуем далей”.

Раней пад спецвытворчасць патрапіў уласнік крамы “Адметнасць” Сяргей Верамеенка, праваабаронца Віктар Хільмановіч, былая дырэктарка дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка, дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік.

Чытайце таксама: CК распачаў спецвытворчасць супраць трох гродзенцаў, якія зараз жывуць за мяжой

Усе гродзенцы, супраць якіх пачалі спецвытворчасць, знаходзяцца ў базе вышуку МУС Расіі.

Чытайце таксама: «Стаўлюся дрэнна, але не здзіўлены». Супраць блогера з Гродна распачалі крымінальную справу