Урачыстае адкрыццё лялечнага фестывалю ў Гродне адбылося 16 верасня. Удзел у ім прымуць каля 150 артыстаў з Беларусі, Расіі, Узбекістана і ўпершыню – Кітая.

Кітай на фестывалі прадставіць Цэнтральны тэатр марыянетак Цюаньчжоў з правінцыі Фуцзянь. Расія будзе прадстаўлена дзевяццю калектывамі з Пермі, Махачкалы, Іванава, Волагды і Арэнбурга. З Узбекістана прыехалі артысты з Джызака і Самарканда.

Беларускія ўдзельнікі плануюць паказаць свае найлепшыя спектаклі, адзначыў мастацкі кіраўнік Гродзенскага тэатра лялек Алег Жугжда — «Сымона-музыку» паводле Якуба Коласа і «Альпійскую баладу» паводле Васіля Быкава.

Адкрыццё фестывалю адбылося 16 верасня — і пачалося са святочнага шэсця ўдзельнікаў. Паказы працягнуцца да 20 верасня ўключна. Ёсць спектаклі для дзяцей і дарослых. Усе білеты на спектаклі на сцэне Гродзенскага тэатра лялек ужо прададзены.

“Лялькі над Нёманам” праводзяцца раз на два гады – гэта пяты па ліку фестываль.


Першы фестываль “Лялькі над Нёманам” прайшоў у 2013 годзе – тады ў Гродна прыехалі калектывы з Літвы, Украіны, Расіі і Польшчы. Другі фестываль, у 2014 годзе, быў яшчэ больш маштабны – 22 спектаклі з дзевяці краін: Польшчы, Літвы, Украіны, Сербіі, Эстоніі, Расіі, Чэхіі, Балгарыі і Беларусі.

Таксама некаторыя датычныя да фестывалю адзначалі, што прыярытэт аддаецца пастаноўкам Алега Жугжды.

“Нездарма перыядычна сярод тэатральных ходзяць жарты пра “фестываль імя Жугжды”: бо часам на форумах сыходзяцца па некалькі спектакляў Алега Алегавіча, прывезеныя тэатрамі з розных краін”, — адзначаў у размове з Hrodna.life адзін з тэатральных крытыкаў.

“У праграме першага фестывалю ў Гродне з 12 спектакляў быў адзін гасцявы, пастаўлены Алегам Жугждам. У 2022 было ўжо тры такія спектаклі з 13, у гэтым [2024] годзе – два з 14 (“Гертруда – Даніі краса і каралева, і гэты, як яго, прынц Гамлет…” з разанскага тэатра і “Антыгона” з Санкт-Пецярбурга)”.

Пасля васьмігадовай паўзы фестываль аднавіўся толькі ў 2022 годзе – і з замежных гасцей была адна Расія. Такое “геаграфічнае абмежаванне” крытыкі палічылі правалам.

“Цяпер “міжнароднасць” многіх фестываляў можа зводзіцца да трох краін, хаця яшчэ ў нулявых Міністэрства культуры настойвала, што міжнародным можна назваць толькі той форум, дзе ўдзельнічае не менш за пяць краін.

Для публікі няма былой разнастайнасці жанраў і форм спектакляў, у афішу трапляе значна менш арыгінальных прарыўных назваў. «Мы пачынаем хадзіць па коле знаёмых падыходаў у сцэнічнай працы, бо ездзяць часцей за тыя, у каго знаёмая для нашай публікі творчая канцэпцыя. Калектывам такая сітуацыя пагражае банальным: творчай стагнацыяй”, – выказваўся крытык.

Чытайце таксама: Як мiжнародны фестываль тэатра лялек у Гродне стаў “зборам” сяброўскіх краін (і чаму на яго ўсё ж варта ісці)