Летась 54% жанчын у Беларусі пацярпелі ад гвалту. Сэксуалізаванага, псіхалагічнага, эканамічнага ці іншага. Найчасцей яны сутыкаюцца з агрэсіяй у самым блізкім коле стасункаў - у сям'і, ад партнёраў ці знаёмых. Міліцыя штогод фіксуе 80−90 тысяч выпадкаў бытавога гвалту. Гендарныя даследчыцы ўпэўнены, што гэта — толькі вярхушка айсбергу. Псіхалагічны гвалт часта не лічаць «сур'ёзным» — пасля яго не застаецца фізічных слядоў. Але яго наступствы могуць быць не менш разбуральнымі. Разам з экспертамі высвятляем, як праяўляецца псіхалагічны гвалт і як супрацьстаяць, калі гвалт адбываецца ў тваім жыцці.
Гвалт у дзяржаве вядзе да гвалту ў сям'і
«У 2022-м, калі пачалася вайна Расіі супраць Украіны, мы адзначылі, што павялічылася колькасць зваротаў ад беларусак з нагоды хатняга гвалту, — кажа Святлана*, адна з удзельніц ініцыятывы „Когти Рагнеды“ — чат-бота, дзе псіхалагіні аказваюць падтрымку жанчынам у крызісных сітуацыях. — Маладыя жанчыны казалі, што не могуць знаходзіцца дома, бо гэта небяспечна, гвалтоўна».
![Пагрозы - гэта таксама псіхалагічны гвалт. Нават калі іх не здзяйсняюць](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2023/03/psihalagichny-gvalt-6-800x567.jpg)
У гісторыі Наташы* ёсць каханне да хлопца «з характарам». Год таму яны пачалі жыць разам. Праз нейкі час ён стаў падвышаць голас з любой нагоды. Калі быў незадаволены, мог моцна бразнуць кулаком па сцяне ці з грукатам паставіць кубак з гарбатай на стол. Калі Наташа расказвае пра стасункі сяброўцы, то часта паўтарае, што ён харошы, добра зарабляе, любіць яе і не б’е.
Калі ён вось так злуецца, Наташы страшна заставацца з ім сам-насам у кватэры. Але і сыйсці ў такі час яна таксама не рашаецца, каб не раззлаваць яго яшчэ больш. Наадварот — стараецца як-небудзь яго залагодзіць.
![Калі ў выніку нечыіх дзеянняў вам робіцца страшна - гэта псіхалагічны гвалт](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2023/03/psihalagichny-gvalt-7-800x567.jpg)
Да псіхолагаў яна ніколі не звярталася, бацькам пра складанасці з хлопцам не кажа. Яна лічыць, што з часам навучыцца быць самай лепшай для свайго каханага і ён пераменіцца.
Ці лёгка распазнаць псіхалагічны гвалт
Такія гісторыі расказваюць пра «дачку мамінай сяброўкі», не называючы імён. Сведкі падобных сітуацый звычайна распазнаюць у іх псіхалагічны гвалт.
«Маладыя жанчыны больш адчулальныя да праяваў гвалту. Тое, што пакаленне іх мам магло палічыць за норму, яны часцей успрымаюць, як чырвоныя сцяжкі,
— пацвярджае Святлана. — Найперш таму, што яны агулам маюць доступ да інфармацыі пра тое, што такое гвалт. Зараз пра гэта больш разважаюць публічна і пішуць у медыях. Агулам, тэма менш табуяваная, бо праца, каторую рабілі феміністкі, гендарныя даследчыцы і НДА моцна паўплывала на тое, як людзі распазнаюць гвалт".
«Агулам дадзеныя пра гвалт у адносінах да жанчын і дзяўчат, у прыватнасці пра хатні гвалт, не маюць рэальнага адлюстравання і часта аказваюцца заніжанымі», — піша ў сваёй працы гендарная даследчыца Вікторыя Лаўрэнюк.
На яе думку, прычыны ў тым, што, з аднаго боку, адсутнічаюць ці не развітыя сервісы падтрымкі, з іншага — пацярпелыя ад гвалту не давяраюць сілавым і судовым структурам.
![Калі жанчыну спрабуюць ізаляваць ад знешніх кантактаў і пазбавіць магчымасці звярнуцца па падтрымку - гэта псіхалагічны гвалт](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2023/03/psihalagichny-gvalt-4-800x567.jpg)
Калі шукаюць падтрымку?
Складанасць такіх сітуацый у тым, што да псіхолагаў звяртаюцца толькі тады, калі сітуацыя відавочна выходзіць з-пад кантролю. З іншага боку, сама жанчына часта адмаўляецца лічыць сітуацыю гвалтоўнай.
«Да псіхолагаў ідуць, як правіла, калі сітуацыя цягнецца год ці болей. Калі жанчына ўжо доўга жыве ў такім звышпрыгнечаным стане і сутыкаецца з гвалтам кожны дзень. Калі ў такой сітуацыі яна мае магчымасць звярнуццца да дапамогу і калі знаходзіць у сабе сілы звярнуцца па падтрымку».
Ці называць гвалт — гвалтам
Што да адмаўлення бачыць гвалт у адносінах да сябе, то на гэта моцна ўплывае знешняя сітуацыя і сёняшні сацыяльна-палітычны крызіс у дзяржаве, лічыць Святлана.
«Калі гвалт настолькі нармалізаваны на ўсіх узроўнях, калі гэта звычайная практыка ў сям'і, у грамадстве, у дзяржаве, калі гвалт выкарыстоўваецца рознымі актарамі у асяроддзі, дзе мы жывём, то жанчыне вельмі цяжка нагадваць самой сабе, што гэта ненармальна. Пацярпелай ад гвалту цяжка ўсведамляць, што тое, што з ёй адбылося — гвалт і назваць яго гвалтам».
![Дзеянні партнёра, ад якіх робіцца кепска ці балюча, ад якіх падае самаацэнка ці ставіцца пад сумнеў чалавечая годнасць – гэта псіхалагічны гвалт](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2023/03/psihalagichny-gvalt-2-800x567.jpg)
Праз тое Святлана кажа, што «абсалютна нармалёва», калі жанчына не хоча называць свой досвед гвалтам.
«Я не настойваю, каб усе так казалі. Ведаю, што для многіх гэта вельмі цяжкая тэма і гэта можа быць разбуральным для чалавека. Калі жанчына ўжо пабудавала свае жыццё не кранаючыся глыбока тэмы гвалту, які з ёй адбыўся, то не абавязкова „адкрываць ёй вочы“. Гэта можа быць адной з яе стратэгій самазахавання. У псіхалогіі лічыцца, што калі няма часу ці рэсурсаў даследаваць нейкі траўматычны досвед так, каб пераасэнсаваць, то лепей увогуле яго не чапаць. Таму што ніколі не можаш дакладна ведаць, што ў такім выпадку адбудзецца з чалавекам».
Асаблівасць цяперашняй сітуацыі - менш сіл на супраціў
Алена* лічыць, што сітуацыі з хатнім гвалтам існуюць праз тое, што жанчыны пагаджаюцца цярпець. Яна ўпэўнена, што любая пры жаданні можа выйсці з аб’юзіўных стасункаў. Такія высновы Алена зрабіла з уласнага досведу.
Яна выйшла замуж, ледзь споўнілася 18, за самага крутога хлопца ў іх кампаніі. Праз гэты шлюб пасварылася з бацькамі і сышла з дому. А праз некалькі месяцаў муж прайграў яе ў карты. Алена расказвае, як сышла з кватэры, якую здымалі, і некалькі тыдняў хавалася па сяброўках. Потым з’ехала ў Мінск, знайшла працу на заводзе і атрымала месца ў інтэрнаце. Потым была вучоба і падпрацоўкі. Пазней — другі шлюб. Зараз яна мае ўласны бізнес і добрую сям’ю. Кажа, што з хатнім гвалтам больш ніколі не сутыкалася, а на псіхалагічны ціск можа адказаць адпаведна.
На думку Святланы, зараз на падобны супраціў цяжэй знайсці рэсурс, асабліва тым жанчынам, што застаюцца ў Беларусі.
«Праз тое, што краіна перажывае палітычны і сацыяльны крызіс, што зусім блізка ідзе вайна, многія людзі зараз знаходзяцца ў эмацыйна ўразлівым стане. У многіх няма ўнутраных сілаў, каб супрацьстаяць гвалту. Зараз у працы шмат падобных кейсаў. Такім людзям патрэбна сістэматычная дапамога, каб выйсці з сітуацыі».
![У сітуацыі агульнага сацыяльна-палітычнага крызісу ў грамадстве, тым, хто пацярпелі ад гвалту, цяжэй знайсці ўнутраныя рэсурсы супрацьстаяць. Калі так, трэба звяртацца за дапамогай да спецыялістаў](http://cdn.optipic.io/site-102139/wp-content/uploads/2023/03/psihalagichny-gvalt-5-800x567.jpg)
Як быць, калі псіхалагічны гвалт вакол цябе?
У даследванні Вікторыі Лаўрынюк адзначаецца, што цягам 2022 годза з гвалтам сутыкнуліся 54% беларусак. Амаль 25% з апытаных сказалі, што перажывалі адчасова адзін від гвалту, амаль 10% - што два, 6% - тры. Найбольш распаўсюджаным відам гвалту ў адносінах да жанчын з усіх узроставых груп выявіўся псіхалагічны.
«Самае галоўнае — зразумець, што ніякія паводзіны пацярпелай не зменяць стаўлення аб’язера, — кажа Валерыя Лаўрэнюк. — Тобок гэта не пытанне карэкцыі паводзінаў жанчыны. Таксама важна разумець, што калі ёсць псіхалагічны гвалт, то існуе верагоднасць, што аднойчы ён перарасце ў фізічны. Таму патрэбна мэтанакіраваная праца агрэсара над сваімі паводзінамі - інакш сітуацыя не зменіцца. Калі агрэсар не гатовы ці не хоча, а такое сельмі часта здараецца, то адзіны спосаб спыніць гвалт — гэта сыйсці ад аб’юзера».
Што да сітуацыі, калі ты бачыш гвалт у сваім асяроддзі ў адносінах да знаёмых жанчын, то, меркаваннем Вікторыі Лаўрэнюк, змяніць сітуацыю без згоды пацярпелай немагчыма. «Лепшае, што можна зрабіць — прапанаваць жанчыне дапамогу, калі яна захоча зрабіць нешта з сітуацыяй гвалту ва ўласнай сям'і»
*Імёны гераінь зменены дзеля бяспекі
Цягам сакавіка мы падрыхтуем яшчэ некалькі матэрыялаў пра тое, як распазнаць і супрацьстаяць розным відам гвалту. Абмяркуем тэму з дасведчанымі эксперткамі і даследчыцамі, раскажам гісторыі жанчын, што пацярпелі ад гвалту, прааналізуем статыстыку.
Наступны матэрыял раскажа пра масштабы сэксуалізаванага гвалту ў дачыненні да жанчын і дзяўчат у Беларусі. Далей будуць матэрыялы пра эканамічны гвалт, гвалт у віртуальнай прасторы. Калі вам ёсць што расказаць у гэтай тэме — пішыце на info@hrodna.life.