Расійская «Медыязона» выпампавала базу вышуку МУС Расіі і зрабіла зручны пошук па ёй. Беларуская «Медыязона» вылучыла з базы ўсіх грамадзян Беларусі. Іх аказалася 3186 чалавек. Сярод іх ёсць і гродзенцы. Вы можаце самі пашукаць сябе і знаёмых па прозвішчы, імені і імені па бацьку.

Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, якіх вядомых гродзенцаў і ўраджэнцаў Гродзенскай вобласці (ці іх поўных цёзак) шукае расійская міліцыя.

У выніку хуткага пошуку ў базе вышуку МУС Расіі знайшліся:

  • Уладзімір Хільмановіч — гродзенскі журналіст і праваабаронца,
  • Алеся Руднік — паліталагіня і даследчыца, якую беларускі Следчы камітэт назваў адной з 20 «аналітыкаў Ціханаўскай»,
  • Ігар Банцэр — музыка і былы палітзняволены,
  • Таццяна Кулевіч — жонка журналіста Руслана Кулевіча,
  • Вольга Вялічка — псіхолаг, дырэктарка дзіцячага хоспіса,
  • Вадзім Саранчукоў — лідар партыі БНФ,
  • Сяргей Верамеенка — актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі,
  • Дзмітрый Фурманаў — былы палітзняволены,
  • Карына Маліноўская — з’ехала ў Польшчу і прайшла трэніроўку ад BYPOL,
  • Рэгіна Лавар — былая палітзняволеная з Іўя,
  • Алесь Кіркевіч — журналіст,
  • Юрый Дзяшук — журналіст з Бярозаўкі,
  • Анджэй Пісальнік — журналіст і актывіст польскай меншасці,
  • Пётр Анісімовіч — актывіст БНФ, атрымаў «хімію» і выехаў з Беларусі.

Гэта, відавочна, далёка не ўсе гродзенцы, хто можа быць у базе МУС Расіі.

Пра грамадзян Расіі ў базе звычайна пазначана, па якім артыкуле Крымінальнага кодэкса яны адшукваюцца. Аднак пра ўсіх знойдзеных намі гродзенцаў паказана толькі агульнае «адшукваецца па артыкуле КК» — без удакладненняў.

Даведацца, знаходзіцеся вы ці вашы знаёмыя ў вышуку ў Расіі, можна на сайце «Медиазона Беларусь».