Гродзенскі рок-музыка і былы палітвязень Ігар Банцэр прайшоў праверку на паліграфе. Ці сапраўды ён трымаў сухую галадоўку ў гродзенскай турме, ці прасіўся да Сяргея Міхалка ў музычны праект BRUTTO і ці хацеў стаць прэзідэнтам? Пра гэта музыка расказаў у праграме «Шчыра кажучы» на тэлеканале «Белсат». Hrodna.life паглядзеў праграму і выбраў самае цікаве.

Хацеў, каб Міхалок выклікаў на рынг: Ігар Банцэр прайшоў праверку на паліграфе
Ігар Банцэр на паліграфе ў праграме «Шчыра кажучы» на «Белсат». Скрыншот: «Белсат»

«Чакаю, калі БТ пакажа, як я п’ю з унітаза»

На думку паліграфолага, на пытанні Ігар Банцэр адказваў агулам шчыра. Аднак на некаторых пытаннях узніклі сумневы. Напрыклад, на пытанні, ці сапраўды музыка трымаў сухую галадоўку і не спажываў на працягу 16 дзён вады, паліграф адзначыў вельмі моцную рэакцыю. Вядоўца праграмы засумнявалася ў шчырасці Банцэра.

Музыка патлумачыў гэта тым, што, каб пачаць галадоўку, трэба напісаць афіцыйную заяву ў адміністрацыю турмы. Пасля гэтага ў камеры павінны скруціць краны. Банцэру падчас галадоўкі не скруцілі краны. У выніку на працягу ўсёй 16-дзённай галадоўкі ў камеры быў доступ да вады. Але Банцэр сцвярджае, што яе не піў - адзіным кантактам з вадой было мыццё зубоў.

Хацеў, каб Міхалок выклікаў на рынг: Ігар Банцэр прайшоў праверку на паліграфе
Ігар Банцэр на паліграфе ў праграме «Шчыра кажучы» на «Белсат». Скрыншот: «Белсат»

Былы палітвязень расказаў, што ў апошні дзень суду, перад выездам з СІЗА на пасяджэнне, яго пасадзілі ў так званы «стакан» з, на яго думку, жанчынай-правакатаркай. Яна, па словах Банцэра, крычала на ўсю турму, што быццам бы супрацоўнікі турмы паказвалі ёй відэа, дзе Ігар п’е ваду з бачка ўнітаза.

«Чакаю калі БТ пакажа, як я п’ю з унітаза», — падсумаваў гісторыю Банцэр.

Бацька будаваў арышт, у якім сядзеў сын

Брат Ігара у канцы 90-х быў нефармалам і граў у трэш-метал гурце, а потым пайшоў служыць у сілавых органах. Па гэтай прычыне сам Ігар не кантактаваў з братам 6,5 гадоў. Сёння музыка не выключае, што брата на працы маглі прасіць за ім сачыць. На сённяшні дзень брат Ігара даўно звольніўся з органаў і жыве ў Польшчы. Адносіны паміж імі дагэтуль няпростыя.

Ігар ніколі не хацеў служыць у сілавых структурах, хаця там служылі і яго бацька, і брат. Бацька да пенсіі быў інжынерам ва УУС Гродзенскага аблвыканкама і фактычна будаваў арышт, у якім пазней не раз сядзеў Ігар.

Банцэр расказаў, што ніколі не супрацоўнічаў з органамі і не перадаваў сілавым структурам інфармацыю, якая б магла нашкодзіць беларусам. Паліграф лічыць, што гэтыя словы Ігара — шчырыя. Музыка кажа, што наўпроставых прапаноў супрацоўніцтва ад сілавікоў не было, былі толькі «дзіўныя сітуацыі».

Ці прасіўся Банцэр у BRUTTO

На пытанне «Ці праўда, што Банцэр звязваўся з Міхалком, каб патрапіць у гурт BRUTTO?», музыка адказаў - «Не». Гэтаксама адмоўна ён адказаў на пытанне, ці праўда, што Міхалок адмовіўся браць Банцэра ў гурт. Наконт гэтых адказаў у паліграфа ўзніклі сумневы.

Хацеў, каб Міхалок выклікаў на рынг: Ігар Банцэр прайшоў праверку на паліграфе
Ігар Банцэр ў праграме «Шчыра кажучы» на «Белсат». Скрыншот: «Белсат»

Музыка патлумачыў, што творчасць Сяргея Міхалка яму не падабаецца і ён не хацеў з ім камунікаваць. Але пры гэтым вельмі паважае спартоўца Віталя Гуркова, які ўдзельнічаў у гурце BRUTTO. Яму ён прапаноўваў арганізаваць перформанс. Банцэр хацеў зрабіць «пастанову» — нібыта абразіць Міхалка, каб той выклікаў яго на рынг, каб навесці крыху «варушняка ў Беларусі». Але Гуркоў такую ідэю Банцэра не ацаніў.

Хоча вярнуцца ў Беларусь з «дудкамі, песнямі і пляскамі»

Шчыра, на думку паліграфолага, Банцэр сказаў пра тое, што калі б ведаў, што яго перформанс у стрынгах скончыцца пазбаўленнем волі, то усё роўна яго б паўтарыў.

У Беларусь музыка хоча вярнуцца з «перформансам, з дудкамі, песнямі, пляскамі і камерай „Белсата“».

Паліграф альбо дэтэктар хлусні — прылада, якая праз псіхафізічнае даследаванне арганізма чалавека (дыханне, рэакцыя скуры, сардэчна-сасудзістай сістэмы) дазваляе ацаніць эмацыйную рэакцыю на словы. Такім чынам паліграфолагі спрабуюць высветліць, кажа чалавек праўду альбо хлусіць. Навуковая супольнасць крытычна падыходзіць да паліграфалогіі і не лічыць паліграф дзейсным метадам вызначэння праўды і хлусні.