Гродзенскую інтэрнэт-краму «Адметнасць» унеслі ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў. Такое рашэнне прыняла Міністэрства ўнутраных спраў 20 сакавіка 2024 года. Адказнымі за фармаванне палічылі гродзенцаў Сяргея і Вольгу Верамеенкаў.

У экстрэмісцкае фармаванне патрапілі не толькі Telegram-чат і сацсеткі крамы, але і прыватныя акаўнты ўладальнікаў:

  • Telegram-чат «Адметнасць/Admietnasc»;
  • Telegram-акаўнт «Volia V»;
  • Telegram-акаўнт «Siarzuk»;
  • старонка ў Facebook «Крама беларускіх колераў»;
  • старонка ў Facebook «Сяргей Верамеенка (Сергій Веремеєнко)»;
  • старонка ў Facebook «Вольга Верамеенка»;
  • старонка ў «ВКонтакте» «АДМЕТНАСЦЬ»;
  • старонка ў «ВКонтакте» «Сяргей Верамеенка»;
  • старонка ў Instagram «admietnasc»;
  • старонка ў «Одноклассники» «Адметнасць. Крама беларуских колераў»;
  • старонка ў «Одноклассники» «Сяржук Верамеенка», «Вольга Верамеенка».

«Экстрэмісты — тыя, хто захапіў уладу ў Беларусі»

Уладальнікі крамы Вольга і Сяргей Вераменка даведаліся пра гэта ад журналістаў Hrodna.life, якія звярнуліся да іх па каментар. Да гэтай інфармацыя яны «ніяк не ставяцца».

«Нам усё роўна, хай сабе прыдумваюць, што хочуць. Мы не згодныя, бо мы не экстрэмісты, а экстрэмісты — тыя, хто захапіў уладу ў Беларусі, — сказала Hrodna.life гаспадыня крамы „Адметнасць“ Вольга Верамеенка. — У мяне прышч на барадзе ўскочыў з ранку, то ён мяне больш хвалюе, чым іх „прызнанне“».

Уладальнікі крамы плануюць напісаць пост у Telegram-канале крамы і папярэдзіць пакупнікоў. «Я спадзяюся, што ў нас няма падпісчыкаў з Беларусі. Бо ў Беларусь і Расію мы нічога не адпраўляем і ніхто не запытваецца перадаць нешта ў Беларусь. Усе кліенты ў замежжы».

Сацсеткі крамы прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі раней

Крама нацыянальных тавараў і рамесных вырабаў «Адметнасць» працавала ў Гродне на вуліцы Кірава, 3 з лістапада 2018 года. Яна спыніла сваю працу ў жніўні 2021 года. Гэта адбылося праз вобшукі і агляды ў краме. Гаспадыня крамы Вольга Верамеенка правяла трое сутак у ІЧУ, пасля чаго яе асудзілі за «пікетаванне». «Адметнасць» пачала працаваць як інтэрнэт-крама.

У жніўні 2023 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў сацсеткі крамы «Адметнасць» экстрэмісцкай інфармацыяй.

Супраць Сяргея Верамеенкі 14 сакавіка 2024 года Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць.