Суд Ленінскага раёна Гродна 21 жніўня прызнаў сацсеткі крамы «Адметнасць» экстрэмісцкай інфармацыяй. Яны з’явіліся ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Экстрэмісцкімі прызналі:

  • Telegram-чат «Адметнасць/Admietnasc»,
  • Старонку ў Instagram пад назвай «admietnasc»,
  • Суполку ВКонтакте пад назвай «АДМЕТНАСЦЬ»,
  • Суполку ў «Одноклассники» пад назвай «Адметнасць. Крама беларускіх колераў»,
  • Суполка ў Facebook пад назвай «Крама беларускіх колераў»,
  • Сайт-візітоўку mssg.me/admietnasc.

 — Гэтая інфармацыя была абсалютна чаканай, мы яе чакалі ўжо некалькі гадоў. Я думаю, ужо ў 2020-м ці 21-м годзе нас паводле іх заканадаўства можна было смела прызнаваць экстрэмістамі, тэрарыстамі, але яны зацягнулі. Чаму — я не ведаю. Па-мойму, яны проста гулялі ў футбол гэтакі. Усё роўна трэба было пазначыць чыёсьці прозвішча — у дадзеным выпадку, суддзя Лешык якісьці. Ім трэба было знайсці кандыдата на будучую люстрацыю, — выказаўся для Hrodna.life пра прызнанне Сяргей Верамеенка.

Па падставе якіх матэрыялаў сеткі прызналі экстрэмісцкімі і як ішоў суд, Верамеенкам невядома. Калі і матывіровачную частку дашлюць у лісце, уласнікі яго не атрымаюць, бо не знаходзяцца ў Беларусі. Пра «экстрэмісцкія тавары» ў сацсетках Верамеенкі напішуць сваім падпісантам — асабліва тым, хто ў Беларусі і хто ездзіць у Беларусь.

Раней інфармацыя пра тое, што сацсеткі крамы хочуць прызнаць экстрэмісцкімі, з’явілася ў раскладзе судовых пасяджэнняў. З яго можна даведацца, што заяўнікам па справе выступіў намеснік пракурора горада Віктар Гарошка, а суддзёй — Артур Лешык.

Зацікаўленымі асобамі на працэсе павінны былі выступаць уладальнікі крамы Сяргей і Вольга Верамеенка. Але яны не атрымалі ніякага паведамлення. Верамеенкі - грамадскія і палітычныя актывісты. Іх пераследвалі задоўга да 2020 года. Але і пасля ім давялося сутыкнуцца з судамі, затрыманнямі і ператрусамі. Яны з’ехалі за мяжу праз пераслед.

Што цяпер?

Цяпер за распаўсюд пастоў з гэтых старонак (а мяркуючы па практыцы прымянення закона, і за падпіску) пагражае адказнасць па арт.19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». За гэта прадугледжаны штраф альбо арышт. На практыцы вас, хутчэй за ўсё, будуць утрымліваць трое сутак да суда ў ізалятары, а затрыманне будзе падставай праглядзець ваш тэлефон.

Што з крамай далей?

Фізічны магазін спыніў працу ў Гродне з-за рэпрэсій у 2021 годзе. Цяпер ён працуе ў фармаце інтэрнэт-крамы. Асартымент не змяніўся. У продажы — футболкі, сумкі, біжутэрыя з нацыянальнай сімволікай і не толькі. Вы можаце зрабіць заказ онлайн і атрымаць тавар праз дастаўку. Калі вы ў бяспецы, можаце падтрымаць праект, падпісаўшыся на яго сацсеткі і зрабіўшы заказ.

Тавары ў Беларусь даўно не адпраўляюць з мэтаў бяспекі. «Таму гэта [прызнанне экстрэмісцкай інфармацыяй] на нас ніяк не паўплывае. Працаваць будзем, як і працавалі. Адзінае — пазначым гэта ў сацсетках, каб людзі, якія ездзяць у Беларусь і якія знаходзяцца ў Беларусі, ад нас адпісаліся», — кажа Вольга.

«Нашыя абароты пасля пераезду знізіліся ў дзесяткі разоў. У Польшчы мы дзейнічаем у межах незарэгістраванай дзейнасці. Яна дазваляе не плаціць падаткі, калі ваша дзейнасць не перавышае 1700 злотых ($ 415) у месяц на чалавек. На нас дваіх гэта — 3400. Але ў нас і 1700 не выходзіць. Калі б нас нехта падтрымліваў, мы былі б вельмі рады, тым больш, што і мы таксама падтрымліваем — каго і якім чынам, не будзем казаць. Але і матэрыяльна, і не толькі матэрыяльна мы падтрымліваем іншых людзей, каторыя звязаны так ці інакш з Беларуссю, — кажа Сяргей.