У Гродзенскім абласным судзе будуць судзіць супрацоўніка фонду «Вяртанне» Сяргея Макарэвіча. Яго затрымалі разам з кіраўніцтвам фірмы «Маёнтак Падароск» і адпусцілі пад даручальніцтва ў красавіку 2023 года.

Мужчыну судзяць па арт. 361 заўв. 2 КК «Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання (рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021)». Пасяджэнні пачнуцца 25 сакавіка. Суддзя — Валерый Раманоўскі.

Паводле «Вясны», Сяргея судзяць за данат.

Сяргей Макарэвіч — супрацоўнік Фонду «Вяртанне». Раніцай 4 лістапада 2022 года дома ў Макарэвіча прайшоў ператрус, а ў другой палове дня ён перастаў выходзіць на сувязь. Яго змясцілі ў ІЧУ Гродна. Пасля амаль пяці месяцаў за кратамі палітвязень быў вызвалены 11 красавіка 2023 года (паводле наяўнай інфармацыі — па паручальніцтве). Інфармацыі пра ягоную справу практычна няма.

Прыкладна ў той жа час на волю выйшлі фігуранты эканамічнай крымінальнай справы па прадпрыемстве «Маёнтак Падароск». Крымінальную справу спынілі. Крыніца Hrodna.life распавяла, што на кожнага фігуранта, тым не менш, завялі крымінальную справу, не звязаную з «маёнткам».

Заснавальнік і старшыня Фонду «Вяртанне» — прадпрымальнік і мецэнат Павел Падкарытаў. Праз яго падтрымлівалі беларускую культуру. Фонд ліквідавалі ў кастрычніку 2022 года.