Каля 16.00 27 сакавіка сілавікі прыйшлі з ператрусам дадому да Сяргея і Вольгі Верамеенкаў. Па якой справе ператрус, пакуль невядома.

Сяргей Верамеенка — гаспадар крамы з нацыянальнай сімволікай «Адметнасць». Сябра руху «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Неаднаразова адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у мірных акцыях у папярэднія гады. Апошні раз яго асудзілі за ўдзел у акцыі 19 жніўня 2020 года.

Ператрус у Верамеенкаў скончыўся каля 19.20. Відавочцы паведамляюць, што міліцыянты вынеслі з дому цэлы багажнік рэчаў. З Вольгай паехалі ў краму «Адметнасць». Верагодна, там таксама будзе ператрус.

Ператрус у «Адметнасці» скончыўся каля 20.30. Вольгу Верамеенку адвезлі ў Следчы камітэт.

Яе адпусцілі з СК каля 21.30. Яна праходзіць сведкай па справе аб рэабілітацыі нацызму. Падпіску пра неразгалошванне Вольгу даць не прасілі. Верамеенка кажа, што следчыя цікавіліся выставай Алеся Пушкіна ў Гродне.

Ператрус праводзілі 10 чалавек, у тым ліку амапаўцы. З дому канфіскавалі майкі і значкі з Пагоняй, тэлефон і ноўтбук Вольгі, з крамы — некалькі магнітаў.

Сяргей Верамеенка таксама праходзіць сведкам па справе.

Чытайце таксама: