У Гродне працягваецца пераслед актывістаў: з Міколам Тарандам не працягнулі кантракт на працы, Пятра Анісімовіча аштрафавалі на 100 базавых велічынь за «Пагоню», а «Цэнтр гарадскога жыцця» пастанавілі ліквідаваць. Што яшчэ адбылося за тыдзень?

Журналіст і старшыня «СПБ» застануцца пад вартай

Журналісту InformNapalm і газеты «Новы Час» Дзянісу Івашыну 11 траўня працягнулі знаходжанне пад вартай на два месяцы. Аб гэтым у Facebook расказала яго жонка Вольга. Яна стварыла шэраг хадайніцтваў і паручальныя лісты за Дзяніса, але следчы Лаўрэнчук працягнуў утрыманне пад вартай.

Дзяніс застанецца ў ІЧУ на Кірава, 1. Ён праходзіць падазраваным па справе па арт.365 КК — умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Палітзняволенай, старшыні «Саюза палякаў Беларусі» Анжаліцы Борыс таксама працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на пяць месяцаў. Борыс была затрымана 23 сакавіка ў Гродне. Пазней стала вядома, што яна стала фігуранткай справы па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу — «распальванне варожасці».

Мастак заснаваў арт-суполку ў турме

Мастак Алесь Пушкін у турме № 1 Гродна заснаваў арт-суполку «Турма». Пра гэта палітвязень паведаміў у адным з лістоў на волю.

У лісце, які цытуе «Новы час», ён паведаміў, што новая арт-суполка створана для тых мастакоў, хто:

  1. Сядзеў;
  2. Жыве альбо зрабіў свядомы выбар вярнуцца з эміграцыі ў Беларусь;
  3. Размаўляе на беларускай мове.

26 сакавіка супраць мастака ўзбудзілі крымінальную справу па ч.3 арт.130 КК («рэабілітацыя і апраўданне нацызму»). Нагодай стала дэманстрацыя партрэта Яўгена Жыхара на выставе мастака ў Гродне 19 сакавіка, паведаміла пракуратура. Мастак вярнуўся ў Беларусь увечары 26 сакавіка — яго затрымалі 30 сакавіка. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Мінску.

«Цэнтр гарадскога жыцця» ліквідуюць

Іск аб ліквідацыі «Цэнтра гарадскога жыцця» разгледзелі ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці 12 траўня. Суддзя Юлія Баклажац вынесла рашэнне: іск пракурора Гродна задаволіць, арганізацыю — ліквідаваць.

Прысуд замянілі больш жорскім

У Гродзенскім абласным судзе 13 траўня перагледзелі крымінальную справу Юзафа Нямеры. Судовая калегія ў складзе суддзяў Кулеша, Бубенчыка і Рачынскага прызначыла Юзафу Нямеру новае пакаранне — 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Яго раней асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі» за пінок у сцягно амапаўцу і ўдзел у акцыі пратэсту. З прысудам не пагадзіліся і абвінавачаны, і дзяржабвінаваўца.

Новыя палітвязні

Асуджанага Васіля Пільца прызналі палітвязнем. Яго абвінавацілі ў хуліганстве і асудзілі на год «хіміі». Пацярпелай па справе праходзіла Вольга Бондарава.

 — Мяркуем, што дадзеная крымінальная справа з’яўляецца яскравым прыкладам селектыўнага, дыскрымінацыйнага падыходу абвінавачвання і суда да ўзбуджэння і разгляду крымінальных спраў у дачыненні да іншадумцаў, — паведамілі праваабаронцы 13 траўня.

14 траўня палітвязнямі прызналі яшчэ трох чалавек, звязаных з Гродзеншчынай. Гэта Аляксандр Цялега, якога затрымалі і прад’явілі абвінавачанне па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Ён пад вартай у СІЗА.

Таксама палітвязнем прызналі Уладзіслава Шынковіча — асуджанага прысудам суда Навагрудскага раёна на 1,5 гады «хіміі» па арт. 391 КК (абраза суддзі) — і Сяргея Хаванскага — асуджанага прысудам суда Ленінскага раёна Гродна на два гады «хіміі» па арт. 368 КК (абраза прэзідэнта).

100 базавых — за шыльду з «Пагоняй»

14 траўня ў Гродне затрымалі грамадскага актывіста Пятра Анісімовіча. Яго выклікалі ў РАУС, адкуль ён ужо не выйшаў, паведамляе «Гарадзенская вясна».

15 траўня яго аштрафавалі на 100 базавых велічынь (2900 рублёў). Падстава — таблічка на прыватным доме з выявай герба «Пагоня». Суд палічыў гэта «несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам». Таблічку пастанавілі знішчыць.

Выкладчыка і актывіста звольнілі з універсітэту

З грамадскім актывістам і выкладчыкам Міколам Тарандам не працягнулі працоўны кантракт у Гродзенскім дзяржаўным аграрным ўніверсітэце.

Мікола Таранда — грамадскі актывіст, адзін з заснавальнікаў і кіраўнік гістарычна-культурнага клубу «Паходня» — найстарэйшай і адной з найбольшых у Беларусі суполак, што ўзнікла 12 сакавіка 1986. Таранда працаваў дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі ГДАУ, выкладаў мікрабіялогію на зааінжынерным, агранамічным і тэхналагічным факультэтах у ГДАУ і ў медычным універсітэце, паведамляе канал, прызнаны экстрэмістскім .

Гродзенец узначаліў партыю

Гродзенец Вадзім Саранчукоў ад 15 траўня будзе часова выконваць абавязкі кіраўніка партыі «Беларускі народны фронт», паведамляе сайт партыі.

 — Лічу, што нашай першачарговай задачай на цяперашнім этапе павінна быць захаванне і ўмацаванне юрыдычнай устойлівасці партыі, забеспячэнне яе працы ў цяперашніх надзвычай неспрыяльных умовах. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб старшыня партыі Рыгор Кастусёў ды ўсе зняволеныя па палітычных матывах былі вызваленыя. Мы будзем прыспешваць гэты момант усімі сродкамі, якімі валодае палітычная партыя згодна з уласным статутам, — сказаў ён.