Журналіст InformNapalm і газеты «Новы Час» Дзяніс Івашын на два месяцы застанецца ў ІЧУ на Кірава, 1, напісала ў Facebook ягоная жонка Вольга. Дзяніс праходзіць падазраваным па справе па арт.365 КК — умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка каля яго пад’езда. У яго дома, на дачы і ў бацькоў прайшлі вобыскі. Ператрус правялі ў прысутнасці жонкі Вольгі, калі яна вярнулася дадому. Яна разгубілася і не выклікала адваката, патлумачыла дзяўчына пазней. Копію пратаколу канфіскацыі ёй не далі.

15 сакавіка ператрус прайшоў і ў 95-гадовай хворай бабулі Дзяніса, паведаміла жонка Дзяніса Вольга. «Хоць ён там не пражывае і яго рэчаў там няма», — адзначыла яна.

На затрыманне Дзяніса адрэагаваў МЗС Літвы. «Пераслед і пагрозы ў адрас работнікаў СМІ ў Беларусі павінны спыніцца раз і назаўсёды», — напісалі літоўцы ў Twitter. На 15 сакавіка 10 беларускіх журналістаў знаходзяцца ў турмах, адзін — пад хатнім арыштам.

Дзяніс Івашын — рэдактар беларускай версіі і журналіст медыя informnapalm. Займаецца пераважна расследаваннямі. Ён пісаў пра санаторыі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі ў Крыме, аб сітуацыі з каронавірусам. Таксама ён пісаў пра тое, як былыя ўкраінскія «беркутаўцы» ўладкаваліся на працу ў беларускую міліцыю. Напярэдадні затрымання ён даў інтэрв'ю каналу «Настоящее Время» аб сваім расследаванні.

Чытайце таксама: