Іск аб ліквідацыі «Цэнтра гарадскога жыцця» разгледзелі ў Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці 12 траўня. Суддзя Юлія Баклажац вынесла рашэнне: іск пракурора Гродна задаволіць, арганізацыю — ліквідаваць.

Правесці ліквідацыю павінен дырэктар установы Павел Мажэйка да 12 жніўня.

Павел будзе абскарджваць рашэнне суда.

Крыміналіст і філосаф: заключэнне аб рэабілітацыі нацызму

На пасяджэнні прысутнічаў прадстаўнік пракуратуры — намеснік пракурора горада Гродна Аляксандр Южык — і прадстаўнік ісца — начальнік аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Дзяніс Чарняк. Аляксандр Южык папрасіў далучыць да справы заключэнне Абласной экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) прыкмет праявы экстрэмізму.

Рэабілітацыю нацызму на выставе рэалізавалі праз гераізацыю асобы Яўгена Жыхара, заключыла камісія ў складзе Вадзіма Хілюты, дацэнта кафедры крымінальнага права Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (ГрДУ), крымінальнага працэсу і крыміналістыкі, кандыдата юрыдычных навук і Сняжаны Семярнік, дацэнта кафедры філасофіі ГрДУ, кандыдата філасофскіх навук.

Павел Мажэйка прасіў даць яму час на тое, каб азнаёміцца з заключэннем і падрыхтаваць адказ на яго. Ён адзначыў, што іску паўтара месяца, а заключэнне перадалі толькі цяпер. «Усё ж такі вырашаецца лес пяцігадовай арганізацыі. Ярлыкі, якія навешвае пракуратура, дасыць сур’езныя. Я б хацеў дакладна вывучыць дакумент і падрыхтаваць адказ», — адзначыў Павел. Яго просьбу не задаволілі. Заключэнне далучылі да матэрыялаў справы. Таксама Павел хадайнічаў аб дазволе весці фота і відэаздымку — яму гэта таксама не дазволілі, «беручы пад увагу неабходнасць захаванне правоў і законных інтарэсаў усіх удзельнікаў працэсу».

Пракурор: пад выглядам выставы — «рэалізацыя дэструктыўных ідэй»

Яўген Жыхар з 1946 года ўзначальваў атрад паліцаяў, здзяйсняў забойства міліцыянтаў, здзяйсняў падпал адміністрацыйных будынкаў, дыверсіі, сказаў у сваёй прамове пракурор. Пушкін ахарактарызаваў яго як злачынцу і бандыта, а як «чалавека беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі». Тым самым Мажэйка і Пушкін праслаўлялі яго, гэта значыць, ажыццяўлялі рэабілітацыю нацызму, лічыць пракурор.

«Фактычна пад выглядам выставы ажыццяўлялася рэалізацыя ідэй дэструктыўнага характару, накіраваных на гераізацыю ваенных злачынцаў, апраўданне генацыду беларускага народа і рэабілітацыю нацызму», — сказаў Южык. Ісцец падтрымаў пазіцыю пракурора.

Мажэйка: няма парушэнняў і прычын ліквідаваць «Цэнтр»

Павел не пагадзіўся з пазіцыяй пракуратуры. Па-першае, адзначыў ён, не прадастаўлена доказаў таго, што на карціне намаляваны менавіта Яўген Жыхар, а не вобраз, створаны мастаком. Па-другое, прыналежнасць нацызму прызнаецца прысудам Міжнароднага ваеннага трыбунала, а ў свеце не існуе рашэнняў суда, згодна з якімі чалавек з імем Яўген Жыхар прызнаваўся б ваенным злачынцам, нацыстам і ўдзельнікам нацысцкіх арганізацый, прызнаных вінаватымі ў ваенных злачынствах. Тое ж — з арганізацыямі, сябрам якіх быў жыхар.

Існуе пералік васьмі арганізацый і структур у законе «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», у якім няма тых, да якіх меў дачыненне Яўген Жыхар, адзначыў Павел. Таксама ж ёсць рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў - карціны Алеся Пушкіна сярод іх няма. А значыць, лічыць Павел, экспанаванне не з’яўлялася рэабілітацыяй нацызму, такім чынам, няма парушэнняў і прычын ліквідаваць «Цэнтр».

Пракурор і пазоўнік адзначылі, што рэабілітацыяй нацызму з’яўлялася не само экспанаванне, а дэманстрацыя карціны з каментаром мастака. Пры гэтым, лічаць яны, дастаткова аднаго экспертнага заключэння аб прызнанні дзеянняў рэабілітацыяй нацызму. Павел адзначыў, што сярод экспертаў няма гісторыка. Да таго ж, няма дадзеных аб тым, якімі крыніцамі і базай карысталіся эксперты.

 — На 19 чысло, калі была адкрыта выстава з гэтай карцінай, ні [удзелу] ў спісе экстрамісцкіх матэрыялаў, ні заключэння экспертнага, — нічога не было. У чым мая віна як дырэктара арганізацыі - хачу гэта зразумець. < … > Так можна закрыць любы музей, таму што там ёсць фотаздымкі і карціны людзей з аўтаматамамі. <…> Не кажу ўжо пра гісторыю — што няма адназначнага бачання і не можа быць.

Ліквідаваць «Цэнтр» папрасіў пракурор горада

Падрыхтоўчыя пасяджэння па справе прайшлі ў красавіку. Пракурор горада Гродна Уладзімір Клішын 30 сакавіка звярнуўся ў Эканамічны суд Гродзенскай вобласці з просьбай ліквідаваць культурна-асветніцкую прыватную ўстанову «Цэнтр гарадскога жыцця». Прычына — выстава Алеся Пушкіна, на якой нібыта была карціна, якая падпадае пад Закон Аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Верагодна, гаворка ідзе пра карціну, на якой намаляваны Яўген Жыхар.

У пазове Клішын спасылаецца на арт.81 Кодэкса аб культуры, згодна з якой дзейнасць культурнай установы можна забараніць, калі яна прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць.

Крымінальная справа

«Цэнтр гарадскога жыцця» — гэта прыватная адукацыйна-культурная пляцоўка. Тут прайшлі сотні мерапрыемстваў, выступалі музыкі, праходзілі заняткі курсаў беларускай мовы «Мова Нанова», вясной 2020 года збіралі ахоўныя экраны для медыкаў. На кіраўніка пляцоўкі Паўла Мажэйку, мастака Алеся Пушкіна і «іншых асоб» 26 сакавіка завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК нібыта за дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму.

Чытайце таксама:

Пішу пра людзей з інваліднасцю, актывістаў, палітыкаў і дабрачыннасць.