Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў мястэчку Будслаў (Мядзельскі раён Мінскай вобласці) загарэўся раніцай 11 траўня. Паведамленне аб задымленні паступіла ратаўнікам ад ксяндза ў 7.47, паведамляе МНС. На момант узгарання прыхаджанаў у касцёле не было. Касцёл вядомы цудадзейнай іконай і найвялікшым у Беларусі арганам.

На ліквідацыю пажара прыехалі 12 аўтацыстэрнаў, 4 аўталесвіцы, 2 пад’ёмнікі і іншыя аўтамабілі МНС. Удзельнічаюць ратавальнікі з Мядзельскага, Вілейскага, Докшыцкага і Астравецкага раёнаў, а таксама з Мінска.

“Дах згарэў пад ноль”. У галоўнай святыні беларускіх католікаў адбыўся пажар (абноўлена)
Фота: Святлана Клачкова

«Я размаўляў з ратавальнікам, які выйшаў са скляпенняў касцёла, з вежаў. Ён сказаў, што скляпенні нармальна будуць стаяць, не абрушацца, вежы дакладна ўратаваныя і гарэць не будуць. Самі сцены не пацярпелі. Згарэў толькі дах. Згарэў пад ноль», — расказаў Hrodna.life каталіцкі актывіст Арцём Ткачук, які гэтай раніцай акурат знаходзіцца ў Будславе.

Пажар удалося лакалізаваць у 11.24. Мядзельскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.304 (парушэнне правілаў пажарнай бяспецы). На месцы праводзяць агляд для высвятлення прычыны пажара.

З касцёлы вынеслі абраз і ўсё, што магчыма

Абраз Маці Божай Будслаўскай адразу пасля з’яўлення дыму вынеслі з касцёла ў бяспечнае месца, паведаміў Catholic.by пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік. З дапамогай валанцёраў з касцёла вынеслі ўсё, што толькі магчыма: літургічныя праналежнасці, абразы, кнігі і іншыя рэчы.

Ксёндз Дзмітрый Дубовік каля касцёла ў Будславе
Ксёндз Дзмітрый Дубовік каля касцёла

Храм у Будславе быў пабудаваны ў 1633 — 1783 гг. у стылістыцы позняга барока. У ім захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай, прывезены ў 1597 годзе Янам Пацам з Рыма. У 1613 годзе абраз перадалі касцёлу. У перыяд вайны 1654−1667 гадоў ікона была вывезена ў Сакулку (сёння Беластоцкая вобласць).

Свята Маці Божай Будслаўскай адзначаецца 2 ліпеня. Штогод у гэты дзень мноства вернікаў прыязджае ў мястэчка на фестываль, а частка вернікаў прыходзіць у пешых паломніцтвах.

У касцёле размешчаны самы вялікі ў Беларусі барочны арган, пабудаваны ў 1781−83 гг.

«Я ў Будслаў у пілігрымках быў 15 разоў. Мне сёння 32, і я з гадоў 10 хадзіў у пілігрымкі, — кажа Арцём Ткачук. — Я вырас пры тым пакаленні, калі нашы бацькі хадзілі да Маці Божай Вострабрамскай, у Чэнстахову ездзілі, а ў нас быў толькі Будслаў. Канешне, гэта вельмі эмацыйнае месца. Кожны год гэта была такая батарэйка: сюды прыйсці ў пілігрымку, памаліцца… Для нашага пакалення гэта вельмі блізкі сэрцу храм, і для мяне асабіста».

Касцёл у Будславе з’яўляецца Нацыянальным санктуарыем і мае 500 — гадовую гісторыю. (Санктуарый — свяцілішча (месца шанавання святых могилак, рэликвий, цудадзейных статуй ці ікон) з правам прытулку.

Абраз Маці Божай Будслаўскай з’яўляецца цудадзейным і ўшанаваны папай рымскім Янам Паўлам ІІ залатой каронай. Штогод 2 ліпеня тут збіраецца каля 40 тысяч чалавек каб памаліцца перад цудадзейнай іконай. У 2018 годзе пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай прызнана нематэрыяльнай спадчынай ЮНЭСКА.