Крама нацыянальных тавараў і рамесных вырабаў «Адметнасць» спыніла працу. Пакуль — часова. Праз вобшукі і агляды ў краме вынялі тавары на $ 4000 і гандляваць пакуль няма чым. Да таго ж, гаспадыня крамы Вольга Верамеенка асцерагацца чарговага пераследу за тавары з нацыянальнай сімволікай — раней яе асудзілі за «пікетаванне».

Краму «Адметнасць» стварылі ў 2018 годзе. Тут можна было набыць адзенне, сувеніры і рэчы для дома з беларускай сімволікай. Тавары бралі на рэалізацыю ў рамеснікаў і прадпрыемстваў - фабрык мастацкіх вырабаў. Крама была разлічана на беларусаў і турыстаў. У 2020 годзе гаспадары крамы — Сяргей і Вольга Верамеенкі - сутыкнуліся з ціскам.

— Зараз крама не працуе. Я вяртаю тавар, які ў нас быў на рэалізацыі, праводжу падлік таго, што забралі, што мы вінны рамеснікам і тым, у каго бралі тавар на рэалізацыю, вывожу мэблю, — расказала Вольга Верамеенка Hrodna.life.

Яна спадзяецца, што крама закрылася часова. Але на колькі зацягнецца такі стан, пакуль невядома. Пасля перапынку Вольга спадзяецца вярнуцца на тое ж месца на Кірава, 3 — пытанне з арэндай вырашаецца.

Як ціснулі на «Адметнасць» пасля выбараў?

За два вобшукі ў жніўні 2020-га і сакавіку 2021-га і адзін агляд у краме і па месцы жыхарства ў Верамеенкаў вынялі тавараў і асабістых рэчаў на $ 4000. Апошні раз вынялі тавар на 2000 рублёў. Гэтыя грошы трэба кампенсаваць рамеснікам. Па выніку суда, вынятыя рэчы знішчаць. Вольга спадзяецца, што вынятыя па ранейшых справах рэчы могуць вярнуць, калі іх прызнаюць недатычнымі да справы.

«Раптоўна аказалася, што я пікетую»

Гаспадыню крамы «Адметнасць» Вольгу Верамеенка судзілі ў будынку РАУС 18 чэрвеня за «пікетаванне». Рэчавымі доказамі палічылі футболкі з выявай «Пагоні», званочак, банер. Раней Вольга правяла трое сутак у ізалятары, пакуль яе не адпусцілі да суда.

 — Я працавала з 2018 года, кожны дзень усё гэта прадавала, а потым раптоўна аказалася, што я пікетую. То зараз зноў прыйдуць і скажуць, што я пікетую з вышыванкамі ці з лялькамі, — асцерагаецца Вольга.

Зараз у Вольгі можна купіць яе рамесныя вырабы з валяння, цацкі ці кубкі.

Чытайце таксама: