Гродзенскія бізнесмэны браты Байко, якія заснавалі кампанію «Контэ спа», разам з падкантрольным ім Тураўскім малочным камбінатам пашыраюць сельскагаспадарчы кластар у Віцебскай вобласці. Асноўнай пляцоўкай стане аграпрадпрыемства “Таргуны” Докшыцкага раёна.

Што бізнесмены будуць рабіць у Віцебскай вобласці?

Галоўная інвестыцыйная задача на 2026—2028 гады — спраектаваць і ўзвесці малочнатаварны комплекс поўнага цыкла паблізу вёскі Камайск. Таксама плануюць завяршыць будаўніцтва фермы ў населеным пункце Вецера. Увод новых аб’ектаў дасць магчымасць падвоіць аб’ёмы вытворчасці малака.

За якія грошы будзе пашырацца кластар?

Фінансаваць будоўлю вытворчых камплектаў плануюць за кошт сродкаў акцыянераў і крэдытаў у рамках дзяржпраграм развіцця сельскай гаспадаркі.

У «Таргунах» правялі падпіску на акцыі дадатковага выпуску на суму 40 млн руб. Асноўную нагрузку па фінансаванні ўзяў на сябе перапрацоўшчык: акцыянеры Тураўскага малочнага камбіната адобрылі выкуп 32,97 млн акцый на суму 30 млн руб. Яшчэ амаль 11 млн акцый на 10 млн рублёў набыло прадпрыемства “Контэ Інвест”, давёўшы свой прамы пакет у “Таргунах” да 46,47% устаўнога фонду.

Зрэшты, інвестары падкрэсліваюць, што стратэгічнымі задачамі з’яўляецца не толькі нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці, але і рост агульнай эфектыўнасці працы сельгаспрадпрыемства, а таксама пагашэнне назапашаных даўгавых абавязацельстваў.

Чым вядомыя браты Байко?

Валянцін і Дзмітрый Байко – ураджэнцы Гродна. Валодаюць актывамі прадпрыемстваў:

  • «Контэ Спа»,
  • Брэсцкі панчошна-шкарпэтачны камбінат,
  • «КонтэТрэйд»,
  • «Арст»,
  • Тураўскі малочны камбінат,
  • «БК-Мілк»,
  • «Трыніці Інвест»,
  • «Логал Біо» (толькі Валянцін),
  • «Здаровая краіна» (толькі Валянцін).

У Гродне ў братоў Байко ёсць кампанія «Контэ Інвест», даччынае прадпрыемства кампаніі “Контэ Спа”. Яно валодае гандлёвымі цэнтрамі ў розных рэгіёнах Беларусі, у тым ліку гродзенскім ГЦ “OldCity”. Цяпер кампанія займаецца забудовай участку на Замкавай, 7а.

У траўні 2023 Валянцін Байко трапіў пад канадскія санкцыі з-за вайны ва Ўкраіне.

Чытайце таксама: Гродзенцы браты Байко ўвайшлі ў ТОП-100 паспяховых бізнесменаў Беларусі — але апускаюцца ўсё ніжэй