Новая жылая забудова таунхаусаў у Гродне побач з скрыжаваннем вуліц Грандычная і Каплічная з’явіцца ўжо ў 2024 годзе. Запланаваны раней праект змянілі.

Новы праект прадугледжвае пабудову чатырох блакаваных дамоў і адзін аднапавярховы катэдж. У кожным з блакаваных дамоў будзе па чатыры кватэры. Тэрыторыя забудовы будзе закрытай, з уласнай паркоўкай, пры ўездзе ўсталююць шлагбаум.

У кожнай кватэры будзе асобны ўваход і ўласная прыдамавая тэрыторыя каля двух сотак. На першым паверсе запраектаваны тамбур, топачная, санвузел і аб’яднаныя ў адну прастору агульны пакой, кухня і калідор. Вокны будуць «у падлогу». На другім паверсе — тры жылыя пакоі, ванна і калідор. Вышыня столяў - 2,7 м. Плошча кватэр будзе 94,28 і 97, 52 кв. м. Да дамоў падвядуць камунікацыі. Ацяпленне і падагрэў вады будзе ад газавага катла, у пакоях паставяць сталёвыя радыятары. Пліты на кухнях будуць электрычнымі. Дамы збіраюцца ўвесці ў эксплуатацыю вясной 2024 года. Новы квартал назавуць «Гранд».

Забудоўшчык таунхаусов — група кампаній «Палессежылбуд». Менавіта яна зараз займаецца зносам і перабудовай царскіх казармаў на Шчорса. Рашэнне аб зносе казармаў прынялі ўжо пасля грамадскіх абмеркаванняў, праект змянілі.

Што планавалі пабудаваць раней

У пачатку 2022 года на Каплічнай планавалі ўзвесці два будынкі: аднакватэрны дом тыпу катэджа і таунхаус на 10 кватэр. Ён павінен быў стаць першым прыкладам такой пабудовы ў Гродна. Пад забудову адвялі ўчастак у 32 соткі. Грамадскія абмеркаванні праходзілі ў лютым 2022 года.

Участак, адведзены пад забудову таунхаусамі ў Грандзічах у 2022 годзе
Участак, адведзены пад забудову таунхаусамі ў Грандзічах у 2022 годзе. Крыніца: grodno.gov.by
Праект таунхаусаў на Каплічнай 2022 года
Праект таунхаусаў на Каплічнай 2022 года. Крыніца: grodno.gov.by