Горад

Пальмы з бутэлек і банеры з каровай: адкуль у гарадской прасторы бярэцца безгустоўная рэклама, кіч і ЖЭК-арт

Візуальныя рашэнні на вуліцах беларускіх гарадоў часта моцна адрозніваюцца ад таго, што мы бачым у, напрыклад, Заходняй Еўропе. Скульптуры і помнікі, якія стварылі ўжо ў час незалежнасці, афіцыйныя банеры, плакаты і графіці на сценах чамусьці шмат у каго выклікаюць пачуццё сораму і не падаюцца эстэтычнымі. У дварах жа можна знайсці так званы ЖЭК-арт — усякія спрэчныя кампазіцыі: жабкі, намаляваныя на камянях, лебедзяў з аўтамабільных шын, азёры са старой цыраты… Такія ўпрыгожанні часта становяцца аб’ектамі для жартаў у сацыяльных сетках.

Дык што не так з выяўленчым мастацтвам у беларускіх гарадах? Сабралі для вас меркаванні дызайнер_ак і мастацтвазнаўцаў у новым выпуску падкаста «Утульны горад».

Слухайце размову цалкам або чытайце ў вялікім скароце тэзісна ніжэй.

Вонкавая рэклама і што з ёй не так

Вонкавая рэклама — важны графічны элемент у сучасных гарадах. Прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы размяшчаюць банеры, плакаты, расцяжкі і маленькія рэкламныя абвесткі паўсюль, дзе не забаронена заканадаўствам. Так візуальная рэкламная становіцца вялікай часткай гарадскога ландшафту.

Добры дызайн рэкламнага крэатыву — гэта зусім не пытанне густу, лічыць наш суразмоўца-дызайнер, які працуе ў буйным беларускім рэкламным агенцтве. У дызайне існуюць правілы вёрсткі, размяшчэння аб’ектаў і падбору колераў. Калі ўсе гэтыя правілы выконваюцца, то інфармацыя з рэкламнага плаката ці банера лёгка счытваецца. Калі правілы парушаюцца — вонкавая рэклама выглядае як візуальны шум і выклікае абурэнне.

Чаму дызайн у дзяржпрадпрыемстваў такі страшны

Усю вонкавую рэкламу ў Гродне можна ўмоўна падзяліць на рэкламу прыватных арганізацый і дзяржаўных. У выпадку, калі рэклама належыць дзяржаўнаму прадпрыемству, як правіла, будуць парушаны ўсе правілы дызайну. Таму даволі часта мы бачым, напрыклад, банерныя расцяжкі напярэдадні святаў, дзе выкарыстоўваецца цэлая эклектыка колераў і разнастайных элементаў.

Чаму так адбываецца? Справа ў тым, што дзяржаўныя арганізацыі звычайна абвяшчаюць тэндар на стварэнне новага дызайну. Паводле ўмоваў тэндару выйграе тая кампанія, якая возьмецца зрабіць дызайн за найменшыя сродкі. Буйныя агенцтвы нават не ўдзельнічаюць у тэндарах на такіх умовах, бо ў стане зарабіць у разы больш на кантрактах з прыватнымі кампаніямі.

У выніку ў тэндары выйграе нейкае маленькае мясцовае агенцтва, дзе часта працуюць не самыя прафесійныя людзі. Аднак нават калі агенцтва зробіць мінімалістычны стыльны дызайн, хутчэй за ўсё супрацоўнік ці супрацоўніца дзяржаўнай установы папросіць перарабіць. У дзяржаўных установах амаль ніколі за канчатковы выбар рэкламнага макету не адказвае чалавек, які мае адмысловую адукацыю ў маркетынгу ці дызайне. Таму часцей за ўсё ўстанова папросіць зрабіць нешта накшталт таго, што рабілі да гэтага — то бок, эклектычны калаж.

Сметніцы з капелюшамі і пячатка на клумбе

Яшчэ адзін візуальны элемент, які кідаецца ў вочы ў беларускіх гарадах, — гэта мастацка-скульптурныя творы. Напрыклад, перад адным з фестываляў нацыянальных культур у Гродне з’явіліся сметніцы «дама» і «кавалер», альтанка з рознакаляровым пластыкавым дахам і скульптура пячаткі, якая проста ляжыць на траве на Савецкай плошчы.

Яшчэ ў 2018 годзе, калі гэтыя скульптурныя кампазіцыі з’явіліся ў горадзе, вядомая гродзенская дызайнерка абуралася іх выглядам. Даследчыца Дар’я Бунеева ў даследаванні «Кіч у сучасным гарадскім асяроддзі Беларусі» называе такія мастацкія рашэнні менавіта кічам.

Адкуль бярэцца кіч

Кіч — гэта псеўдамастацтва, якое прыцягвае да сябе ўвагу яркімі вобразамі і экстравагантнасцю. На думку даследчыцы, такое псеўдамастацтва дамінуе ў гарадскім асяроддзі праз нашую постсавецкую рэчаіснасць. Дзяржаўных механізмаў аддзяляць «слушнае» мастацтва ад «няслушнага» не засталося, але праз вялікую прысутнасць дзяржавы ў сацыяльна-культурнай сферы рынкавыя механізмы таксама не даюць рады сфармавацца.

У такім прамежкавым стане дзяржава ўсё яшчэ займаецца ўзгадненнем макетаў дзвюх сметніц, але ўжо не мае адзінага «канструктарскага бюро», а вымушана звяртацца да прыватных арганізацый. Працоўнага механізму адбору з тых прыватных арганізацый найбольш якаснай таксама ўсё яшчэ няма.

Лебедзі з шын і «ЖЭК-арт»

Сучасныя даследчыкі ўсё часцей пад словам ЖЭК-арт разумеюць творчасць аматараў і аматарак, якія з танных матэрыялаў робяць нешта прыгожае, каб уладкаваць тэрыторыю каля дому.

Калі гаворка вядзецца пра шматкватэрныя дамы, а не пра ўласны двор, то з’яўленне дзівосных скульптур — звычайна трывожны сімптом. Як правіла, гэта значыць, што тэрыторыя дома не была ўпарадкавана камунальнымі службамі і мясцовыя жыхары і жыхаркі мусяць рабіць нешта з падручных матэрыялаў, каб упрыгожыць свой двор.

Чытайце таксама: Постмадэрн сваімі рукамі. Як упрыгожваюць двары на раёнах у Гродне і не толькі

Хаця творы ЖЭК-арт — індывідуальнае мастацтва, у зусім розных дварах і гарадах мы бачым вельмі падобныя скульптуры: расфарбаваныя камяні, пальмы з бутэлек і грыбочкі са шляпкамі-міскамі. Справа ў тым, што ўсе матэрыялы лёгка знойдуцца ў любым двары і ў любой гаспадарцы. Тым часам інтэрнэт мае шмат інструкцый, як лёгка зрабіць са старых бутэлек пальму. Менавіта праз гэтыя два фактары адбываецца стэрэатыпізацыя дваровага мастацтва.

Чытайце таксама: Што такое ЖЭС-арт і да чаго ён прывядзе. Гродзенец Максім Швед пра мастацтва цэнзуры

Пры гэтым само па сабе імкненне народных творцаў неяк упрыгожыць свой двор і праявіць мастацкі талент выклікае ў даследчыкаў хутчэй замілаванне, чым абвінавачанне ў безгустоўнасці.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024