У гродзенскіх раёнах тыпавой забудовы можна знайсці зусім нетыповыя двары. Яны ўпрыгожаны самаробнымі скульптурамі са старых пакрышак, пальмамі з пластыкавых бутэлек і старымі мяккімі цацкамі. Хто так робіць і чаму? Гэта вынік цягі да мастацтва ці адсутнасць сродкаў? Hrodna.life разбіраецца.

Што знайшлі, з таго зляпілі

Двор дома 15/207 на Фолюш такі, што не абмінеш. Тут і драўляная скульптура, і пластыкавыя лебедзі і каменныя звяркі. Займаецца ім пенсіянерка Святлана Барысава.

Кватэру ў гэтым доме сям’я Барысавых атрымала 30 гадоў таму. Побач з новым домам былі толькі пустка і яр.

«Хацелася неяк акультурыць, — распавядае пенсіянерка, — то нешта зляпілі, нешта выразалі. Так і пайшло».

Цяпер да Святланы Барысавай прыходзяць энтузіясты з суседніх дамоў. Адны просяць парады, як упрыгожыць газоны, іншыя прапануюць абменьвацца кветкавай рассадай і сябраваць дварамі.

Каменных лебедзяў з пластыкавымі шыямі і цэментава-жвіровых кракадзілаў Барысавай ведае ўвесь раён. А вось драўляныя скульптуры ў двары ўсталявалі камунальнікі. «Наш дом тры гады запар займаў першыя месцы па горадзе сярод шматпавярховікаў. І кожны раз УЖРЭП нас прэміраваў. Гэта падарункі за тое, што мы стараемся».

Дэкаратыўнае дрэўца — тую — пенсіянерка таксама атрымала ў падарунак за ўдзел у конкурсе «Гаспадыня сядзібы — гаспадыня краіны». І пасадзіла яе, вядома, у сваім двары. «У мяне яшчэ грамата за „супер-бабулю“ ёсць. „За артыстызм“ мая намінацыя называлася», — усміхаецца яна, распавядаючы пра творчыя поспехі.

Ландшафная мастацкая самадзейнасць

«Людзі ў нас творчыя, вось і хочацца нешта ствараць. Гэта патрэба чалавечая, парыў», — разважае пра дваровае мастацтва дырэктар цэнтра народнай творчасці Андрэй Пятрук. — Можа, ім не заўсёды хапае адукацыі і мастацкага асэнсавання. Гэты накірунак у нас толькі фармуецца. А за мяжой такое даўно папулярна, там ужо сапраўдныя «смеццевыя» мастакі выраслі. Працуючы з адходамі, яны робяць свет вакол больш экалагічным, чыстым і прыгожым".

Скульптура ў шведскім порце Хельсінборг, памерам 2×4 метры, цалкам зробленая са смецця, сабранага ў вадзе паблізу берага
Выкарыстанне непатрэбных рэчаў для ландшафтнай мастацкай самадзейнасці цалкам лагічна, лічыць Пятрук. У народнай творчасці заўсёды выкарыстоўвалі матэрыялы, якія «валяліся пад нагамі».

«Раней нашы бабулі-дзядулі ішлі ў поле, у лес, бралі ў прыродзе, што было даступна — гліну, дрэва, салому. У гарадскім асяроддзі прыродныя матэрыялы так проста не знойдзеш. А камяні, пластык, трубы — гэта на кожным кроку». Даць вызначэнне ўбачанаму ён не бярэцца: «Такое пакуль нідзе не апісана».

Цудоўнае ў жахлівым і 100 гадоў постмадэрну

Спецыялісты з мастацкіх колаў з катэгарычнымі ацэнкамі такой творчасці не спяшаюцца. Маўляў, 100 гадоў як мы жывем у постмадэрне. Кожны сам мае права вырашаць, што такое прыгажосць і што ёсць мастацтва.

«Не можа быць нешта адно прыгожым для абсалютна ўсіх людзей. Нават у жудасным можна ўбачыць прыгожае», кажа дызайнерка Воля Новік. — Мастацтвам можа быць што заўгодна — ад камяня ў лужыне да карціны ў Луўры. Сёння мы самі вырашаем, што мастацтва, а што не. Ды што там сёння — ужо сто гадоў. Смешна, калі нехта гэтага так і не зразумеў".

«Фантан Дзюшана». Гэты новенькі пісуар з сантэхнічнай крамы ў 1917 годзе мастак выставіў у якасці твора і падпісаў адным са сваіх псеўданімаў - подпісам R. Mutt, что ў перакладзе азначае «дурань». У 2004 годзе па выніках апытанкі газеты Daily Telegraph сярод 500 самых вядомых мастакоў, крытыкаў і музейшчыкаў, гэты твор назвалі тым, што найбольш паўплываў на далейшае развіццё сусветнага мастацтва.
Дызайнерка называе аматарскія вырабы інсталяцыямі і кажа, што незалежна ад эстэтычных якасцяў, яны выглядаюць як «характэрная асаблівасць культурнага ландшафту» і «частка культуры штодзённасці».

«Гэтыя матэрыялы і практыкі добра паказваюць, чым людзі жывуць. Можа, гэта нават партрэт пакалення. Тых людзей, што раслі пасля вайны і не мелі магчымасці вучыцца ў мастацкіх школах».

«Чыстая ўрбаністыка і адзінота творцы»

Зірнуць на ўпрыгожвальніцтва двароў з пункту гледжання урбаністыкі прапануе доктар навук, этнолаг Сцяпан Стурэйка. Ён лічыць гэту творчасць блізкай да наіўнага мастацтва.

«Я думаю, корань фенамену ў непазбежным індывідуалізме творцы, што абумоўлены няздольнасцю жыхароў шматпавярховак да самаарганізацыі. А гэта ўжо чыстая урбаністыка».

Па словах Стурэйкі, калі няма супольнасці, то няма каму абмяркоўваць і карэктаваць мастацкі ўзровень такіх акцый. У выніку — няма сумесна выбудаванай і асэнсаванай стратэгіі добраўпарадкавання. Тое, што ўпрыгожваннем двара займаецца адзін «рамантык» становіцца нібыта нармальным і звыклым. Ён ці яна робіць, як умее, а іншыя ўсміхаюцца з боку і ўспрымаюць гэта як дзівацтва.

Такая творчасць распаўсюджана не толькі ў Беларусі. Ва Усходняй Еўропе, краінах Балтыі і нават Амерыцы можна знайсці яе ўзоры. Але Стурэйка звяртае ўвагу, што ў нашым выпадку тое мастацтва «не запазычана з Захаду, а сацыяльна-абумоўленае, якое ўзнікла ў мясцовым унікальным кантэксце».

«Адразу хочацца гэта даследаваць!» — кажа навуковец. А гараджанам раіць: «Варта ў любым выпадку шанаваць такія рэчы, таму што яны хутка знікаюць».