Дадаць навіну
Субота, 17 лістапада 2018, 04:33

Што не так з мастацтвам у Гродне? Распавядаюць вядомыя майстры

Апошнія навінкі ў цэнтры Гродна – малыя архітэктурныя формы, усталяваныя да Дня горада – складана не заўважыць. Яны ўжо паспелі выклікаць кардынальна розныя рэакцыі ў гараджан.

На гарадскіх сайтах і ў сацыяльных сетках апошнія ўстаноўкі бурна абмяркоўвалі. Іх вырабілі гарадскія службы за самыя кароткія тэрміны і ўсталявалі адмыслова да Дня горада, які адзначаўся 15 верасня.

Абышлі мастацкі савет

Любая архітэктурная праца ці помнік павінен прайсці ўзгадненне ва ўпраўленні архітэктуры і ў мастацка-экспертным савеце. Апошнія ўстаноўкі ў цэнтры Гродна не праходзілі экспертызу. Такім чынам іх устаноўка, па ідэі, парушыла закон. Але ў гарадской архітэктуры распавялі Hrodna.life, што менавіта яны і ўзгаднялі месцы размяшчэння новых аб’ектаў, а таксама дадалі, што малыя архітэктурныя формы, у адрозненні ад помнікаў, не павінны праходзіць экспертны савет.

Што не так з мастацтвам у Гродне? Распавядаюць вядомыя майстры
Злева “драўляны турыст”, які нядаўна з’явіўся ў Гродне. Справа “бронзавы турыст” з Іркуцка, якога ўсталявалі ў 2011 годзе. Ёсць падабенства?

Пачынаецца безгустоўшчына

Навінкі ў цэнтры для Hrodna.life ацанілі скульптар Уладзімір Панцялееў і мастак Уладзімір Качан, якія ўваходзяць у мастацка-экспертны савет.

«Тое, што адбываецца апошнім часам, гэта проста самадзейнасць, – адзначае Уладзімір Панцялееў. – Ёсць жа мастацка-экспертная рада, якая дае дабро на ўстаноўку нейкіх работ, асабліва ў гістарычным цэнтры. Каб усталяваць адну мемарыяльную дошку ў майстра сыходзіць да двух гадоў на ўзгадненні. І так з усімі працамі, а тут рапртоўна паставілі. Гэта ж не карціна, якую павесіў на сценку і ўсё.

Тое, што ў нас з’явілася апошнім часам, гэта проста плагіят. Напрыклад, драўляная скульптура турыста – такая ж у Іркуцку стаіць, толькі адлітая з бронзы. У мастакоў ёсць негалоснае правіла: драўляныя працы ў гістарычных цэнтрах і наогул у гарадах, дзе ёсць архітэктура, стараюцца не ставіць. Іх ставяць недзе ля вёсак, у дворыках, але яны не павінны выносіцца ў самае сэрца гістарычнага горада.

Што тычыцца глобуса, то, у прынцыпе, ён яшчэ можа быць, але зноў жа – ён зараз не на сваім месцы. Яго маглі ўсталяваць каля філармоніі: якраз спалучэнне архітэктуры і формы. Велізарная пячатка – гэта жах нейкі, выкананы з таннага матэрыялу.

Масавае з’яўленне новых формаў у цэнтры Гродна ўжо працуе не на карысць гораду. Пачынаецца проста безгустоўшчына».

Што не так з мастацтвам у Гродне? Распавядаюць вядомыя майстры
Глобус на плошчы Cавецкай прысвечаны гарадам-пабрацімам Гродна

Па рашэнні Гродзенскага аблвыканкама мастацка-экспертны савет павінны праходзіць усе працы, якія ўсталёўваюцца ў гістарычнай частцы Гродна. Савет мае права адхiляць праекты твораў манументальнага i манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якiя не адпавядаюць высокаму вобразна-мастацкаму ўзроўню або належнаму архiтэктурна-кампазiцыйнаму рашэнню цi выкананы з парушэннем iснуючага парадку iх стварэння (рэканструкцыi), дае рэкамендацыi аб iх перапрацоўцы.

Абразлівы нізкапробны плагіят

Мастак Уладзімір Качан быў шматслоўны.

“Гарадскія ўлады ў сілу сваіх магчымасцяў хочуць нешта ўсталёўваць. Але чаму ніхто не кажа пра непавагу да прафесійнага творчага асяроддзя ў Гродне. Ідзе поўная замена прафесійнага гарадскога асяроддзя на татальную безгустоўшчыну, кіч [з нямецкай Kitsch – халтурка, безгустоўшчына]. Гэта прыніжэнне і знішчэнне цэлай галіны прафесійнага выяўленчага мастацтва ў нашым горадзе – манументальнай творчасці ў выглядзе скульптуры, малых архітэктурных форм, садова-паркавай пластыкі. А яшчэ твораў вітражнага мастацтва, фрэсак і насценных роспісаў, мазаік і сграфіта.

Адкрыйце гісторыю мастацтваў і вы ўбачыце, што ўся гісторыя чалавецтва, у немалой ступені, нам вядомая па адлюстраванні менавіта гэтымі формамі. Як для слыху інтэлігентнага чалавека абразлівы мат, для вуха прафесійнага музыкі абразліва фальшывае гучанне, так так для вока прафесійнага мастака абразліва запаўненне самых прыкметных пляцовак у цэнтры горада нізкапробным плагіятам, які выдаецца за твор мастацтва”.

Што не так з мастацтвам у Гродне? Распавядаюць вядомыя майстры
Фігуры Фядоса і Цімафея, вяскоўцаў з фільма “Белыя росы”

Якую шкоду гэта наносіць, калі фарміруе ўяўленне пра ўзровень культуры і мастацтва цэлага рэгіёну ў вачах гасцей горада? Як гэта ўплывае на фарміраванне нізкапробнага эстэтычнага густу ў падрастаючага пакалення? Ніхто не думае і не гаворыць пра тое, што стаіць за гэтымі, на першы погляд, бяскрыўднымі ініцыятывамі камунальнікаў, якія ўварваліся ў далікатную і ўразлівую эстэтычную структуру нашага горада? Духоўны Чарнобыль, культуралагічны Асвенцым, прынёманскі Мордар? Наш горад не заслугоўвае такога меркавання пра сябе. Не заслугоўвае на спаўзанне да ніжніх эстэтычных межаў.

Не хацелася б стаць іконамі безгустоўшчыны ў вачах тых, хто будзе пасля нас”.

Што не так з мастацтвам у Гродне? Распавядаюць вядомыя майстры
Трохметровая Алеся сустракае гасцей на ўездзе ў Гродна

Устаноўка праз абмеркаванне

Перад тым, як нешта ўсталёўваць, гарадскім уладам трэба хоць трохі размаўляць на гэтую тэму з гараджанамі і прафесіяналамі. Атрымліваецца, усе апошнія скульптуры і інсталяцыі ставіліся не для гараджан, а для справаздачнасці і ўмоўных турыстаў. Інтэлігенцыя горада, прафесійныя мастакі і проста неабыякавыя да лёсу горада грамадзяне заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва і гатовыя да абмеркавання з уладамі горада розных ініцыятыў. Фармат гэтага калектыўнага ўдзелу ў лёсе горада можна вызначыць у працоўным парадку, у тым ліку і праз сацыяльныя сеткі, і праз гарадскія сайты.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: