Адрэстаўраваць закінутую капліцу ў Панямуні і перадаць яе католікам. Такую прапанову 18 сакавіка даслаў Гродзенскаму гарвыканкаму блогер Яўген Аснарэўскі. На думку блогера, адраджэнне капліцы можа стаць першым крокам у комплекснай рэнавацыі маёнтка Панямунь і ператварэнні былога палацава-паркавага ансамбля ў адну з папулярных турыстычных славутасцяў горада.

Яўген параўноўвае былую каралеўскую сядзібу Панямунь са знакамітымі Лазенкамі ў Варшаве. Гэтыя месцы звязаны з імем апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Блогер лічыць, што ў Гродне можна стварыць нешта падобнае, як у сталіцы Польшчы. Перавагі Панямуні - маляўнічае месцазнаходжанне і часткова захаваныя старыя пабудовы.

"Адрадзіць храм". Ці могуць капліцу ў Панямуні вярнуць вернікам?
Былы каралеўскі палац у Панямуні. Сёння ў ім жыве некалькі сем’яў.
«Сядзіба Панямунь падаецца выключна перспектыўным турыстычным аб’ектам. Я напісаў артыкул, у якім выклаў некаторыя свае ідэі, якія тычацца рэнавацыі былой каралеўскай рэзідэнцыі. Цудоўныя прыродныя ўмовы, цікавыя гістарычныя аб’екты — усё гэта можа дапамагчы зрабіць палацава-паркавы комплекс у Панямуні разыначкай Гродна», — распавядае Яўген.

Адраджэнне гісторыі і павага да продкаў

Сёння тэрыторыя былой сядзібы часткова знаходзіцца ў даволі запушчаным стане. Капліца уяўляе сабой прыклад савецкага варварства. У каралеўскай сядзібе жывуць звычайныя гродзенскія сям'і, а стайню перарабілі пад офісны будынак.

«Маю асаблівую ўвагу прыцягнула неагатычная капліца XIX стагоддзя, знявечаная савецкімі прыбудовамі. Гэты будынак прыстасавалі для эксплуатацыі, а не проста знішчылі, як Фару Вітаўта, і ён захаваўся. Але храм, у якім маліліся людзі, помнік гісторыі і культуры, важная частка ўсяго комплексу, па ранейшаму знаходзіцца ў скажоным стане, пры гэтым аб’ект занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Я думаю, прывядзенне капліцы ў належны выгляд азначала б адраджэнне гродзенцамі сваёй гісторыі. Гэта стала б знакам павагі да продкаў, якія ўзвялі храм і маліліся ў ім. Можна пачаць аднаўленне ўсёй сядзібы менавіта з рэстаўрацыі храма", — дадаў Яўген.

Зямля з капліцай прадаецца: спачатку за 2 млн долараў, цяпер за 800 тыс.

Тэрыторыя на якой знаходзіцца сёння капліца належыць прадпрыемству ААТ «Гроднапрамтэхніка». Як стала вядома Hrodna.life, прадпрыемства выстаўляе ўсю сваю тэрыторыю агульнай плошчай 3 гектары на аўкцыён, які пройдзе ў Гродне 27 сакавіка. На продаж разам з зямлёй выстаўлены боксы для аўтамабіляў, адміністрацыйны будынак, капліца — агулам 17 будынкаў. Стартавая цана — 1,659 млн рублёў. На прадпрыемстве растлумачылі, што частковы продаж зямлі не прадугледжаны.

Дарэчы, гэта ўжо не першая спроба прадаць маёмасць прадпрыемства. Першы аўкцыён быў прызначаны на 19 снежня 2017, тады цана складала ажно 4,7 млн рублёў. Паўторны аўкцыён планавалі на 20 лютага 2018, цану знізілі да 2,8 млн. Паколькі абодва разы пакупнікоў не знайшлося, на трэцім аўкцыёне таксама паніжаюць цану.

"Адрадзіць храм". Ці могуць капліцу ў Панямуні вярнуць вернікам?
Сучасны выгляд капліцы і фота да 1939 года

Збіралі подпісы, але ў капліцу не пускалі

Пра тое, што прадпрыемства прадае сваю тэрыторыю, ведаюць жыхары былой вёскі Панямунь, з нядаўняга часу гарадской вуліцы. Некаторыя з іх ужо некалькі разоў збіралі подпісы і звярталіся ў выканкамы аб перадачы капліцы вернікам, але ўлады нічога не зрабілі.

«Падпісваліся ў нас усе, і праваслаўныя, і католікі, хоць і жывуць тут усе прыезджыя, — распавядае жыхарка Панямуні Соф’я Пятрова. — Мы часта хадзілі на прадпрыемства і прасілі паказаць нам, што з капліцай адбываецца. Нам жа сказалі - не хадзіць, бо нічога не пакажуць.

Мясцовыя распавядалі, што ў 1970 годзе прыязджала жанчына з Варшавы, якая была неяк звязана з гэтай капліцай. Магчыма, сваячка апошняга гаспадара. Яна стаяла ля храма і вельмі плакала ад убачанага.

За некалькі гадоў да яе прыезду прадпрыемства, якое там знаходзілася, зняло крыж з капліцы. Загадчык гаспадаркі Савасцян шукаў чалавека, які мог бы залезці і спілаваць крыж. Але ніхто не хацеў. Потым знайшоўся мясцовы Анацкі і спілаваў крыж".

Пенсіянерка лічыць, што капліца хутчэй за ўсё функцыянавала ў Панямуні да 1939 года, бо ў Гродне жывуць людзі, якія распавядалі, як хадзілі ў храм да вайны на адмысловыя майскія малітвы.

Каталіцкая царква гатовая да вяртання храма

Некалькі разоў за вяртанне капліцы вернікам выступаў і ксёндз Яўген Барысюк, які праводзіць службы для жыхароў Панямуні, вуліцы Падольнай і іншых у капліцы на каталіцкіх могілках па вуліцы Антонава.

«Мы кожны год пісалі ў розныя інстанцыі, каб вернікам вярнулі капліцу. Сустракаліся з прадстаўнікамі выканкамаў, але ні да чаго так і не прыйшлі. Капліца ўсярэдзіне яшчэ ў здавальняючым стане. Дзесьці ў 2011 годзе нам яе паказвалі і там была нават старая лесвіца. Мы гатовыя забраць храм і зрабіць яго зноў месцам для вернікаў, калі нам дадуць на гэта дазвол», — распавёу ксёндз Яўген.

У Панямуні з’явіцца мікрараён: ёсць надзея на рэстаўрацыю

Нядаўна старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой распавядаў, што ў 2018 годзе ў Панямуні пачнецца будаўніцтва жылога мікрараёна, які зойме каля 10 гектараў. Магчыма, з будаўніцтвам мікрараёна паступова будзе добраўпарадкавацца і прылеглая тэрыторыя. Магчыма гэта закране і былую каралеўскую сядзібу з капліцай. А вось зносіць гістарычныя аб’екты забудоўшчыкам ніхто не дасць, бо іх ахоўвае дзяржава, хай яны і не ў найлепшым стане.

Фатаграфіі капліцы знутры публікуюцца ўпершыню. Да нядаўняга часу ў храм нікога не пускалі. Сёння там склад.