Гродзенскую сядзібу апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Панямуні паспрабуюць прадаць з аўкцыёну трэці раз за апошнія тры месяцы. Стартавая цана зніжаная ў параўнанні з ліпенем на 50% і зараз складае 175 500 рублёў. Прыкладна столькі каштуе трохпакаёвая кватэра ў спальным раёне Гродна.

У рэальнасці нават калі пакупнік будзе адзін, ён заплаціць больш: дадатковыя 5% ад цаны плюс падатак на дададзеную вартасць.

Будынак пад аховай дзяржавы і яго змогуць канфіскаваць

Будынак на вуліцы Прагулачнай 15/1 з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Плошча нерухомасці — 271,2 кв.м. Пакупнік будзе абавязаны падпісаць ахоўныя абавязальніцтвы. А калі ён не выканае ўмовы аўкцыёну, то дзяржава зможа канфіскаваць маёмасць. Афіцыйнае прызначэнне будынка — для размяшчэння ў ім культурна-асветніцкай установы.

Прадае гісторыка-культурную каштоўнасць ААТ «Гроднапрамтэхніка».

Як зніжалася цана на былы каралеўскі палац

Упершыню сядзібу выставілі на аўкцыён у красавіку 2023 года — тады стартавая сума лота склала 374 тыс. рублёў. Наступным разам аб’ект паспрабавалі прадаць у ліпені 2024 года за 351 тыс. рублёў. Чарговы аўкцыён меў прайсці ў жніўні з паніжэннем цаны да 315 тыс. рублёў. Але і ён не прыцягнуў патэнцыйнага інвестара.

Што гэта за сядзіба

Сядзібу ў Панямуні пабудаваў у 1771 годзе ў стылі позняга барока італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Там размяшчалася загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У XIX стагоддзі належала Друцкім-Любецкім, пазней Ляхніцкім. Пасля 1945 года ў памяшканнях, якія прадаюцца, доўгі час знаходзіўся клуб мясцовай «Сельгастэхнікі». Там былі кіназала і бібліятэка.

Чытайце таксама: 5 цікавых фактаў пра гродзенскую Панямунь

Палац быў цагляны, атынкаваны, з чатырохкалонным порцікам на высокім цокалі. Аднак большая частка арыгінальнага будынка была цягам стагоддзяў страчана. На аўкцыён выставілі частку з невялікім фрагментам арыгінальных сцен — у савецкі час там быў клуб. Да часткі, якая прадаецца, прыбудаваны двухпавярховы драўляны аб’ём. Там жыве некалькі сем’яў звычайных гродзенцаў.

Сядзіба аточана маляўнічым паркам. Недалёка ад сядзібы знаходзіцца капліца сярэдзіны XIX стагоддзя ў стылі неаготыкі, якую перарабілі пад гараж.