Цэнтр Гродна — гэта нейкі канкрэтны пункт ці больш разлеглая прастора? Плошча Савецкая або Леніна, ці можа Каложскі парк? Партал «За кавай» запытаў пра гэта гараджан і аказалася, што вызначыць цэнтр — не так проста!

Пачуўшы адказы гродзенцаў, можна прыйсці да высновы, што аднаго разумення цэнтра ў іх няма. Па-першае — адказы дзеляцца на такія, у якіх гаворыцца пра адно канкрэтнае месца і тыя, у якіх упамінаецца больш вялікая прастора.

Калі выбраць за цэнтр Гродна адзін канкрэтны пункт, то жыхары называюць плошчу Савецкую, вуліцу Савецкую, Парк Жылібера, плошчу Леніна ці Фарны касцёл.

"Давай, сустрэнемся ў цэнтры!" Якое месца гродзенцы лічаць цэнтрам горада

Па словах краязнаўцы Ігара Лапехі, цэнтр горада — гэта Савецкая плошча. Па першае — цэнтр горада — гэта заўсёды плошча. Па-другое, так склалася гістарычны. «Напрыканцы XV ст. цэнтр сфармаваўся на плошчы Савецкай, там знаходзіўся старажытны гродзенскі рынак,» — заўважае эксперт.

Калі размова ідзе пра цэнтр горада ў разуменні больш вялікай прасторы, то часцей за ўсё гродзенцы называюць тэрыторыю, на якой знаходзіцца старая забудова горада. Часта сустракаюцца адказы кшталту: «ад Старога моста да Сабора», «Ад чыгункі на ўсходзе да Гараднічанкі на захадзе, ад Нёмана на поўдні да вуліцы Астроўскага — Церашковай на поўначы. Там, дзе большая канцэнтрацыя гістарычных аб’ектаў», «Вуліца Савецкая і ўсё, што каля яе», ці ў адным сказе ўпамінаецца некалькі месцаў адначасова, якія нярэдка знаходзяцца даволі далёка адно ад аднаго.

"Давай, сустрэнемся ў цэнтры!" Якое месца гродзенцы лічаць цэнтрам горада
Месцы, якія называюць гродзенцы ў апытанцы пра цэнтр Гродна

Ігар Лапеха тлумачыць таксама, чаму часта можна пачуць і іншыя адказы — напрыклад, пра тое, што цэнтр Гродна — гэта плошча Леніна (калісьці Тызенгаўза) ці вуліца Савецкая. Менавіта на сёняшняй плошчы Леніна з XIX ст. фармаваўся адміністрацыйны цэнтр, але, як заўважае краязнаўца, губерні, не горада. Да таго ж горад — гэта гандлёва-рамеснае фармаванне, таму рынкавая плошча — гэта і ёсць цэнтр горада. Вуліца Савецкая, па яго словах, упамінаецца гродзенцамі таму, што «Савецкая плошча згубіла свой ансамбль, яна зараз досыць пустая. Утульная і гандлёвая функцыянальнасць захавалася сёння на вуліцы Савецкай.»

Што цікава, калі вылічыць, дзе знаходзіцца геаграфічны цэнтр Гродна, то атрымаецца, што ён у ваколіцах Скідзельскага рынку і аўтавакзала. Гандлёвая функцыя — захавана!

"Давай, сустрэнемся ў цэнтры!" Якое месца гродзенцы лічаць цэнтрам горада
Ваколіцы геаграфічнага цэнтра Гродна