Таццяна Вайтовіч з Навагрудка абскарджвае ў судзе дзеянні медкамісіі і клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-Наркалогія». Яна лічыць, што ёй незаконна паставілі другую групу інваліднасці па псіхіятрычным захворванні. Таццяна кажа, што начальства бальніцы, дзе яна працавала, хоча прыбраць яе, бо яна неаднаразова выяўляла ў раёне факты крадзяжу і карупцыі.

Гісторыя змагання

— Я хачу абскардзіць неправамернае рашэнне камісіі МРЭК ад 24 лістапада 2017 года ў «Псіхіятрыі-Наркалогіі», калі мне паставілі другую групу інваліднасці па псіхіятрыі. Хачу, каб мне вярнулі трэцюю працоўную групу, якую паставіла міжведамасная навуковая экспертная камісія ў 2011 годзе па захворванні «змяненне функцыі цэнтральнай нервовай сістэмы з умеранымі парушэннямі жыццядзейнасці», — кажа Таццяна.

Больш за 20 гадоў - да 2010 года — Таццяна працавала фельчарам-лабарантам у Навагрудскай цэнтральнай раённай бальніцы. Запэўнівае, што за час працы выяўляла на месцы карупцыю і крадзяжы. Будучы актывісткай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, яна змагалася супраць карупцыі мясцовай улады: кажа, што злавіла на крадзяжы чатырох членаў райвыканкама. Маўляў, з-за гэтага на яе ціснула кіраўніцтва.

Карная псіхіятрыя ці дбанне пра хворую? Навагрудчанка абскарджвае ў судзе псіхіятрычны дыягназ
Таццяна Вайтовіч
Таццяна расказвае, што ў 2004 годзе намеснік галоўнага ўрача пачаў да яе заляцацца. З-за пастаяннага стрэсу яна стала інвалідам трэцяй групы з-за ўмераных парушэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы. У 2005 годзе яе накіравалі ў Гродна ў клінічны цэнтр «Псіхіятрыя-Наркалогія», але псіхічных адхіленняў не знайшлі. У 2010 годзе яе зноў накіравалі на абследаванне і за гэты час звольнілі як непрыдатную да працы. Таццяна лічыць, што яе хочуць давесці да першай групы інваліднасці, каб яна больш не змагалася супраць карупцыі.

Цягам апошніх гадоў Таццяна Вайтовіч звярталася ў вышэйшыя інстанцыі і непасрэдна ў Міністэрства аховы здароўя. Яна прайшла ў клінічнай мінскай бальніцы № 10 усе апараты галаўнога мозга на змяненне псіхікі і эпілепсію. Яны паказалі добры вынік. Пасля гэтага ў 2017 годзе Міністр аховы здароўя даў указ прадаставіць Таццяне працу, але МРЭК гэта не ўлічыла.

«Нармальны чалавек вершаў і песень не піша»

— Я працую, пішу вершы і песні, 30 гадоў выступаю на сцэне і ў конкурсах. Мінскія эксперты казалі: «Якая ж вы хворая, калі ў вас такія вершы?» А галоўурач навагрудскай бальніцы сказаў, што нармальны чалавек вершаў і песень не піша, — абураецца Таццяна.

У студзені 2017 года яна зноў прайшла абследаванне ў Гродне — парушэнняў псіхікі не выявілі. Але 1 лістапада, як кажа Таццяна, яе прымусова забралі туды зноў, апрануўшы наручнікі і збіўшы. 24 лістапада прайшоў вочны агляд псіхіятрычнай камісіі, які пастанавіў, што ў Вайтовіч псіхіятрычнае захворванне мыслення, эмоцый, волі і паводзінаў. Таццяна лічыць, што без паказчыкаў апаратаў такое захворванне дыягназаваць нельга.

Таццяна лічыць, што ў рашэнні камісіі сфальсіфікаваныя дадзеныя.

Карная псіхіятрыя ці дбанне пра хворую? Навагрудчанка абскарджвае ў судзе псіхіятрычны дыягназ
ГАКЦ «Псіхіятрыя-Наркалогія» ў Гродне

МРЭК і «Псіхіятрыя-Наркалогія»: падстаў для адмены другой групы няма

Спецыялістка МРЭК Алена Лойка сцвярджае, што «здароўе — стан дынамічны». Паводле спецыяліста, заключэнне камісіі выводзіцца на падставе агляда пацыента, размовы і прадстаўленых дакументаў. Рашэнне МРЭК можна абскардзіць на працягу 10 дзён. «Вайтовіч яго не абскардзіла і яно ўступіла ў сілу», — кажа яна.

Прадстаўнік ГАКЦ «Псіхіятрыя-Наркалогія» Ігар Ляляўка лічыць, што Таццяна Вайтовіч не можа адказваць за свае дзеянні і нават патлумачыць нешта суду. Ён кажа, што яе змясцілі ў псіхлякарню з яе згоды: маўляў, ёсць відэазапіс з прыёмнага пакоя, дзе яна падпісвае дакументы на згоду. А другую групу інваліднасці ёй далі, каб яна атрымлівала больш грошай.

Вайтовіч хадайнічала аб прызначэнні ёй незалежнай судова-медычнай экспертызы, але суд не задаволіў яе хадайніцтва. Прадстаўнікі МРЭК і ГАКЦ «Псіхіятрыя-Наркалогія» настойвалі, каб Таццяна Вайтовіч абскарджвала іх рашэнне ў вышэйстаячых камісіях, а не ў судзе.

Пракуратура пачала праверку

На пяці дасудовых паседжаннях суддзя Таццяна Чакрыжова слухала пазіцыі бакоў. Яна пастанавіла, што Вайтовіч павінна абскарджваць рашэнне гарадской МРЭК у вышэйстаячых камісіях без удзелу суда.

Па факту памяшчэння яе ў псіхіятрычную бальніцу распачалі праверку ў пракуратуры. Калі Таццяна зможа даказаць сваю рацыю, то супраць урачоў, якія паставілі ёй такі дыягназ, будзе распачаты працэс па шасці крымільных артыкулах. Таццяна Вайтовіч збіраецца звярнуцца ў абласную МРЭК, каб атрымаць накіраване на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію ў Мінск. А затым будзе паўторна падаваць у суд, каб вярнуць сваю трэцюю групу па інваліднасці.