У Гродне разлічваюць зрабіць так, каб турысты заставаліся ў горадзе даўжэй. Для гэтага рыхтуюць новыя экскурсійныя маршруты, адкрываюць гасцініцы і аб’ядноўваюць набярэжную, цэнтр і іншыя гарадскія прасторы ў адзіную сетку для прагулак. Адзін з новых маршрутаў пройдзе па дзейных гістарычных прадпрыемствах. Пра планы па развіцці турызму расказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.

Для любога турыстычнага горада важны не толькі рост колькасці турыстаў, але і працягласць іх паездак. Напрыклад, у 2024 годзе ў складзе арганізаваных тураў у Гродзенскую вобласць прыехалі каля 5,4 тыс. замежнікаў. У сярэднім яны праводзілі ў рэгіёне каля трох дзён. Асобных звестак пра працягласць паездак самастойных турыстаў няма.

За студзень—сакавік 2026 года экспарт турыстычных паслуг у Гродне склаў крыху больш за $3 млн. Больш за 80% гэтай сумы забяспечылі расіяне.

Якія новыя маршруты з’явяцца ў Гродне

У горадзе ўжо распрацавалі экскурсійны маршрут «Гродна — горад-акцёр», прысвечаны фільмам і серыялам, якія здымалі ў Гродне. Да канца 2026 года для яго плануюць падрыхтаваць і атэставаць аўдыягідаў, паведамляе «Гродзенская праўда».

Яшчэ адзін праект называецца «Шопінг па-беларуску». У адзін маршрут хочуць аб’яднаць крамы з прадукцыяй беларускіх вытворцаў.

Да красавіка 2027 года плануюць запусціць экскурсійны маршрут па дзейных гістарычных прамысловых прадпрыемствах. Якія менавіта прадпрыемствы змогуць наведваць турысты, пакуль не паведамілі.

Для агляднага маршруту «Старажытны Гарадзень» прафесійную атэстацыю прайшлі 179 экскурсаводаў і 15 гідаў-перакладчыкаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Туристы в Гродно у пожарной каланчи. Фото: СБ
Турысты ў Гродне. Фота: СБ

Набярэжную і розныя часткі горада хочуць злучыць маршрутамі для прагулак

Частку турыстычных маршрутаў плануюць звязаць з рэканструкцыяй правага берага Нёмана.

Першы этап работ пачаўся ў ліпені 2026 года на ўчастку ад Каложскай царквы да вусця Гараднічанкі. Там хочуць уладкаваць пешаходныя і веласіпедныя дарожкі.

У перспектыве ў Гродне таксама плануюць стварыць адзінае пешаходнае кальцо. Яно павінна злучыць правы і левы берагі горада, прайсці праз сквер на вуліцы Дарвіна і прывесці да аквацэнтра «Лазурны».

«Лазурны» рэканструююць са снежня 2024 года. Адкрыццё комплексу запланавана на восень 2026 года, арыенціровачна — на 7 лістапада.

Былы піўзавод плануюць адкрыць летам 2027 года

Комплекс плануюць адкрыць для наведвальнікаў да лета 2027 года. Наступным этапам стане будаўніцтва гасцініцы. Паводле слоў Андрэя Хмеля, інвестар збіраецца пачаць работы ў верасні 2026 года.

Праект хочуць завяршыць у тым ліку да 900-годдзя Гродна, якое горад адзначыць у 2028 годзе.

Па заводах, крамах і месцах здымак. У Гродне з’явяцца новыя маршруты, каб утрымаць турыстаў
Піўзавод у ліпені 2026 года. Фота: Instagram-акаўнт browar_hrodna

У горадзе стала больш гасцініц

Цяпер у Гродне працуюць 18 гасцініц і дзевяць хостэлаў. У іх 681 нумар, адначасова там могуць размясціцца 1557 чалавек.

Яшчэ два санаторыі маюць 218 нумароў на 395 чалавек.

Паводле даных гарвыканкама, за апошнія тры гады нумарны фонд горада павялічыўся на 60%, а колькасць гасцініц і хостэлаў вырасла з 20 да 27.

Да канца 2026 года плануюць адкрыць яшчэ тры гасцініцы — на вуліцах Фестывальнай, Мендзялеева і Суворава.

Пры гэтым будынак былой гасцініцы «Гродна» на вул. Паповіча, 5 не ўдалося прадаць на аўкцыёне 18 жніўня. На ўдзел у ім ніхто не зарэгістраваўся. Раней улады казалі, што ў іх ёсць патэнцыйныя пакупнікі на гэты будынак.

Будуюць Палац гульнявых відаў спорту

Да турыстычнай інфраструктуры ўлады адносяць і буйныя спартыўныя аб’екты.

У Гродне працягваецца будаўніцтва шматфункцыянальнага Палаца гульнявых відаў спорту. Галоўная зала комплексу разлічана на 2000 гледачоў, трэніровачная — на 500. Таксама там прадугледжаны 50-метровы алімпійскі басейн.

Улады разлічваюць, што комплекс дазволіць праводзіць у горадзе буйныя спаборніцтвы і прыцягваць спартсменаў і заўзятараў.

Да 900-годдзя хочуць высадзіць два мільёны кветак

Да юбілею горада плануюць павялічыць і колькасць кветкавых кампазіцый. Паводле даных уладаў, за апошнія тры гады аб’ём высадкі кветак у Гродне вырас утрая.

Да 900-годдзя «Гродназелянбуд» разлічвае высадзіць 2 млн кветак.

Працягнуць прасоўваць і мясцовую страву «Губертыкі», якую гарадскія ўлады называюць адным з гастранамічных брэндаў Гродна.