У Threads турыстка расказала, што ўражанне ад паездкі сапсавалі камеры захоўвання на чыгуначным вакзале Гродна. Усяго там прапануюць 50 аўтаматычных ячэек, таму адшукаць свабоднае месца няпроста. У каментарах гараджане патлумачылі турыстцы, што трэба было рабіць у такой сітуацыі.
«Гэта здзек. 50 ячэек на такі вялікі горад. Што вы прапануеце рабіць людзям, у якіх высяленні з гатэляў ці кватэр да 12, а цягнікі ўвечары? Гэта адміністрацыя чыгункі Гродна так хоча зменшыць паток турыстаў???!!!» – эмацыйна пацікавілася турыстка.
“На аўтавакзале таксама камеры захоўвання ёсць. (50 кап. 1 гадзіну). Ніколі праблем не ўзнікала. Свабодных ячэек хапала», – параіў іншы карыстальнік.
На гэта аўтарка паста адказала, што на аўтавакзале даступна ўсяго 18 ячэек. “Усе занятыя таксама былі”, – дадала турыстка.
Паводле яе слоў, супрацоўніца чыгункі пацвердзіла, што такія сітуацыі здараюцца ўсё часцей. У каментарах пісалі, што такая праблема была і ў Гомелі.
Парады каментатараў
“Можна было без сумак ехаць, або браць па мінімуму, або позняе высяленне рабіць”, – параіў яшчэ адзін удзельнік абмеркавання.
У каментарах карыстальнікі таксама адзначылі, што ў хостэлах і гатэлях “заўсёды дазваляюць пакінуць сумкі да вечара”. Аднак турыстка арандавала кватэру, таму пакінуць рэчы там пасля высялення магчымасці не было.
Іншыя параілі лайфхак: зайсці ў краму, пакінуць рэчы ў камеры захоўвання і пайсці шпацыраваць па горадзе.
Дзе ў Гродне турыстам пакінуць рэчы?
- На чыгуначным вакзале Гродна (вул. Будзённага, 37) ёсць два віды камер захоўвання: стацыянарныя і аўтаматычныя ячэйкі. Аўтаматычных 16 штук, стацыянарных – 50.
- На аўтавакзале Гродна (вул. Чырвонаармейская, 7а) з кастрычніка 2025 года працуюць аўтаматычныя ячэйкі для захоўвання багажу.
- У ГЗК Triniti (пр-т Янкі Купалы, 87) на першым паверсе працуе платны гардэроб «Камфорт Plus», там у тым ліку дазваляюць пакідаць і багаж. Кошт захоўвання валізкі – 2 руб. за дзень.
Чытайце таксама: Беларус за 6 гадоў аб’ехаў усе гарады краіны. У «любімчыках» — Гродна



