У Гродне на вуліцы Дзяржынскага хочуць пабудаваць новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Праект разгледзелі на пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічага савета ў гарвыканкаме. У будынку плануюць размясціць спартыўныя зоны, аб’екты бытавых паслуг і крамы.
Новы комплекс хочуць пабудаваць у мікрараёне Дзевятоўка-3. Гэта будзе двухпавярховы будынак з панарамным шкленнем і падсветкай.
На першым паверсе размесцяць спартыўныя і фізкультурна-аздараўленчыя памяшканні. Цокальны паверх аддадуць пад бытавыя паслугі і рознічны гандаль.
Побач плануюць добраўпарадкаваць тэрыторыю і зрабіць паркоўку.
Пакуль гаворка ідзе пра праектную прапанову — яе абмяркоўвалі на горадабудаўнічым савеце.

Яшчэ адзін будынак хочуць пабудаваць у Пагаранах-Кашэўніках
На тым жа пасяджэнні разгледзелі яшчэ адзін праект — грамадскі будынак на вуліцы Маладой у раёне Пагараны-Кашэўнікі.
Што менавіта будзе знаходзіцца ўнутры, у гарвыканкаме пакуль не ўдакладнілі. Вядома, што побач хочуць захаваць зялёныя насаджэнні, уладкаваць пад’язныя шляхі і паркоўку.



