Польскі ксёндз Януш Пуліт, які 32 гады служыў у Беларусі, не атрымаў ад уладаў дазволу на працяг душпастырскай дзейнасці. Апошнюю службу ў Ружанах ён павінен правесці 30 жніўня. Гэта ўжо не першы такі выпадак у 2026 годзе. Напрыклад, у Гродзенскай дыяцэзіі чатыром святарам не ўзгаднілі далейшае служэнне.

Пра тое, што Януш Пуліт павінен пакінуць парафіі ў Ружанах і Лыскаве, паведаміў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. Пуліт служыў у гэтых парафіях на працягу 32 гадоў.

«Шматгадовы пробашч ад’язджае з вашых парафій не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас», — гаворыцца у звароце біскупа.

Дзям’янка таксама заявіў, што ў Пінскай дыяцэзіі не хапае святароў. Паводле яго слоў, праз невялікую колькасць мясцовых ксяндзоў і скарачэнне колькасці замежных святароў становіцца складана забяспечваць рэгулярную душпастырскую апеку ва ўсіх парафіях — ад Брэста да Гомеля.

Апошняя служба Януша Пуліта ў Ружанах запланаваная на 30 жніўня.

Пры гэтым, паводле звестак «Хрысціянскай візіі», яшчэ двое польскіх святароў Пінскай дыяцэзіі, у якіх таксама заканчваўся тэрмін дазволаў, атрымалі новыя яшчэ на паўгода.

На Гродзеншчыне дазволу не атрымалі як мінімум чатыры святары

У 2026 годзе падобныя праблемы ўзніклі і ў польскіх святароў Гродзенскай дыяцэзіі. «Хрысціянская візія» паведамляла як мінімум пра чатыры выпадкі.

Адзін з іх — ксёндз Збігнеў Драгула з ордэна міхалітаў. Апошнім часам ён служыў у Старых Васілішках Шчучынскага раёна. Усяго ў Беларусі Драгула праслужыў каля 27 гадоў.

Не атрымаў узгаднення і айцец Анджэй Шчупал — дырэктар аддзела каталіцкай адукацыі і выхавання Гродзенскай курыі, выкладчык вышэйшай духоўнай семінарыі і пробашч парафіі ў Новай Рудзе.

Цікава, што яшчэ ў лютым 2026 года Шчупала афіцыйна віншавалі з 70-годдзем мясцовыя ўлады. Раённая газета «Перспектива» тады пісала, што польскі святар «больш за палову свайго жыцця аддаў служэнню ў храмах Парэцкага сельсавета». Яму ўручылі Ганаровую грамату, падзячны ліст, падарункі і кветкі.

Яшчэ два святары — ксёндз Цэзарый Міх, пробашч парафіі ў Скідзелі, і ксёндз Казімір Мурава SDB, былы дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні.

Пакінуць святароў у Гродзенскай вобласці, а таксама ў іншых рэгіёнах Беларусі прасілі Аляксандра Лукашэнку. Духавенства накіравала зварот з просьбай перагледзець рашэнне аб адмове ва ўзгадненні іх далейшага служэння.

Вядома, што некаторыя польскія ксяндзы ўжо выехалі з Беларусі, іншыя працягваюць чакаць магчымага перагляду рашэнняў.

Хто яшчэ не атрымаў дазволу ў 2026 годзе

«Хрысціянская візія» сабрала звесткі пра польскіх каталіцкіх святароў, якім з пачатку года адмаўлялі ў працягу рэлігійнай дзейнасці ў Беларусі. Спіс можа быць няпоўным, а сітуацыя ў некаторых святароў пазней магла змяніцца.

Пінская дыяцэзія:

  • Адам Страчынскі — 11 гадоў служыў у Івацэвічах, Косаве і Вольцы;
  • Павел Кручэк — 13 гадоў служыў у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы;
  • Януш Пуліт — 32 гады служыў у Ружанах і Лыскаве.

Віцебская дыяцэзія:

  • Станіслаў Мжыглуд — пробашч парафіі ў Браславе;
  • Зянон Шчанхор — вікарый парафіі ў Відзах Браслаўскага раёна;
  • Вальдэмар Куява — вікарый парафіі ва Удзела Глыбоцкага раёна.

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія:

  • Сабеслаў Тамала — больш за 25 гадоў служыў у Салігорску;
  • Лех Баханэк — шматгадовы пробашч парафіі святога Аляксея ў Івянцы;
  • Мар’ян Шэршань — былы дэкан Стаўбцоўскага дэканату і пробашч парафіі ў Налібаках;
  • Багуслаў Маджэеўскі — дэкан Мядзельскага дэканату, пробашч парафіі ў Свіры;
  • Павел Ляліта — пробашч парафіі ў Нарачы;
  • Войцех Урублеўскі — манах-капуцын, які служыў у Докшыцах, а пазней у Маладзечне;
  • Раман Шульц — з 2012 года служыў адміністратарам парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве.

Пры гэтым частка святароў пазней магла атрымаць новы дазвол. Некаторыя таксама падавалі дакументы на беларускае грамадзянства: у такім выпадку ім не трэба было б рэгулярна атрымліваць ва Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў узгадненне на рэлігійную дзейнасць як замежнікам.