Забудоўшчык апублікаваў план шматкватэрнай жылой забудовы ў раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй у Гродне. Дзесяціпавярховы дом па форме нагадвае чатырохлістны пялёстак – гараджане ў сацсетках параўноўваюць дом з «Зоркай Смерці».
Згодна з планам забудовы, дом будзе чатырохсекцыйным. Вышыня – 10 паверхаў. Прадугледжана 178 кватэр, плошча якіх вар’іруецца ад 47 да 132 м. кв. У трох кватэр будуць тэрасы. Вакол дома размесцяць паркоўкі і дарожкі да пад’ездаў. Кошт за квадрат у доме стартуе ад 2,9 тыс. руб.

«На маю думку — зорка смерці. І вішанька на торце – планіроўкі, столькі прахадных пакояў», — выказаўся пра дом alexeysalalaiko.
«Бяздарна і бязглузда», — лічыць mur48mur.
«Дом, разыначкай якога лічацца кватэры з тэрасамі, але ў продаж аддалі толькі 4 такіх кватэры з 16, з іх толькі адна з відам на Пышкі. Астатнія глядзяць у двор», — адзначае tanya_bulay.
«Таксама сёння сядзела захаплялася гэтай вяршыняй будаўнічай думкі», — піша olalakudovich.
Мікрараён Вясенні пачалі будаваць улетку 2024 года. Пад будаўніцтва адвялі ўчастак плошчай 35 гектараў – тут плануюць узвесці амаль 1900 кватэр. Паверхавасць забудовы будзе пераменнай – 5-9 павярховыя панэлькі і маналітныя 19-павярховыя «свечкі». Дамы ў мікрараёне ўзводзіць забудоўшчык «Гроднажылбуд».
Чытайце таксама: Колькі каштуюць кватэры ў мікрараёне “Вясенні”?




