Калі ты думаеш, што Менску [ці Гродне — HL] не хапае сучаснага мастацтва, выйдзі ў двор і зірні на родныя муры. Заўважыш хоць адно замаляванае графіці - бінга! Гэта шэдэўр новага кірунку візуальнага мастацтва — ЖЭС-арт / фупрэматызм. Што гэта такое і чаму лебедзі з шын і панды з дрэва ставяць дыягназ беларускай ментальнасці - 34mag.net дае слова аднаму з экспертаў па творчасці беларускіх камунальных службаў Максіму Шведу.

Пра Максіма Шведа

Што такое ЖЭС-арт і да чаго ён прывядзе. Гродзенец Максім Швед пра мастацтва цэнзурыЯ нарадзіўся ў Горадні, скончыў юрфак БДУ па спецыяльнасці «паліталогія». Больш за дзесяць гадоў цікаўлюся фатаграфіяй. Напачатку здымаў канцэрты і сяброўскія пасядзелкі, займаўся трэвэл- і стрыт-фота. У фатаграфіі мяне заўсёды прываблівала магчымасць схапіць і адлюстраваць пульс жыцця.

З часам у сваім захапленні я пачаў шукаць новыя формы. Хацелася рабіць нешта з іншым кірункам мыслення. Больш фармальнае і абстрактнае — не звязанае з жыццём і чаканнем нейкага «вырашальнага моманту». Так я звярнуў увагу на рознакаляровыя фігуры на сценах, якімі камунальныя службы зафарбоўваюць графіці, тэгі ды іншы стрыт-арт.

Свае здабыткі ўжо пяць год выкладаю ў блог на Tumblr, а калі заўважыў, што шмат каму гэта цікава, стварыў суполку і ў Facebook.

Што такое ЖЭС-арт / фупрэматызм

Часам ЖЭС-артам называюць не толькі зафарбаваныя графіці, але і ўвесь мілы дэкор каля пад’езду. Крэатыўныя жэсаўцы спрабуюць упрыгожыць наваколле пандамі з дрэва, лебедзямі з шын, пальмамі з пластыку, пафарбаванымі камянямі.

«ЖЭС-арт» гучыць нібыта па-французску. Гэта прыдае трэшавай па сутнасці з’яве флёр элітарнай выкшталцонасці. Дзякуючы іроніі менавіта гэтая назва найбольш папулярная ў народзе.


«ЖЭС-арт — яскравы пераклад знакамітага „ну, вы ж самі ўсё разумееце“ на візуальную мову»


Супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Архіпава яшчэ ў 2011 годзе ўвяла ў навуковы ўжытак тэрмін «фундаментальны супрэматызм» — фупрэматызм. Ён адсылае нас да супрэматызму, а «фундаментальны» ён, бо існуе ў якасці манументальнага жывапісу, а не як занятак кампазіцыяй на паперы. Гэтая з’ява мае масавы, фундаментальны характар і нараджаецца ва ўзаемадзеянні вялікай колькасці ўдзельнікаў.

Сам для сябе я вынайшаў яшчэ адно вызначэнне гэтага кірунку творчасці. Калі рабіў гэтае фота, ледзьве не абамлеў ад шчасця. «Сэканд-хэнд-арт» — гэта ж суперская ідэя! Калі «Час — сэканд-хэнд», то і мастацтва, якое адлюстроўвае гэты час, не можа не быць сэканд-хэнд.

Што такое ЖЭС-арт і да чаго ён прывядзе. Гродзенец Максім Швед пра мастацтва цэнзуры

Пра ЖЭС-арт у Беларусі

Я не адзіны ў Беларусі, хто знаходзіць гэтую з’яву вартай увагі. Напрыклад, у Instagram ёсць акаўнт minskvadrart. Некалькі здымкаў каляровых фігур польскага фатографа Рафала Мілаха ўвайшлі ў праект, прысвечаны Беларусі.

Найбольш яскравы ЖЭС-арт-перформанс адбыўся ў Нацыянальным мастацкім музеі, дзе падчас выставы «Zabor» супрацоўніца музея замалявала фота Сяргея Гудзіліна з праекта «No words», на якім супрацоўніца ЖЭСа замазвае пратэснае графіці. Гэты шыкоўны рэкурсіўны абсурд ужо ўвайшоў у анталогію беларускага мастацтва.

Пра ЖЭС-арт па-за межамі Беларусі

З’ява гэта міжнародная. У большасці краін яе ведаюць як «The Subconscious Art of Graffiti Removal» (падсвядомае мастацтва выдаленне графіці). Яна з’явілася пасля выхаду ў 2002 годзе на фестывалі «Сандэнс» аднайменнага дакументальнага фільма амерыканскага рэжысёра Мэта МакКорміка. У інтэрнэце ёсць шмат тэгаў, якімі адзначаюць ЖЭС-арт: «таджикротко», «urbanrothko» «Бессознательное искусство» «buff», «коммунальное искусство», «stenamatism».

Пра збіранне квадратаў

У мінулым годзе я вучыўся ў кінашколе Вайды ў Варшаве, дзе распрацоўваў дакументальны праект. Было жаданне зрабіць фільм, звязаны з нашай краінай, але нічога цікавага доўга не атрымлівалася. Я глянуў свежым позіркам на шэрыя квадраты і адчуў - дык вось жа яно! Мне падалося, што гэта можа быць хоць і дзіўны, але цікавы падыход да погляду на наш край. І мастацкія кіраўнікі, і польскія аднагрупнікі мяне падтрымалі. Фільм ужо ў распрацоўцы. Спадзяюся, да канца года нешта зраблю.

«Французскі мастак Паўль Кліэ казаў: „Чым больш жахлівы свет, тым больш абстрактнае мастацтва“»

ЖЭС-арт як дыягназ беларускай ментальнасці

Наша беларускае «каб усё было, як у людзей» мае адваротны бок — паказуху, калі нешта робіцца толькі для бачнасці. Замежнікі разглядаюць фота з зафарбаваным шклом завода «Гарызонт» і пытаюцца: «Навошта так зрабілі?» Адказваю: «Каб чыста было». — «Дык праз гэтае шкло зараз нічога не бачна». У гэтым сэнсе ЖЭС-арт — яскравы пераклад знакамітага «ну, вы ж самі ўсё разумееце» на візуальную мову, метафара беларускага быцця.

У нас чысціня заўжды ідзе побач з парадкам. Парадку не бывае без гаспадара і падпарадкавання. Тут як пашанцуе: калі гаспадар не мае ні густу, ні сумлення, то да «апошняй дыктатуры Еўропы» і стабільнасці з пахам балота — адзін крок.

З іншага боку, калі мы марым пра свабоду і дэмакратычныя каштоўнасці, то павінны разумець, што свабода выказвання нават у вандальных формах — гэта таксама нечая свабода. Да прывабнай часткі спажывецкага раю з кавярнямі і таннымі шмоткамі бонусам ідзе сцяна з тэгамі і графіці. Немагчыма з’есці толькі адзін бок гэтага шакаладнага медаля.

Што такое ЖЭС-арт і да чаго ён прывядзе. Гродзенец Максім Швед пра мастацтва цэнзуры


«Больш карысці будзе, калі аднойчы ноччу кожны выйдзе з балонам фарбы і напіша ўсё, што думае»


Беларускія карані супрэматызму

Французскі мастак Паўль Кліэ казаў: «Чым больш жахлівы свет, тым больш абстрактнае мастацтва». Напэўна, спецыфічная атмасфера Беларусі спрыяе развіццю абстракцыянізму.

Апошні фільм Вайды быў прысвечаны выбітнаму польскаму мастаку-авангардысту Стшаміньскаму, які распрацоўваў сваю мастацкую плынь — унізм як развіццё ідэй супрэматызму. Стшаміньскі нарадзіўся ў Менску. Казімір Малевіч, вядомы сваім «Чорным квадратам», нарадзіўся пад Копылем. І нават Марк Ротка нарадзіўся ў Віцебскай губерні, да якой належаў тады Дзвінск.

Што такое ЖЭС-арт і да чаго ён прывядзе. Гродзенец Максім Швед пра мастацтва цэнзуры

Пра «сцяну Шчоткінай»

У параўнанні з суседнімі краінамі, стрыт-арт у Беларусі доўгі час быў даволі кволы. Але Vulica Brasil, Urban Myth ды іншыя праекты шмат каго натхнілі. Гэтай вясной адбыўся выбух сапраўднага нелегальнага стрыт-арту. Пісаць на мурах — гэта, бадай, зараз амаль адзіная магчымасць выказацца так, каб цябе пачулі.

СМІ так згаладаліся па чымсьці жывым, што імгненна падхоплівалі любыя змены на мурах горада. Вядома, трохі шкада, што працы імгненна знікаюць. Аднак у краіне цудаў нават стрыт-арт мае жыццё пасля смерці і ператвараецца ў авангарднае сучаснае мастацтва, здольнае выклікаць шмат пытанняў: хто намаляваў? навошта? што схаваў? а хто такая Шчоткіна? Ад цікаўнасці квадратамі на мурах мы нечакана пераходзім да абмеркавання дармаедаў і абсурдных законаў.

Калі разважаць пра палітыку далей, то падаецца, што нам, партызанам, баставаць супрацьпаказана. Здаецца, больш карысці будзе, калі аднойчы ноччу кожны выйдзе з балонам фарбы і напіша ўсё, што думае. А раніцай ні чысціні, ні парадку, разрыў шаблону — бах! — жывём у іншай краіне.

Прыгажосць гарадскіх ускраін

Звычайна турыстычныя славутасці канцэнтруюцца ў цэнтры горада. ЖЭС-арт — гэта магчымасць з цікаўнасцю павандраваць па спальных раёнах. Не трэба нікуды хадзіць: проста расплюшчвай вочы і глядзі навокал.

«Не трэба нікуды хадзіць: проста расплюшчвай вочы і глядзі навокал»

Большасць людзей не заўважаюць гэты арт, а мне падаецца, гэта файная магчымасць убачыць наваколле з новага пункту гледжання. Я мару, што некалі будуць распрацаваныя турыстычныя маршруты па «мастацтве цэнзуры». Экскурсаводы, паказваючы англічанам ці шведам муры хмарачосаў у Шабанах, распавядуць не толькі пра працы вядомага мастака Малевіча, але і пра невядомага Маляваныча з ЖЭС-88.

Што такое ЖЭС-арт і да чаго ён прывядзе. Гродзенец Максім Швед пра мастацтва цэнзуры