У палітвязня Дзяніса Івашына двойчы забіралі ружанец у гродзенскай турме — нібыта ён мог выклікаць зайздрасць у іншых зняволеных. Бізнэсоўца асудзілі за «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж». Затрыманага за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў туркмена дэпартуюць. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 4 па 10 верасня.

Затрыманне

  • Міліцыя затрымала зваршчыка са Слоніма — за гнеўныя каментары ў Telegram-каналах у дачыненні да службовых асоб, супрацоўнікаў АУС, расійскіх вайскоўцаў, суддзі, які даў яму ў 2020-ы годзе 15 дзён арышту і міліцэйскага, які яго затрымаў.
  • У Гродне затрымалі айцішніка — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і размяшчэнне «метадычак» па здзяйсненні дыверсій і тэрарыстычных актаў, і негатыўныя выказванні ў адрас расійскіх вайскоўцаў. Таксама сілавікі сцвярджаюць, што мужчына адпраўляў інтымныя фота дзяўчынам да 16 гадоў.

Бізнэсоўца асудзілі за «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж»

У Гродзенскім абласным судзе прайшоў суд за «шпіянаж» і «агентурную дзейнасць». Ён адбыўся 10 месяцаў таму, але пра асобу асуджанага «Наша Ніва» даведалася толькі цяпер.

Гаворка ідзе пра 59-гадовага мужчыну, які, хоць і не мае беларускага грамадзянства, але вырас і жыў у Беларусі. Гэта Ботвіч Сяргей Іванавіч — ён валодаў кампаніямі, агульны абарот якіх складаў сотні тысяч долараў, а частка з іх была зарэгістраваная ў ЕС.

Сяргей займаўся бізнэсам у Беларусі, Расіі, Францыі і Літве — у асноўным, гэта быў турызм і аптовы экспарт вугалю з Усходняй Еўропы ў краіны Балтыі і Заходняй Еўропы. Агульны абарот кампаній Ботвіча ў «тлустыя» гады складаў некалькі сотняў тысяч долараў у год. У 2014-м Ботвіч паўдзельнічаў у праекце будаўніцтва завода па вытворчасці драўнянага вугалю пад Свіслаччу. Яшчэ адзін яго буйны праект — купля маёнтка Багудзенкі каля Свіслачы за 30 тысяч долараў.

Вугальны завод так і не пабудаваўся, а на Ботвіча ў чэрвені 2018-га завялі крымінальную справу. Вытворчасць па ім была спыненая згодна з п. 5 ч.1 арт. 246 КПК — хутчэй за ўсё, мужчына выехаў за мяжу. Літоўскія фірмы амаль усе збанкрутавалі, французская і расійская дзейнасці не вядуць. Сядзібу Багудзенкі ў яго забралі і яна дагэтуль безнадзейна прадаецца.

Выглядае, што мужчыну затрымалі пасля 2021 года. Ботвіча абвінавацілі паводле двух артыкулаў - «шпіянаж» і «агентурная дзейнасць». Суд адбыўся ў кастрычніку 2022-га, судзіў яго Гродзенскі абласны суд. Невядомыя як прысуд мужчыне, так і фабула справы, але ён цяпер у калоніі, бо іншыя формы пакарання па гэтых артыкулах не прадугледжаныя.

Сергей Ботвич
Сяргей Ботвіч. Фота: belsmi.by

У гродзенскай турме у Дзяніса Івашына забралі два ружанцы

Пра тое, што некалькі ружанцаў у палітзняволенага Дзяніса Івашына забралі, стала вядома ў жніўні. Аказалася, два ружанцы забралі ў турме № 1 Гродна. Першы забралі падчас ператрусу ў камеры — без тлумачэнняў. Дзяніс паскардзіўся на гэта і запатрабаваў вярнуць яго.

«Пасьля скаргі Дзяніса і патрабаваньня вярнуць яму рэч дзеля малітваў, турэмны псыхоляг няўцямна мармытаў нешта пра тое, што гэтая рэч падобная на чоткі, якімі карыстаюцца бывалыя „зэкі“, што наяўнасьць ружанца ў Дзяніса можа выклікаць… зайздрасьць у іншых вязьняў, што можа справакаваць канфлікты. Цікава, а для чаго тады існуюць розныя псыхолягі ды ахоўнікі ў такіх установах? Выглядае, што пытаньне ё рытарычным, а адгаворкі адміністрацыі Турмы № 1 — сьмешнымі», — напісала жонка палітзняволенага Вольга Івашына.

Ружанец вярнулі сям'і пасля пераводу Дзяніса ў Магілеў. Але Івашын зноў вярнуўся ў СІЗА Гродна, каб пачуць рашэнне Вярхоўнага Суда па яго апеляцыйнай скарзе. Тады канваіры этапу забралі ў яго другі ружанец. Яго не вярнулі нават блізкім. Лёс яго невядомы.

Затрымалі таксіста, які ратаваў пратэстоўцаў ад затрымання. Ён родам з Мастоў

Затрыманага клічуць Віталь Шавураў. Яму 50 гадоў, ён родам з горада Масты Гродзенскай вобласці. З 2011 па 2015 год у мужчыны было ІП і ён займаўся электрамантажнымі працамі. Апошнія гады працуе ў таксі, паведамляе «Наша Ніва».

Фармальнай падставай затрымання мужчыны стала тое, што ён калісьці адмовіўся весці міліцыянта. Праўда, невядома, ці ў палітыцы была справа і калі гэта адбылося. Пасля затрымання губазікаўцы быццам бы адшукалі ў ягоным тэлефоне фота з пратэстаў, на якіх ён удзельнічаў у 2020-м. Таксама мужчына кажа ў відэа, што вывозіў дэманстрантаў на ўласным аўто, каб выратаваць іх ад затрымання сілавікамі.

Паведамляецца, што за гэта — хоць па законе ў гэтым няма ніякага складу злачынства — на мужчыну завялі дзве крымінальныя справы і цяпер мужчына за кратамі.

Виталий Шавуров.
Віталь Шавураў. Фота: «Наша Ніва»
Задержанный туркмен
Задержанный туркмен. Скриншот Hrodna.life

Затрыманага туркмена дэпартуюць з Беларусі

Грамадзяніна Туркменістана Матдурдыева Мейліса пазбавілі віду на жыхарства і прызначылі дэпартацыю і штраф у памеры 900 рублёў, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Матдурдыеў жыве ў Гродне 10 гадоў. Ён скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і працуе бармэнам. Быў затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў ВКонтакте.

Затрыманага Дзяніса Швыркіна адпусцілі

Ён атрымаў штраф за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Дзяніс Швыркін — прадпрымальнік, актывіст, у 2020 годзе ўваходзіў у каманду Віктара Бабарыкі на выбарах, пазней уступіў у ініцыятыўную групу па рэгістрацыі партыі «Вместе».

Задержание Дениса Швыркина в Гродно в Wildberries
Затрыманне Дзяніса Швыркіна ў Гродне ў Wildberries. Скрыншот Hrodna.life

Міхаіла Мекека і Вадзіма Пашчанку з Гродзенскай вобласці прызналі палітвязнямі

Міхаіл Мекека — асуджаны да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за каментары слесар-сантэхнік са Скідзеля. Гродзенскі абласны суд вынес яму прысуд 9 жніўня.

Вадзім Пацэнка — жыхар Свіслачы, зняволены пад варту паводле арт. 289 КК у сувязі з нападам невядомых на баявы самалёт Узброеных Сіл РФ, які базаваўся на вайсковым аэрадроме ў Беларусі.

Telegram-канал прызналі экстрэмісцкім двойчы: папаўненне спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў

Telegram-канал «FRANЦ» і яго лагатып — фота мужчыны на фоне бел-чырвона-белага палотнішча — прызнаў экстрэмісцкай інфармацыяй суд Лідскага раёна 1 верасня. І той жа канал, мяркуючы па спісе, прызналі экстрэмісцкім 4 верасня, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Таксама па рашэнні суда Ленінскага раёна цяпер экстрэмісцкія:

  • YouTube-канал «Кастусь 2.0»,
  • YouTube-канал «Кастусь — ООС»,
  • YouTube-канал «Кастусь»,
  • YouTube-канал «Кастусь 2.0» — надпіс «МЫШЕБРАТЬЯ БЕЛАРУСЬ» на размытым фоне,
  • YouTube-канал «Кастусь — ООС» — надпіс «МЫШЕБРАТЬЯ БЕЛАРУСЬ» на размытым фоне, а таксама фатаграфія аўтара канала, які трымае ў руцэ дрон,
  • YouTube-канал «Кастусь» — надпіс «МЫШЕБРАТЬЯ БЕЛАРУСЬ» на размытым фоне, а таксама фатаграфія аўтара канала, які трымае ў руцэ дрон.

На «Лідахлебапрадукт» і «Лакафарба» прайшлі масавыя затрыманні

6 верасня на прадпрыемствах «Лідахлебапрадукт» і «Лакафарба» адбыліся масавыя затрыманні рабочых за падпіскі і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

На «Лакафарбе» затрымалі шэсць чалавек. 7 верасня іх выпусцілі са штрафамі як мінімум 10 базавых. Яшчэ каля 30 рабочых засталіся пад пытаннем, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

У бізнесмена Паўла Падкарытава адабралі сядзібу ў Падароску

Ваўкавыскі раённы суд па позве Ваўкавыскага аддзела культуры да Паўла Падкарытава 4 верасня скасаваў дамову 2013 году па набыцці маёнтка Падароск. Суд вырашыў скасаваць дамову нібы «з-за невыканання умовы па ўводзе аб’ектаў ў гаспадарчы абарот», расказаў Павел. Суд пачаўся ў жніўні 2023 года.

На каманду распачалі восем крымінальных і 18 адміністрацыйных спраў — пра гэта распавёў былы дырэктар прадпрыемства Андрэй Колас.

Каманда аднаўлення маёнтка ў Падароску
Каманда аднаўлення маёнтка ў Падароску. Фота выклаў Андрэй Колас

Ліквідуюць фонд, які дапамагае залежным ад алкаголю і наркотыкаў

Мясцовы дабрачынны фонд «Анастасіс» ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд. Ён валодае стацыянарам у Слонімскім раёне, у якім дапамагаюць змагацца з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі.

У Гродне ліквідуюць «Хрысціянскую садружнасць дарослых і маладых» — яна працуе па ўсім свеце пад брэндам YMCA

Праз Гродзенскі абласны суд ліквідуюць грамадскую арганізацыю «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» (YMCA). Пасяджэнне пройдзе 18 верасня. Арганізацыя працавала ў розных гарадах Беларусі і займалася развіццём здаровага ладу жыцця.

У Гродне зніклі турыстычныя стэнды пра Элізу Ажэшку. Іх усталявалі за грошы Еўрасаюза

У Гродне прыбралі турыстычныя стэнды пра жыццё Элізы Ажэшкі. Паводле крыніц Hrodna.life, таблічкі прыбралі не на рамонт і назад яны могуць не вярнуцца. Турыстычныя стэнды з інфармацыяй пра Элізу Ажэшку ўсталявалі на вуліцах Гродна летам 2021 года. Іх адкрыццё прымеркавалі да 180-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы.

У Гродне зніклі турыстычныя стэнды пра Элізу Ажэшку. Іх усталявалі за грошы Еўрасаюза
Стэнд з інфармацыяй пра Элізу Ажэшку. Фота: Hrodna.life

Прапагандысты накінуліся на новы мурал у Гродне: няма «савецкага воіна-вызваліцеля»

Мурал, які адкрылі 7 верасня ў цэнтры Гродна, не задаволіў беларускіх прапагандыстаў. На яго абурыўся вядучы тэлеканала СТБ Рыгор Азаронак, Telegram-канал «Жёлтые сливы» і іншыя. Азаронак не задаволены, бо не ўбачыў на мурале «сярэднявечных алігархаў, якія сваё багацце нажывалі на гарбе народа, які сеяў, араў, будаваў». Пра іх казаў Аляксандр Лукашэнка падчас зварота на народу і нацыянальнага сходу.

Мурал на Карла Маркса
Мурал у дворыку на Карла Маркса, 11. Крыніца: Старонка Леаніда Шчаглова ў Instagram

Мае дадзеныя з’явіліся ў канале «Поступи по совести». Што рабіць?

У Гродне ўжо год працуе Telegram-канал «Поступи по совести». У ім публікуюць дадзеныя людзей, скрыншоты іх каментароў і прапануюць прыйсці пакаяцца ў ГУБАЗ. Рэдакцыя Honda.life спытала, што рабіць, калі вашы звесткі там з’явіліся — у адваката і прадстаўнікоў ініцыятыў BYSOL і CyberBeaver. Ёсць інструкцыя як для тых, хто ў Беларусі і будзе вымушаны з’язджаць, так і для тых, хто ў бяспецы і хоча пакараць за распаўсюд сваіх звестак.