У Гродне ўжо год працуе Telegram-канал «Поступи по совести». У ім публікуюць дадзеныя людзей, скрыншоты іх каментароў і прапануюць прыйсці пакаяцца ў ГУБАЗ. Рэдакцыя Honda.life спытала, што рабіць, калі вашы звесткі там з’явіліся — у адваката і прадстаўнікоў ініцыятыў BYSOL і CyberBeaver. Ёсць інструкцыя як для тых, хто ў Беларусі і будзе вымушаны з’язджаць, так і для тых, хто ў бяспецы і хоча пакараць за распаўсюд сваіх звестак.

Змест
  1. Што за канал?
  2. Што рабіць, калі мае дадзеныя размясцілі ў гэтым канале?
  3. Калі можна з’язджаць праз пункт пропуску, а калі - запытваць эвакуацыю?
  4. Як сілавікі атрымліваюць гэтыя звесткі?
  5. Ці ёсць спосаб выдаліць акаўнт ужо пасля выкладвання дадзеных, каб чалавека і яго каментары, іншыя сляды, потым не знайшлі сілавікі?
  6. Калі я ўжо выдаліў акаўнт і стварыў новы, мяне могуць дэананамізаваць?
  7. Што можна зрабіць, каб сілавікі да мяне не дабраліся, калі маіх дадзеных там пакуль няма і не хочацца, каб яны з’явіліся?
  8. Канал ужо некалькі разоў выдаляў Telegram — ці ёсць спосаб папрасіць Telegram забаніць яго «навечна» альбо блакаваць адразу пры спробе стварэння?
  9. Якія яшчэ каналы варта адсочваць, каб разумець, наколькі табой цікавяцца?
  10. Як падрыхтавацца да эміграцыі?
  11. Я за мяжой, не езджу ў Беларусь, мае звесткі з’явіліся ў канале. Ці варта турбавацца?
  12. У рубрыцы «Вдали от родины» беларусам прапануюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў ГУБАЗ пакаяцца. Ці вядомыя вам такія факты?
  13. Як гэта «пакаянне» са спыненнем справы рэгламентуецца законам?

Што за канал?

Telegram-канал пад назвай «Поступи по совести» з’явіўся ў жніўні 2022 года. У ім публікуюць дадзеныя людзей, іх нікнэймы і скрыншоты паведамленняў, хаваючы прозвішча. Людзям прапануюць прыйсці ў ГУБАЗ для прафілактычнай гутаркі і выдаліць усе свае каментары. Стваральнікі канала сцвярджаюць, што пасля гэтага іх адпусцяць.

У каналах сілавікоў перыядычна з’яўляюцца відэа з замыленымі асобамі з людзьмі, якія нібыта прыйшлі пакаяцца пасля размяшчэння інфармацыі пра іх. Ці сапраўды гэта людзі, якія прыйшлі пасля публікацыі, невядома. Як і невядома, ці сапраўды іх потым не пераследвалі. Таксама сілавікі публікуюць відэа з затрыманнямі, адзначаючы, што раней дадзеныя людзей размясцілі ў «Поступи по совести» — маўляў, яны павінны былі ўбачыць інфармацыю і пакаяцца.

силовики
Ілюстрацыя Hrodna.life

Пазней у канале з’явілася рубрыка «Вдали от родины», дзе дэананімізуюць эміграваўшых беларусаў. Ім прапануюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў ГУБАЗ.

Адміністрацыя Telegram ужо выдаляла канал, але сілавікі стваралі яго нанова. Цяпер ёсць два каналы, якія дублююць адзін аднаго, і шэраг фэйкавых, якія стварылі актывісты праваабароны. Там яны прыводзяць свае парады ў выпадку выкліку ў міліцыю. У канале ёсць бот для даносаў: праз яго можна паведаміць пра «нядобрасумленнага» грамадзяніна.

На момант падрыхтоўкі тэксту ў канале выклалі дадзеныя 630 чалавек у Беларусі і больш за 300 — за мяжой.

Што рабіць, калі мае дадзеныя размясцілі ў гэтым канале?

CyberBeaver:

Залежыць ад таго, наколькі карэктна вызначылі вашы дадзеныя. Калі імя ці хаця б тэлефон, які на вас зарэгістраваны, верныя, тады можаце быць упэўнены, што інфармацыя пра вас ужо ёсць у сілавікоў.

Гэта ўжо дрэнны знак, бо прэзумпцыі невінаватасці ў сённяшняй Беларусі няма. Паспрабуйце ацаніць, наколькі небяспечныя для вас паведамленні і каментары, якія вы пакідалі. Для гэтага можаце выкарыстоўваць гэты бот, але ўлічвайце, што ён можа знайсці толькі публічныя паведамленні і каментары. Практыка цяпер такая, што нават за старыя паведамленні, пакінутыя ў чатах «экстрэмісцкіх фармаванняў» могуць прыцягнуць да адказнасці незалежна ад зместу паведамленняў. Калі вы ў Беларусі, магчыма, варта разгледзець варыянты эвакуацыі.

Чытайце таксама: «Нам казалі: „Я падтрымліваю цяперашнюю ўладу“». Як сем «Хранителей» па вечарах ратуюць беларусаў ад крыміналак

Адвакат:

Што з асабістых дадзеных мы бачым? Імя, імя па бацьку, дата нараджэння, нік у Telegram, горад без поўнага адраса і фатаграфія — гэта асабістыя дадзеныя. Што б я зрабіла? Я б заскрыніла публікацыю.

Першае, што трэба зрабіць — рэпортнуць і адправіць скаргу ў Telegram, але гэта павольна працуе. Другое — звярнуцца да кагосьці з праваабарончых арганізацый. Часцей Telegram працуе з актарамі накшталт Беларускага Хельсінкскага Камітэта, Асацыяцыя адвакатаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў. Альбо праз CyberBeaver. Калі гаворка ідзе пра распаўсюд дадзеных, пост Telegram выдаляе. Каб аб гэтай сітуацыі даведваўся Telegram, трэба не толькі рэпорт пісаць, але і каб іншыя актары пра гэта таксама паведамлялі.

Калі вы за мяжой, можна паспрабаваць звярнуцца ў паліцыю або еўрапейскія суды па факце раскрыцця асабістых дадзеных. Калі будзе праведзеная праверка і будзе пастанова дзяржаўнага органа, Telegram будзе прасцей растлумачыць, што гэта парушае заканадаўства Еўрапейскага Саюзу. Хай яны шукаюць, вылічаюць. А раптам паліцыі Польшчы, Літвы ці Германіі Telegram адкажа, каму належыць гэты канал?

Калі чалавек у Беларусі, лепш, каб гэта выдалілі. Але нават калі выдаляць, цябе вылічылі - яны, хутчэй за ўсё, збіраюць інфармацыю. Я б стала баяцца — затрымання, як мінімум. Таму што гэта паказальная гісторыя — яны нешта пра мяне ведаюць. Дапусцім, там каментары, якія носяць з іх пункту гледжання, экстрэмісцкі характар.

Telegram
Ілюстрацыя Hrodna.life

Атрымліваецца, што людзям пагражаюць расправай і вымушаюць прыходзіць і прызнавацца ў тым, чаго яны не здзяйснялі. Таму што ўсё, што яны там спрабуюць вінаваціць, гэта не злачынства, гэта фількіна грамата.

Варта прааналізаваць размешчаную інфармацыю — напрыклад, каментары на скрыншотах. Пакінутыя калісьці спасылкі на 2023 год могуць стаць «экстрэмісцкімі» (арт.19.11 КаАП).

Калі ёсць нейкая наўпроставая абраза супрацоўнікаў, то, хутчэй за ўсё, ёсць рызыка затрымання. Можна нават не разважаць, які тэрмін прыцягнення да адказнасці. У мяне складваецца такое ўражанне, што яны затрымліваюць за тое, за што не затрымалі б раней.

Цяпер гэта — адзін артыкул. Праз паўгода гэта можа быць зусім іншая практыка. Калі да гэтага парэзаныя колы можна было б пад «хуліганку» [арт. 339 КК, да трох гадоў пазбаўлення волі - Hrodna.life] падвесці, то ў нейкі момант гэта стала тэрарызмам [арт.289 КК, да смяротнага пакарання — Hrodna. life].

BYSOL:

Мы гаворым пра канал, мэта якога — кампраметаваць тых людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Першая самая простая рэкамендацыя — гэта выязджаць.

Ёсць варыянт з’ехаць за мяжу адразу і пачакаць нейкіх дзеянняў у дачыненні да сябе.

Да пытання аб наступнай легалізацыі ў еўрапейскіх краінах — часам складаней атрымаць міжнародную абарону, калі на руках няма дакументаў аб пераследзе. Ці варта рызыкаваць сваёй свабодай і чакаць гэтых дакумэнтаў пра пераслед, чакаць першых заведзеных крымінальных спраў, ператрусаў? Таму што хтосьці можа заставацца на волі, а кагосьці забіраюць і не адпускаюць. Я не магу рэкамендаваць людзям заставацца і чакаць гэтых дакументаў пра пераслед. Я рэкамендую адразу з’ехаць.

Безопасность в Telegram (10)
Ілюстрацыя Hrodna.life

Але тады трэба думаць, як легалізавацца. Калі дэмакратычнае грамадства зможа пацвердзіць, што людзей арыштоўваюць, абапіраючыся на дадзеныя ў гэтым канале, то міжнародную абарону вы зможаце атрымаць. Для легалізацыі можна заскрыніць пост у гэтым канале і звязаць яго з людзьмі, якіх пасадзілі з-за падобных пастоў.

Той, хто прывязаны да Беларусі, працы, дому, можа пабыць дома і пачакаць, пакуль да яго прыйдуць сілавікі з першымі пытаннямі. Гэта выпадак тых людзей, якія гатовыя рызыкаваць. Можна пераехаць з адрасу прапіскі або з пастаяннага месца жыхарства і нейкім чынам спрабаваць маніторыць, ці прыходзілі да яго ў госці «мянты». Пытацца ў суседзяў, глядзець відэакамеры, калі яны ёсць. Калі да яго на пастаяннае месца жыхарства прыходзілі сілавікі, то, вядома, ужо трэба з’язджаць. Калі вамі не зацікавіліся, не тэлефанавалі, то можна яшчэ падрыхтоўвацца да выезду.

У BYSOL няма кейсаў і зваротаў па Telegram-канале «Поступи по совести». Людзі рэдка звяртацца за эвакуацыяй у выпадку дэананімізацыі іх дадзеных. Ёсць тыя, хто бачыў свае фота ў кнізе «Я выхожу» (кніга 2021 года, якая ўтрымлівае фота з пратэстаў - пасля яе публікацыі людзей пачалі распазнаваць па фота і затрымліваць) або фільме Мікалая Мамінава «Хроника настоящего». Але людзі не маюць патрэбы ў эвакуацыі - а ў кансультацыі.

Калі можна з’язджаць праз пункт пропуску, а калі - запытваць эвакуацыю?

BYSOL:

Калі патрэбна экстраная эвакуацыя, трэба пісаць запыт у BYSOL. Калі яе варта запытваць:

  • распачалі крымінальную справу, чалавек пад падпіскай аб нявыездзе,
  • выклікалі на допыт,
  • прыйшлі з ператрусам і становіцца зразумела, што ў дачыненні да чалавека будзе следства.

Калі чалавек бачыць, што яго дадзеныя з’явіліся ў канале, і ён разумее, што можа падрыхтавацца да выезду і выехаць, то няхай выязджае спакойна. Нават можна праз беларускую мяжу. Хоць мы не рэкамендуем ездзіць праз беларускую мяжу, лепш — праз Расію.

У выпадку экстранай эвакуацыі чалавек піша на гарачую лінію, яго перанакіруюць на службу эвакуацыі. Адказваем мы, як правіла, дзень у дзень, калі чалавек запоўніў свае дадзеныя правільна і пакінуў кантакты.

Мы не бярэм грошай. У ідэале ў чалавека павінны быць грошы на квіткі, страхоўкі, спадарожныя выдаткі. Часам у нас атрымліваецца знаходзіць грошы ў донараў, якія могуць аплаціць гэтыя выдаткі. Але, як правіла, прыярытэт — гэта былыя «палітзэкі», маці з дзецьмі, сям'і. Таму мы просім людзей па магчымасці забяспечваць свой выезд самім.

помощь BYSOL
Ілюстрацыя Hrodna.life

Адвакат:

Я б спачатку праверыла сябе на сайце МУС. Бываюць такія выпадкі, калі ёсць адзнакі — забарона на выезд, абмежаванні. Было некалькі чалавек, якія праверылі гэта і зразумелі, што ім трэба эвакуявацца іншым спосабам. Адназначна немагчыма ацаніць, ці будзе чалавек у спісе [невыязных — Hrodna.life] ці не. Наколькі гэты Telegram-канал звязаны з тымі, хто складае спіс, я не ведаю.

Калі чалавек свядома вырашае застацца, першае, што трэба зрабіць, гэта:

  • купіць новы тэлефон, каб IMEI не счытваўся,
  • выдаліце Telegram-акаўнт і стварыце новы, які прывязаны да нечага іншага,
  • пачысціце ўсе свае фатаграфіі, архівы, архівы ва ўсіх сацыяльных сетках. Паглядзіце, хто ў вас сябрах у сацыяльных сетках, ці ёсць у іх на аватарках БЧБ або ўкраінскі сцяг. Калі ёсць — выдаліце з сяброў.
  • купіце заспакойлівыя сродкі накшталт валяр’янкі і адаптола,
  • насіце абутак без шнуркоў,
  • майце экстраны чамаданчык з перадачай на выпадак затрыманняў,
  • займайцеся фізкультурай і загартоўваннем.

Усе мае кліенты, трапляючы ў СІЗА, фізічна падцягваюцца. Эдуард Пальчыс — гэта чалавек, які важыў 90 кг. Цяпер ён важыць 58. Ён займаецца фізкультурай, не есць цукар. Калі ты выбіраеш жыць у Беларусі пры ўмове, што цябе апублікавалі ў падобным Telegram-канале, трэба быць гатовым у любы момант фізічна вытрымаць усё тое, праз што цябе могуць прапусціць.

Як сілавікі атрымліваюць гэтыя звесткі?

CyberBeaver:

У Telegram існуе шырокая сетка ботаў і службаў, такіх як «Eye of Beholder», якія скануюць адкрытыя чаты і акаўнты для збору інфармацыі пра карыстальнікаў. Гэтыя дадзеныя могуць быць атрыманы як з адкрытых крыніц, так і праз ўзлом. Акрамя таго, для збору інфармацыі сілавыя структуры выкарыстоўваюць свае ўласныя метады, уключаючы базу дадзеных «Т-Поиск».

Боты і спецыялізаваныя сэрвісы запісваюць імёны, юзернеймы і ID карыстальнікаў, ствараючы табліцы гісторыі актыўнасці. Аўтаматычная праверка тэлефонных нумароў, напрыклад праз спасылкі выгляду t.me/+375 000 000 000, дазваляе звязваць ID акаўнта з канкрэтным нумарам тэлефона, што ў далейшым можа быць выкарыстана для ідэнтыфікацыі карыстальніка. Для такіх баз не важна, выдалены акаўнт ці не — у Telegram можна знайсці ID нават выленага акаўнта, і потым па ID звязаць яго з канкрэтным чалавекам праз раней створаную базу.

Ці ёсць спосаб выдаліць акаўнт ужо пасля выкладвання дадзеных, каб чалавека і яго каментары, іншыя сляды, потым не знайшлі сілавікі?

CyberBeaver:

Так, выдаліць акаўнт усё яшчэ можна праз дадатак або па спасылцы на афіцыйным сайце Telegram. Але амаль напэўна ўсе неабходныя дадзеныя пра вас, уключаючы скрыншоты каментароў, ужо сабраны і захаваны. Вось яшчэ адзін спосаб.

Калі я ўжо выдаліў акаўнт і стварыў новы, мяне могуць дэананамізаваць?

CyberBeaver:

Выдаленне акаўнта моцна зніжае верагоднасць вашай дэананімізацыі, але пры пэўных умовах вас усё яшчэ могуць знайсці. Напрыклад, калі калісьці вы падпісвалі акаўнт уласным імем, трымалі ў запісе адкрытым нумар тэлефона, які на вас зарэгістраваны і т.д. Усе гэтыя дадзеныя маглі быць захаваны раней.

Што можна зрабіць, каб сілавікі да мяне не дабраліся, калі маіх дадзеных там пакуль няма і не хочацца, каб яны з’явіліся?

CyberBeaver:

Ёсць базавы набор налад Telegram, які павышае вашу канфідэнцыяльнасць і бяспеку. Праверце, ці ўсё з іх вы ведаеце і наладзьце свой акаўнт.

Канал ужо некалькі разоў выдаляў Telegram — ці ёсць спосаб папрасіць Telegram забаніць яго «навечна» альбо блакаваць адразу пры спробе стварэння?

CyberBeaver:

Кожны раз канал ствараецца як новы, магчыма, нават з іншых акаўнтаў, таму Telegram наўрад ці стане аўтаматызаваць гэты працэс. Прыйдзецца кожны раз скардзіцца зноўку і чакаць рэакцыі адміністрацыі.

Якія яшчэ каналы варта адсочваць, каб разумець, наколькі табой цікавяцца?

BYSOL:

Паглядзець кнігу «Я выхожу», паглядзець фільм «Хроники настоящего». Адсочваць усякія «Желтые сливы», адсочваць інфармацыю па раёнах, дзе праходзяць «чысткі». Глядзець, каго з тваіх знаёмых затрымалі.

На самай справе гэта заўсёды персанальная гісторыя, заўсёды будуць цікавіцца менавіта табой. Будуць альбо тэлефанаваць табе, альбо тэлефанаваць на працу, альбо хадзіць па суседзях. Калі гэта маленькі горад, напрыклад, ты «засвяціўся» падчас пратэстаў і цябе ведае ўчастковы або пракурор горада ў твар, трэба быць гатовым.

У 80% выпадкаў, калі чалавек падрыхтаваўся, то ў яго будзе паўдня-дзень для таго, каб з’ехаць. Вядома, ёсць 20−30%, калі людзей забіраюць без папярэдніх дзеянняў. Але, як правіла, ёсць нейкія дзеянні, калі чалавек разумее: ну ўсё, ужо пара.

Взлом квартиры
Ілюстрацыя Hrodna.life

У супрацоўнікаў [сілавых органаў - Hrodna.life] вялікія базы і яны рэальна апрацоўваюць тое, што ў іх ляжыць на паліцах. Усе тыя фатаграфіі і відэа, якія яны набралі яшчэ з 2020 года, усё, што яны спампавалі з інтэрнэту. У іх проста ляжаць тэчкі і тэчкі спраў, якія яны не паспяваюць апрацоўваць.

Кагосьці там яны ўзялі, раскруцілі, і той чалавек зліў кучу імёнаў. Гэта не азначае, што за гэтымі імёнамі прыйдуць сёння. За імі могуць прыйсці праз паўгода ці праз год. Што тычыцца маленькіх гарадоў, там ладзяць «дывановыя» зачысткі: проста бяруць тых, хто засвяціўся ў 2020-м, 2021-м і ідуць абшукваць. За дзень праводзяць 30 ператрусаў - і так некалькі дзён.

Як падрыхтавацца да эміграцыі?

BYSOL:

З аднаго боку, маразм рэжыму вялікі і людзей садзяць проста за лайк і эмодзі ў каментарах. Калі там «жорсткія» каментары — варта задумвацца аб эвакуацыі. Калі гэта нешта бяскрыўднае, можна з’язджаць не адразу і пачакаць першых сур’ёзных сігналаў. Але, прынамсі, падрыхтавацца да выезду варта.

  • Зніміце грошы з банкаўскіх рахункаў.
  • Грошы перавядзіце ў еўра, а не ў долары — у некаторых частках Еўропы долары нікому не патрэбныя і няма абменнікаў.
  • Напішыце даверанасці на маёмасць на блізкіх.
  • Вынесіце пашпарт і грошы з дому і пакіньце іх у давераным месцы. Мы не рэкамендуем захоўваць дакументы дома. Лепш захоўваць іх у бацькоў ці сяброў. Там, дзе жывуць людзі без рызыкі пераследаў.
  • Зачысціце гаджэты ад гугл-акаўнтаў, воблачных сэрвісаў, дзе могуць захоўвацца фатаграфіі з пратэстаў.
  • Вывезіце знешнія дыскі.
  • Усе пашпарты павінны быць абноўлены і з чыстымі старонкамі. Калі там занятыя нават тры старонкі - «памыйце» пашпарт у пральнай машыне і абнавіце яго.
  • Усе пасведчанні аб нараджэнні павінны быць абноўлены і ляжаць у даступным месцы.
  • Усе дыпломы аб адукацыі павінны быць у даступным месцы. У ідэале — з перакладам на англійскую мову.
  • Зрабіце дакументы, якія дапамогуць легалізавацца — напрыклад, карту паляка. Не захоўвайце яе дома, таму што яна можа выклікаць дадатковую ўвагу або будзе канфіскаваная.
  • Прыбярыце вопратку, заплечнікі, кепкі, шалікі і акуляры, па якіх вас можна апазнаць з камер назірання.
  • Прэвентыўна падрыхтуйцеся да ператрусаў — вычысціце кватэру ад усяго «незаконнага» і «апазіцыйнага». Не забудзьцеся пра рэчы накшталт лёгкіх наркотыкаў тыпу марыхуаны або патрона часоў афганскай вайны.

Можа быць такое: чалавек пакінуў нейкі бяскрыўдны каментар, ім зацікавіліся, да яго прыйшлі, нічога не знайшлі і сышлі — такое бывае. Але калі нешта знойдуць, то бяскрыўдны каментар ператворыцца ў экстрэмізм, тэрарызм і гэтак далей.

подготовка к эмиграции
Ілюстрацыя Hrodna.life

Я за мяжой, не езджу ў Беларусь, мае звесткі з’явіліся ў канале. Ці варта турбавацца?

CyberBeaver:

Паскардзіцеся на канал праз адміністрацыю Telegram або службу падтрымкі AppStore і GooglePlay. Былі прэцэдэнты, калі Telegram выдаляў аналагічныя каналы, якія размяшчаюць персанальныя дадзеныя людзей без іх згоды. Па дапамогу з такой скаргай можаце звярнуцца ў бот Кібербабра.

Адвакат:

Калі я бачу такі акаўнт, я знясу яго і зраблю новы. І наогул я б на беларускім нумары ніякіх акаўнтаў бы не мела. Можна купіць E-SIM.

BYSOL:

Вельмі малаверагодна, што яго сваякоў будуць «прэсаваць». Мы ведаем пра факты вельмі кропкавай увагі да сваякоў. У 99% выпадкаў у сваякоў проста пытаюцца пра лёс палітычнага рэлаканта. І толькі зрэдку могуць зладзіць ператрус з разгромам кватэры. Калі супрацоўнікі высвятляць, што сваякі таксама ўдзельнічалі ў пратэстах, то іх статус зменіцца.

А самому чалавеку баяцца няма чаго — не паедуць яго вывозіць з-за мяжы.

У рубрыцы «Вдали от родины» беларусам прапануюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў ГУБАЗ пакаяцца. Ці вядомыя вам такія факты?

BYSOL:

Ёсць такія людзі - яны, як правіла, садзяцца. Нам вядомыя адзінкі - да 10, але яны ёсць. Ёсць людзі, якія едуць не каяцца ў рамках праграмы «Вдали от родины», а думаюць, што «праскочаць», але іх саджаюць. Такіх выпадкаў больш — 10−15.

квартира конспиративная
Ілюстрацыя Hrodna.life

Адвакат:

Ведаю пару чалавек, якіх камісію па вяртанні напісалі — яны стаміліся, хочуць дадому.

Як гэта «пакаянне» са спыненнем справы рэгламентуецца законам?

Адвакат:

Справу спыняюць за дзейным раскаяннем. Такое было, калі па «данатам» была гісторыя. Пры дзейным раскаянні можа быць спыненне крымінальнай справы. Але гэта не значыць, што яго не могуць распачаць потым. Чалавек прыйшоў, пакаяўся, яму далі пастанову аб спыненні справы. Я не ведаю выпадкаў, каб чалавека потым затрымлівалі. Пакуль.