Мурал, які адкрылі 7 верасня ў цэнтры Гродна, не задаволіў беларускіх прапагандыстаў. На яго абурыўся вядучы тэлеканала СТБ Рыгор Азаронак, Telegram-канал «Жёлтые сливы» і іншыя.

Мурал на Карла Маркса
Мурал у дворыку на Карла Маркса, 11. Крыніца: Старонка Леаніда Шчаглова ў Instagram

«Дапамажыце мне, тупому, лапатнаму, неаб’ектыўнаму прапагандысту»

Азаронак не задаволены, бо не ўбачыў на мурале «сярэднявечных алігархаў, якія сваё багацце нажывалі на гарбе народа, які сеяў, араў, будаваў». Пра іх казаў Аляксандр Лукашэнка падчас зварота на народу і нацыянальнага сходу.

«Дапамажыце мне, тупому, лапатнаму, неаб’ектыўнаму прапагандысту, знайсці тое, пра што сказаў прэзідэнт, на новым гіганцкім мурале ў Гродне», — напісаў Азаронак. Акрамя гэтага, ён заўважыў, што адкрыццё адбылося напярэдадні 8 верасня — гадавіны Бітвы пад Оршай у 1514 годзе, а таксама наперадзе 17 верасня — гадавіны ўварвання савецкіх войскаў на тэрыторыю Заходняй Беларусі ў 1939 годзе.

За прыклад выяваў былі выкарыстаны гравюры старажытных майстроў. Да іх дадалі віды горада. На выявах можна ўбачыць пажарную каланчу, вуліцу Замкавую, а таксама аленя святога Губерта. Стары замак выявілі ў сучасным выглядзе, а таксама так, як ён выглядаў на гравюры Цюнта.

Ініцыятар стварэння мурала — уласнік прыватнай галерэі халоднай зброі «Арсенал» і былы шматгадовы дырэктар Гродзенскага мясакамбіната Анатоль Грышук. Аўтар мурала — гродзенскі мастак Уладзімір Качан.

«Савецкага воіна-вызваліцеля чамусьці няма»

Telegram-канал «Жёлтые сливы» спытаў у жыхароў Гродна, ці ёсць на мурале «такія старонкі гісторыі горада, як вызваленне беларускага народа, ці вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? Вось паноў бачым, шляхту бачым, „жолнеров“ бачым, а савецкага воіна-вызваліцеля чамусці няма. Альбо гісторыя горада скончылася адразу пасля Сапегаў - Радзівілаў?».

Дзерманту не хапае якасных мастакоў, музыкаў і артыстаў

Праўладны эксперт Аляксей Дзермант выказаў думку, што адказы трэба шукаць у сферы кадраў нашай культуры. Бо «нам не хапае якасных мастакоў, музыкаў, артыстаў, якія могуць выявіць нешта іншае, чым чарговае нізкапаклоннічаць перад польскай шляхтай».

Ён лічыць, што культуры патрэбныя камісары-сэнсавікі, не звязаныя цэхавай кругавой парукай. «Мы рыхтуем дзяцей у вайскова-патрыятычных лагерах і гэта вялікая справа. Але нам такі ж спецназ патрэбен у культуры».