У дворыку на Маркса, 11 напярэдадні Дня горада адкрылі мурал. Ён складаецца з 12 арак, а ў іх адлюстраваны сюжэты, прысвечаныя гісторыі Гродна і паляванню. Плошча мурала — больш за 430 кв.м.

У цэнтры Гродна адкрылі новы гіганцкі мурал
Мурал у дворыку на Карла Маркса, 11. Крыніца: Старонка Леаніда Шчаглова ў Instagram

Адкрыццё прымеркавалі да Дня горада, якое будуць адзначаць 9 верасня. Ініцыятар стварэння мурала — уласнік прыватнай галерэі халоднай зброі «Арсенал» і былы шматгадовы дырэктар Гродзенскага мясакамбіната Анатоль Грышук. Аўтар мурала — гродзенскі мастак Уладзімір Качан.

Чытайце таксама: Халодная зброя, рыцарскія даспехі і сямейныя рэліквіі. Былы дырэктар мясакамбіната адкрыў у Гродне галерэю-музей

На мурале два Старых замкі і алень святога Губерта

За прыклад былі выкарыстаны гравюры старажытных майстроў. Да іх дадалі віды горада. На выявах можна ўбачыць пажарную каланчу, вуліцу Замкавую, а таксама аленя святога Губерта. Стары замак выявілі ў сучасным выглядзе, а таксама так, як ён выглядаў на гравюры Цюнта.

«Гэтую ідэю мы прыдумалі разам з маімі сябрамі, сярод якіх былі творчыя асобы. Спачатку былі думкі паклікаць дзяцей і размаляваць сцяну графіці, але потым вырашылі зрабіць па-іншаму», — сказаў Анатоль Грышук «Вячэрнему Гродна».

Паводле словаў Грышука, са сродкамі на стварэнне мурала дамаглі яго сябры. Сярод іх не толькі гродзенцы. Маўляў, ніхто не адмовіўся паўдзельнічаць у праекце, а «двое пакрыўдзіліся, што ім не прапанавалі».

Не толькі мурал, але і скульптуры

Побач са сцяной высадзяць кветкі і кустарнікі. На клумбе ўсталявалі металічную скульптуру аленя, якую Грышуку падаравалі на 50-годдзе. Таксама ёсць скульптуры каваля, які куе меч і чалядніка, які разагравае ачаг.

Летась да Дня горада таксама адкрывалі мурал

У 2022 годзе да Дня горада адкрылі мурал вышынёй у дзевяць паверхаў. Яго намалявалі на сцяне дома № 29 на бульвары Ленінскага камсамолу. Там таксама выявілі гістарычны сюжэт.