Мясцовы дабрачынны фонд «Анастасіс» ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд. Ён валодае стацыянарам у Слонімскім раёне, у якім дапамагаюць змагацца з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі.

Пасяджэнне аб ліквідацыі мясцовага дабрачыннага фонду пройдзе 22 верасня. Суддзя — Юрый Карэцкі. Ісцец — Клімаш Алег Пятровіч.

«Цэнтр рэабілітацыі залежных ад алкаголю і наркотыкаў «Анастасіс» працуе ў вёсцы Сасноўка Слонімскага раёна за 37 км ад горада. Пад патрэбы фонду ў 2011 годзе Слонімскі райвыканкам перадаў будынак былога інтэрната.

«Анастасіс» — гэта падраздзяленне мясцовага дабрачыннага фонду «Праабражэнне». Яго стварылі ў 2010 годзе па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Гурыя, архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага, намесніка Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Таксама ёсць прадстаўніцтва «Цэнтр дапамогі людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю «Анастасіс Сталіца».

У 2022 годзе фонд «Анастасіс» не праводзіў мерапрыемствы. Грошай на рахунак таксама не паступала.

Як працуе фонд?

У Сасноўцы пастаянна пражываюць і добраахвотна праходзяць праграму аднаўлення да 18 чалавек.

Праца цэнтра заснавана на 12-крокавай праграме Ананімных Алкаголікаў. Чалавек можа выкарыстоўваць праграму як інструмент для свайго далейшага выздараўлення.

Сацыяльная адаптацыя складаецца з двух этапаў. Чалавек сам выбірае тэрмін знаходжання. Ёсць опцыі «ад 30 дзён да трох месяцаў (асноўны этап)» і «да аднаго года і больш (пасля заканчэння асноўнага этапу)».

Ці будзе ён працаваць?

Па тэлефоне журналісту Hrodna.life, які прадставіўся кліентам, паведамілі, што ліквідацыі не плануецца і цэнтр будзе працаваць.

Чытайце таксама: Тусоўкі на «Маставой» — усё? Чытайце, што там забаранілі рабіць вечарам